Апошнім часам у асяроддзі беларускай апазыцыі, асабліва ў эмігранцкай яго частцы, ажыўлена абмяркоўваецца пытаньне неабходнасці або мэтазгоднасьці існаваньня ценявога ўраду за мяжой. Былы палкоўнік Уладзімер Барадач нават абвясціў пра стварэнне аргкамітэту па фармаванні пераходнага ўраду.
Увогуле сам інстытут ценявога ўраду як альтэрнатыва дзейнай уладзе — распаўсюджаная з'ява ў свеце. Прычым не толькі ў дэмакратычных краінах. Мусіць, нядрэнна, каб ён быў створаны і ў Беларусі. Каб стаць рэальным палітычным цэнтрам, ценявы ўрад павінен быць органам аб’яднанай апазіцыі, яе штабам і рупарам. Ён павінен увасабляць сабой ідэю альтэрнатывы, што вельмі важна цяпер для краіны. То бок гэты ўрад павінен прапанаваць праграму рэформаў, шлях выхаду з крызісу, тактыку барацьбы, выступаць з ініцыятывамі, заявамі і інш.
Вось цяпер ЕС прапануе новую праграму для Беларусі — «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі». Не вельмі зразумела, на каго арыентаваны гэты праект. Афіцыйныя ўлады ад яго катэгарычна адмяжоўваюцца, апазіцыя раз'яднаная. Вось каб быў ценявы ўрад, то ён мог бы быць органам, які прапаноўвае гэтую праграму мадэрнізацыі грамадству ад свайго імя. І тады падчас выбараў у абывацеляў не ўзнікала б пытання, якое стала ўжо для Беларусі амаль культавым: а хто замест Лукашэнкі?
Ценявы ўрад мог бы мець сваё прадстаўніцтва і ў замежжы, але знаходзіцца павінен унутры краіны. Гэта прынцыпова. Бо толькі ў такім выпадку ён можа рэальна, а не фармальна выконваць функцыю альтэрнатывы дзейнай уладзе.
У найноўшай гісторыі Беларусі ёсьць досьвед стварэння такога ўраду. У 1991–1994 гадах існаваў ценявы ўрад, створаны Беларускім Народным Фронтам. У другой палове 1990-х гадоў апазыцыя сфармавала Нацыянальны выканаўчы камітэт на чале з Генадзем Карпенкам. Але з розных прычын гэтая структура ня стала моцным апазіцыйным палітычным цэнтрам, яна існавала больш фармальна, на паперы. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 году нешта падобнае спрабавала стварыць партыя БХД, але гэта хутчэй была піяр-акцыя, рабілася яна не ўсур’ёз.
Ценявыя ўрады ў замежжы ствараюцца толькі тады, калі ў краіне існуе жорсткая дыктатура, і ўсе легальныя сродкі палітычнай барацьбы ўнутры краіны вычарпаныя. У Беларусі гэтага пакуль няма. Апазіцыйныя партыі існуюць афіцыйна, маюць свае офісы, могуць удзельнічаць у выбарчых кампаніях, ладзіць агітацыю і інш.
Таму сэнс стварэння эмігранцкага ценявога ўраду незразумелы. Тэарэтычна разважаючы, такая структура магла б быць сфармаваная дзеля каардынацыі і акумуляцыі міжнароднай дапамогі беларускай дэмакратыі, каб быць у сталым кантакце з кіраўніцтвам ЕС, ЗША. Але гэтую функцыю такі ценявы ўрад можа выканаць толькі пры ўмове, што ўнутраная апазіцыя прызнае яго сваім прадстаўніком у замежжы. Без гэтай умовы незразумела, каго гэты орган можа прадстаўляць. Самога сябе? Дык такіх структур можна паўтвараць два дзясяткі. Амаль у кожнай еўрапейскай краіне, дзе ёсць беларускія палітэмігранты. Сэнсу ў гэтым няшмат.
Уладзімер Барадач элегантна абмінуў гэтую ўмову. Ён заявіў, што ўся апазіцыя кантралюецца КДБ. І адною гэтай фразай выкрасліў сотні людзей, якія шмат гадоў вядуць змаганне ў вельмі неспрыяльных умовах.
Яшчэ цікава тое, што Уладзімер Барадач плануе стварыць свой урад з афіцэраў, супрацоўнікаў сілавых структур. Акалічнасць даволі дзіўная. Урад з вайскоўцаў у свеце звычайна называюць ваеннай хунтай. Апазіцыйная хунта ў эміграцыі — такой экзотыкі свет яшчэ не бачыў.
Існуе думка, што беларускі ўрад у выгнанні ўжо існуе — гэта Рада БНР. Але справа ў тым, што гэтая структура ня можа лічыцца ценявым урадам апазіцыі ў класічным разуменні гэтага паняцця. І нават не таму, што апазіцыя яго не выбірала, не прызначала. Ценявы ўрад паводле свайго статусу павінен прапаноўваць свой варыянт развязання праблемаў, якія стаяць перад краінай, мець праграму, якую ён збіраецца рэалізаваць у выпадку прыходу да ўлады, выступаць з канкрэтнымі ініцыятывамі па розных эканамічных, сацыяльных, знешнепалітычных пытаннях.
У Рады БНР іншая функцыя. Гэта гістарычны сімвал. Яна выконвае ролю маральнага аўтарытэту, легітымнасць якога сягае ў гісторыю. Рада БНР спрабуе выкарыстаць гэты аўтарытэт дзеля таго, каб уплываць на ратаванне суверэнітэту тады, калі бачыць пагрозу незалежнаму існаванню Беларусі. Шырэйшую функцыю яна сама на сябе браць не хоча. І, магчыма, мае рацыю.
Увогуле ўсе гэтыя гульні вакол ценявога ўраду ў замежжы — ад бяссілля, безвыніковасці, няздольнасці зрабіць нешта рэальнае.
Апазыцыйная хунта ў эміграцыі
няд, 2012-05-20 19:40
Радыё Свабода