Сэрыя канцэртаў "Больш ні гуку" скажа "НЕ!" хатняму гвалту мовай музыкі

Сэрыя канцэртаў супраць хатняга гвалту «Больш ні гуку!» пройдзе ў абласных цэнтрох Беларусі. Канцэрты адбудуцца ў рамках Інфармацыйнай кампаніі супраць хатняга гвалту, якую ладзіць Прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Кампанія ў Беларусі зьяўляецца часткай глабальнай ініцыятывы ААН, якая праводзіцца адначасова ў розных краінах свету: 16 актыўных дзён, з 25 лістапада па 10 снежня, прысвечаных барацьбе супраць гвалту ў дачыненні да жанчын.

Ідэя правядзеньня канцэртаў супраць гвалту палягае ў тым, каб казаць аб сур'ёзных праблемах на мове музыкі і драйва. Гэта і зробяць папулярныя беларускія выканаўцы — Дзядзя Ваня, «КлЁндайк», The Toobes, Open Space і іншыя, — выканаўшы для моладзевай аўдыторыі свае лепшыя хіты.

Раўналежна з музычным складнікам на канцэртох будзе прысутнічаць і інфармацыйны: вядучыя — папулярныя дыджэі радыё «ОНТ», — і самі музыкі будуць размаўляць з гледачамі аб тэме акцыі, а ахвотныя змогуць узяць удзел у тэматычных міні-конкурсох (напрыклад, на ўменне распазнаваць праявы хатняга гвалту і выходзіць з складаных сытуацыяў ва ўзаемаадносінах). Маладым людзям распавядуць пра тое, дзе можна атрымаць прафэсыйную дапамогу ў выпадку, калі яны апынуліся ў сытуацыі хатняга гвалту.

У Беларусі заплянавана правядзеньне шасьці імпрэзаў — па адным канцэрце ў кожным абласным цэнтры краіны.

26 лістапада — Менск, ГЦ «Сталіца»; удзельнічаюць: Дзядзя Ваня, гурты «КлЁндайк» і The Toobes;
27 лістапада — Віцебск, клюб «Зебра»; удзельнічаюць гурты Open Space, [un]EQUAL, E55;
3 сьнежня — Гародня, клюб «Парламент»; удзельнічаюць гурты «КлЁндайк», S’n’D, «Твой горад»;
4 сьнежня — Берасьце, удзельнічае гурт Open Space і берасьцейскі гурт Smoking Barrels;
10 сьнежня — Гомель, клюб «Немо», удзельнічаюць гурты «КлЁндайк», ATOM’s, WIND;
11 сьнежня — Магілеў, клюб «Метро», удзельнічаюць гурты Open Space, BEZ.NOT, «Эйхельстрат».

«Хатні гвалт — даволі закрытая і «няёмкая» для абмеркаваньня тэма, у тым ліку і ў моладзевым асяродку. Нашая кампанія — гэта спроба завязаць гутарку, падштурхнуць моладзь да адкрытага абмеркаваньня гэтых няпростых пытаньняў. А беларускія выканаўцы, якія адгукнуліся на нашу ідэю, дапамогуць весьці дыялёг на самай зразумелай мове — мове музыкі і асабістага стаўленьня да закранутай праблемы. Мы ўпэўненыя, што канцэрты, якія пройдуць у рамках кампаніі «Больш ні гуку», сапраўды змогуць паўплываць на тое, каб хатні гвалт зьнік з жыцьця сёньняшняга маладога пакаленьня», — адзначае Тацяна Гаплічнік, каардынатарка праграмаў Фонду ААН у галіне народанасельніцтва.

Ні адзін з шасьці канцэртаў ня будзе дакладным паўторам папярэдняга: яны будуць адрозьнівацца адзін ад аднаго па складзе выканаўцаў. Акрамя таго, арганізатары будуць імкнуцца прыцягнуць да ўдзелу ў акцыі мясцовыя калектывы ў кожным з гарадоў.

Канцэрты «Больш ні гуку!» зьяўляюцца бясплатнымі — прычым ня толькі для гледачоў. Усе музыкі пагадзіліся далучыцца да гэтага праекту на бязвыплатнай аснове.

«Мы ўжо ня ў першы раз бярэм удзел у падобных імпрэзах, таму што лічым, што музыка здольная ня проста дарыць станоўчыя эмоцыі, але і выступаць сродкам дасягненьня высокіх мэтаў. Сэрыя канцэртаў «Больш ні гуку!» — яркае таму пацьверджаньне. Калі маладыя людзі, прыйшоўшы на гэтыя канцэрты, правільна ўспрымуць асноўную ідэю, тады нешта ў гэтым сьвеце, магчыма, зьменіцца да лепшага. Напрыклад, зьявіцца пакаленьне, для якога хатні гвалт будзе ўспрымацца як штосьці недапушчальнае»,— адзначае Дзядзя Ваня – вядомы беларускі музыка Іван Вабішчэвіч.

Правядзеньню канцэртаў будуць папярэднічаць спэктаклі ад актораў тэатра «Eye», якія пройдуць у навучальных установах адпаведных гарадоў. Іх сюжэт будзе беспасярэдне датычыцца праблемы сямейнага гвалту. Спэктаклі будуць праходзіць у форме форум-тэатра: гледачы будуць ня проста назіраць за падзеямі на сцэне, але таксама змогуць стаць яго актыўнымі ўдзельнікамі — напрыклад, прымерыць на сябе ролю галоўнай гераіні, яе бацькі або сяброўкі і паўплываць сваімі паводзінамі на фінал падзеяў. Актыўнае ўцягваньне ў сытуацыю, хай сабе і на гульнявым узроўні, будзе спрыяць глыбейшаму ўспрыманьню праблемы хатняга гвалту маладымі людзьмі.

Даведкавая інфармацыя:

Падрабязнасьці аб будучых канцэртох і спэктаклёх можна даведацца ў сетцы Інтэрнэт па адрасох:
http://un.by
http://ostanovinasilie.org/

Інфармацыйныя партнэры сэрыі канцэртаў – радыёстанцыі «Радыё ОНТ» і «Радыё-Віцебск», газэты «Комсомольская правда в Беларуси», «Знамя Юности» і «Витебский проспект», Інтэрнэт-парталы www.tut.by, www.relax.by, www.semeistvo.by, www.avtobaby.info i www.rebenok.by.

Да ведама:

Інфармацыйная кампанія супраць хатняга гвалту

Інфармацыйная кампанія супраць хатняга гвалту праводзіцца ў Рэспубліцы Беларусь пяты год запар з 25 лістапада па 10 сьнежня пад эгідай Прадстаўніцтва ААН, супольнымі намаганьнямі чальцоў Тэматычнай групы ААН па пытаньнях гендэра: Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) – каардынатар групы і кампаніі, Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЭФ), Прадстаўніцтва Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па пытаньнях уцекачоў у Беларусі (УВКУ), Дэпартамэнта грамадзкай інфармацыі ААН (ДГІ ААН), Праграмы разьвіцьця ААН (ПРААН), Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ), Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь (МАМ). Партнэрам інфармацыйнай кампаніі зьяўляецца дзеючае ў сфэры прафіляктыкі гвалту ў сям'і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Сытуацыя хатняга гвалту ў Рэспубліцы Беларусь

Па выніках нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў 2008 году Цэнтрам сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, 4 з 5 жанчын Беларусі ў веку з 18 да 60 гадоў церпяць псыхалягічны гвалт у сям'і. Кожная чацьвёртая (з рознай часьцінёй) – фізычны гвалт. 22,4% жанчын церпяць эканамічны і 13,1% - сэксуальны гвалт з боку свайго мужа або сталага партнэра. 22,1% рэспандэнтаў-мужчын прызналіся, што прынамсі  аднойчы цярпелі фізычны гвалт з боку жонкі або сталай партнэркі. 12,5% цярпелі фізычны, а 5,7% - сэксуальны гвалт. Тыя або іншыя формы псыхалягічнага гвалту ў рознай ступені церпяць па выніках апытаньня 79,7% мужчын.

Па вынікох дасьледаваньня, праведзенага пры садзейнічаньні ЮНІСЕФ, у сытуацыі негвалтоўнасьці выхоўваецца толькі крыху больш за палову дзяцей, астатнія, у той або іншай ступені, пакутуюць ад праяваў гвалту і брутальнага абыходжаньня з боку бацькоў. Можна выказаць здагадку, што бацькі многіх дзяцей проста ня ўмеюць негвалтоўна ўзаемадзейнічаць зь дзіцём. Гэта сьведчыць аб тым, што прыкладна кожны дзясяты бацька ці маці разьлічвае пры выхаваньні дзіцяці не на свой аўтарытэт, і не на сілу перакананьня або настаўленьня, а выкарыстоўвае пагрозы, запалохваньне і фізычныя пакараньні дзяцей. Дзяўчынкі зьяўляюцца «мішэньню» агрэсіі ў сям'і, а хлопчыкі – ў асяродку сяброў і аднагодкаў на вуліцы. Пік фізычнага гвалту ў сям'і прыходзіцца на век 12–14 гадоў. Бацькам часьцяком не стае вытрымкі, такту, настойлівасьці і псыхалягічнай культуры для рэалізацыі негвалтоўнай мадэлі паводзінаў.

Па дадатковую інфармацыю зьвяртайцеся, калі ласка, да Вольгі Беларусавай, спэцыяліста па сувязях з грамадзкасьцю Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі па тэл.: (8017) 227-45-27, 227-48-76, (8029) 178-67-00 і эл.пошта: belorusova@unfpa.org

Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi