ЕЭК ААН прадстаўляе публiкацыю «Агляд інавацыйнай дзейнасці Беларусі»

На чацвёртай сесіі Групы спецыялістаў ЕЭК ААН па палітыцы інавацый і канкурэнтаздольнасці ў Жэневе (12–13 мая 2011 года) была прадстаўлена публікацыя ЕЭК ААН «Агляд інавацыйнай дзейнасці Беларусі», якая толькі што выйшла з друку.

Паслуга заснаванага на непасрэдным удзеле палітычнага кансультавання, якая лягла ў аснову гэтай публікацыі, была аказаная групай міжнародных экспертаў і экспертаў сакратарыяту ЕЭК ААН у цесным супрацоўніцтве з нацыянальнымі ўладамі і мясцовымі экспертамі па запыце з боку Ўрада Рэспублікі Беларусь. Галоўныя вынікі гэтага праекта, уключаючы яго папярэднія высновы і рэкамендацыі, былі абмеркаваныя падчас паседжанняў асноўнага сегмента 5–й сесіі Камітэта па эканамічным супрацоўніцтве і інтэграцыі (Жэнева, 1 – 3 снежня 2010 года). 64–я сесія ЕЭК ААН (29 – 31 сакавіка 2011 года) падтрымала правядзенне Аглядаў інавацыйнай дзейнасці ў рамках мандата Камітэта па эканамічным супрацоўніцтве і інтэграцыі.

«Агляд інавацыйнай дзейнасці Беларусі» ўтрымлівае комплекс рэкамендацый і палітычных прапаноў па стымуляванні інавацыйнай актыўнасці ў краіне, нарошчванні яе  інавацыйнага патэнцыяла і паляпшэнні агульнай выніковасці нацыянальнай інавацыйнай сістэмы. Блізкае супрацоўніцтва з нацыянальнымі ўладамі і іншымі беларускімі экспертамі цягам усяго праекта дапамагло выявіць пытанні, практычна важныя для асобаў, адказных за вызначэнне палітыкі, а таксама забяспечыць адпаведнасць высноваў і рэкамендацый Агляду нацыянальным умовам. Сп. Міхаіл Хвастоў, Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Прадстаўніцтве Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Жэневе, падкрэсліў актуальнасць гэтага праекта і тую важнасць, якую надаюць інавацыйнай палітыцы беларускія ўлады.

Сп. Антоніюс Брук, Рэзідэнт–каардынатар Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Беларусі, падкрэсліў значнасць гэтай ініцыятывы ды выказаў надзею, што «рэкамендацыі і высновы гэтага даклада будуць хутка ператвораныя ў праграму рэформаў ды атрымаюць падтрымку многіх партнёраў». Ён дадаў, што пытанні інавацый і мадэрнізацыі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі новай Рамкавай праграмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па аказанні дапамогі ў мэтах развіцця, якую нядаўна падпісалі агенцтвы ААН і Ўрад Беларусі.

Ажыццяўленне гэтага праекта стала магчымым дзякуючы шчодраму фінансаваму ўнёску Еўразійскага банка развіцця. Прадстаўніцтва Праграмы развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Беларусі аказала лагістычную падтрымку і ўзяла ўдзел у асноўнай працы.

Попыт з боку дзяржаў–членаў ЕЭК ААН з пераходнай эканомікай на кансультацыйныя паслугі, звязаныя з інавацыямі і ростам, заснаваным на ведах, расце. Пасля завяршэння пілотнага праекту ў Беларусі пачалася ўжо падрыхтоўка Агляду інавацыйнай дзейнасці Казахстана. Папярэднія высновы і рэкамендацыі гэтага новага Агляду будуць абмяркоўвацца на шостай сесіі Камітэта па эканамічным супрацоўніцтве і інтэграцыі (30 лістапада – 2 снежня 2011 года).

Каб атрымаць далейшую інфармацыю, калі ласка, скантактуйцеся з:
Хасэ Паласін (José Palacín)
Аддзел эканамічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі ЕЭК ААН
UNECE Economic Cooperation and Integration Division
Palais des Nations, Office 449
CH–1211 Geneva 10, Switzerland

Тэлефон: +41 (0)22 917 1643
Факс: +41 (0)22 917 0178
Эл.пошта: jose.palacin@unece.org

Электронная версія агляду тут.

Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi