Выбары на Беларусі прайшлі з сур’ёзнымі парушэннямі, злоўжываннем уладай і абмежаваннем асноўных свабод

Мінск, 20 сакавіка 2006 г.

“Прэзідэнцкія выбары 19 сакавіка на Беларусі не адпавядалі патрабаванням АБСЕ дачынна дэмакратычных выбараў, нягледзячы на тое, што фармальна выбаршчыкі атрымалі магчымасць абіраць аднаго з 4 кандыдатаў.

Злоўжыванні ўладай і шматлікія затрыманні з’яўляюцца доказамі ігнаравання ўладамі асноўных правоў і свабод, а менавіта: свабоды сходаў і выражэння, што спарадзіла сумневы наконт жадання беларускіх улад паважаць палітычную канкурэнцыю”, –  адзначае місія АБСЕ па назіранні за выбарамі ў распаўсюджанай сёння заяве.

За працэсам галасавання і падлікам бюлетэней сачыла больш за 500 міжнародных назіральнікаў з 38 краін свету, якія ўвайшлі ў склад місіі БДІПЧ АБСЕ і Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. 

“Беларускі народ заслугоўвае лепшай долі. Смелыя спробы апазіцыйных кандыдатаў прапанаваць насельніцтву рэальны выбар блакаваліся дзеяннямі афіцыйных улад”, – зазначыў прэзідэнт Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Элсі Хастынгс, прызначаны каардынатарам па кароткатэрміновым назіранні.     

“Сам факт наяўнасці выбараў не азначае дэмакратыі, выбары з’яўляюцца стрыжнем дэмакратычнага працэсу. Дэмакратыя – гэта бесперапынны эвалюцыйны працэс і падпісаўшыся пад Заключным актам у Хельсінкі, мы нясем адказнасць за яе дасягненне і ўдасканаленне ў кожнай з 55 краін-удзельніц дагавора.  

Старшыня доўгатэрміновай місіі АБСЕ пры БДІПЧ/АБСЕ амбасадар Герт Арэнс дадаў: “Больш за ўсё мне хацелася б даць станоўчую ацэнку выбарам, за якімі мы назіралі, але, на жаль, у часе выбараў было зафіксавана вельмі шмат сур’ёзных парушэнняў міжнародных дэмакратычных стандартаў.  

Было вельмі сумна назіраць за пагаршэннем сітуацыі напрыканцы выбарчай кампаніі, і таму пазітыўная ацэнкам выбараў цалкам немагчыма. Мне шкада, але мы павінны кіравацца правіламі, ухваленымі ўсімі краінамі-ўдзельніцамі АБСЕ”.

“Заявы спецслужб пра намер апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці захапіць уладу сілай і прыраўнанне іх да тэрарыстаў дадало напружаннасці ў агуьную атмасферу страху і небяспекі. Сітуацыя стала яшчэ больш вострай пасля таго, як услед за заявамі пачаліся пераследы і арышты палітычных і грамадскіх актывістаў.

Апазіцыйныя кандыдаты мелі цяжкасці ў данясенні свайго паслання да выбаршчыкаў, у той час калі пазіцыю дзеючага прэзідэнта асвятлялі паўсюль і толькі ў станоўчым ракурсе. На супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама студэнтаў аказвалі ціск з тым, каб яны не бралі ўдзел у кампаніях апазіцыйных кандыдатаў і галасавалі за Лукашэнку.

Пазітыўным з’яўляецца тое, што кандыдатам было дадзена па 2 гадзіны бясплатнага тэле-і радыё-эфіра, праўда, часткова цэнзураванага. Дзень галасавання прайшоў спакойна, але шмат ў якіх выпадках члены ўчастковых выбарчых камісій адмаўляліся даваць назіральнікам інфармацыю пра ход галасавання.

Падлік галасоў выклікаў найбольшаую колькасць заўваг, у многіх выпадках назіральнікі далі яму негатыўную ацэнку. Былі выпадкі, калі вынікі ўпісваліся алоўкам і большасці назіральнікаў не давалі падысці на дастаткова блізкую адлегласць да месцаў падліку галасоў, каб былі бачныя адзнакі ў бюлетэнях.

Больш за 30 % выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова. Недастатковы ўзровень бяспекі для захоўвання урн для галасавання павялічыў магчымасць фальсіфікацый. Місія атрымала таксама шэраг паведамленняў, у якіх сцвярджаецца, што кіраўнікі прадпрыемстваў аказвалі ціск на сваіх супрацоўнікаў, каб тыя прагаласавалі датэрмінова.

На вялікі жаль, васьмі назіральнікам БДІПЧ і дзевятнаццаці парламентарыям АБСЕ было адмоўлена ў візах на ўезд, што перашкодзіла ім удзельнічаць у працы Місіі”.

osce.org