Судовыя працэсы ў Беларусі паказалі неабходнасць правядзення істотных рэформаў судовай сістэмы, заявіў кіраўнік інстытута АБСЕ

ODIHR Director Ambassador Janez Lenarčič. Warsaw, 17 May 2011. (OSCE/Piotr Markowski)Пераклад: ОДБ

Судовыя працэсы, якія праходзілі ў Беларусі ў дачыненні да спраў аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, паказалі неабходнасць правядзення істотных рэформаў беларускай судовай сістэмы. Пра гэта 10 лістапада паведаміў кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Пасол Янэз Лянарчыч, калі прадстаўляў даклад аб выніках назіранняў за судовымі працэсамі.

З сакавіка па ліпень 2011 года эксперты БДІПЧ прысутнічалі на 12 судовых працэсах па справе аб масавых беспарадках у ноч Прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У якасці абвінавачаных праходзіў 41 чалавек, у тым ліку пяць экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

"Наш маніторынг выявіў шэраг істотных праблем у дачыненні да стандартаў справядлівага суда", заявіў Лянарчыч. "Гэтыя праблемы паказваюць на сістэмныя недахопы ў беларускім правасуддзі, якія неабходна выпраўляць".

Пры гэтым Лянарчыч падкрэсліў, што БДІПЧ гатова супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі па ліквідацыі згаданных праблем, і выказаў надзею на тое, што ўсе уключаныя ў даклад рэкамендацыі будуць "сур'ёзна разгледжаны" беларускім бокам.

У 114-старонкавым дакладзе гаворыцца аб ўсеагульным умяшанні выканаўчай улады  ў справы, якія датычацца кампетэнцыі ўлады судовай, а таксама аб праяўленні залішне цесных адносін паміж пракурорамі і суддзямі, што прывяло да прызнання ўсіх без выключэння падсудных у назіраных судовых працэсах вінаватымі.

У экспертаў таксама паўсталі сур'ёзныя асцярогі адносна захавання права на прэзумпцыю невінаватасці. Акрамя таго, суды адмаўляліся прыняць да ўвагі інфармацыю аб тым, што паказанні на следстве даваліся пад ціскам, запалохваннем і, магчыма, катаваннямі. Спробы абароны выключыць са справы паказанні, атрыманыя прымусова, былі праігнараваныя або адпрэчаны судом.

Суддзі абапіраліся на пісьмовыя паказанні, дадзеныя падчас дасудовага следства, замест вуснага допыту ў ходзе судовага паседжання, што ў шматлікіх выпадках пазбаўляла падсудных і абарону права на допыт сведак.

Беларускія ўлады спрабавалі забяспечыць адкрытыя судовыя працэсы з доступам на іх усіх жадаючых, але ў той жа час былі адзначаны факты нядопуску некаторых назіральнікаў ад НДА, у тым ліку на вынясенне прысуду, што супярэчыць стандартам адкрытага судовага паседжання.

Права на абарону было выканана ў пэўнай меры: усім абвінавачваным былі прадастаўлены адвакаты, аднак ажыццяўленню гэтага права перашкодзіла тое, што некаторыя юрысты ў далейшым былі пазбаўлены ліцэнзій. Акрамя таго, шэраг адвакатаў доўгі час не маглі сустрэцца са сваімі падабароннымі, якія ўтрымліваліся ў следчым ізалятары КДБ.

У дакладзе ўтрымліваюцца 33 дэталёвыя рэкамендацыі па ліквідацыі вышэйзгаданых праблем.

osce.org