БДІПЧ дае рэкамендацыі па паляпшэнні выбарчага працэсу ў Беларусі

Registering to receive ballots at a polling station in Minsk during the 19 March 2006 presidential election in Belarus. (OSCE/Urdur Gunnarsdottir) Варшава, 7 ліпеня 2006 г.

Офіс АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека  – БДІПЧ  –  падрыхтаваў больш за 50 рэкамендацый, выкананне якіх неабходна для таго, каб выбарчая працэдура ў Беларусі адпавядала стандартам АБСЕ.

Рэкамендацыі складаюць частку заключнага даклада БДІПЧ па прэзідэнцкіх выбарах сакавіка 2006 г. Даклад вытрыманы ў тоне папярэдніх заяў, апублікаваных 20 сакавіка, у якіх арганізацыя прыйшла да высновы, што выбары ў Беларусі былі сур’ёзна скампраметаваны фактамі слоўжывання ўладай і абмежаваннямі асноўных правоў чалавека.

Рэкамендацыі закранаюць заканадаўчыя рамкі, правілы галасавання, працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў, рэгістрацыю выбаршчыкаў, правядзенне і фінансаванне выбарчых кампаній, дзейнасць СМІ, працэдуру падачы скаргаў і зваротаў, падлік галасоў і падвядзенне вынікаў, а таксама назіранне за выбарамі.

У справаздачы падкрэсліваецца, што для ўвасаблення рэкамендацый на практыцы неабходна адпаведная палітычная воля.
“Гэта патрабуе абсалютнай адданасці ідэі палітычнага плюралізму, уключаючы павагу да асноўных грамадзянскіх правоў, такіх як свабода выражэння, асацыяцый і сходаў у поўнай адпаведнасці з пунктам 6 Капенгагенскага дакумента АБСЕ, падпісанага ў 1990 г.”

Аўтары справаздачы прыйшлі да высновы, што праведзеныя ў нядаўнім часе ў Беларусі прэзідэнцкія выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам АБСЕ, асабліва пунктам 5.4, 7.3, 7.4, 7.6, 7.7, 7.8, 10.1 і10.3 Капенгагенскага дакумента, часткова або цалкам.

Дакумент прадугледжвае:

                – дакладны падзел паміж дзяржавай і палітычнымі партыямі;

– гарантуе дарослым грамадзянам усеагульнае і роўнае выбарчае права;

– патрабуе, каб галасаванне праводзілася таемна альбо ўжывалася раўнацэнная працэдура вольнага галасавання і каб падлік галасоў і паведамленні пра яго былі сумленнымі, а афіцыйныя вынікі публікаваліся;

– паважае права асобных людзей і груп асобаў ствараць ва ўмовах поўнай свабоды свае палітычныя партыі або іншыя палітычныя арганізацыі і дае палітычным партыям і арганізацыям неабходныя юрыдычныя гарантыі, што дазваляюць ім спаборнічаць паміж сабой на аснове роўнасці перад законам і органамі ўлады;

– патрабуе каб закон і дзяржаўная палітыка дапускалі правядзенне палітычных кампаній у атмасферы свабоды і сумленнасці, дзе ніякія адміністратыўныя дзеянні, гвалт або запалохванні не ўтрымалі б партыі і кандыдатаў ад свабоднага выкладання сваіх думак і ацэнак, а таксама не перашкаджалі б выбаршчыкам знаёміцца з імі і абмяркоўваць іх ды галасаваць свабодна, не баючыся пакарання;

– патрабуе, каб не ўсталёўвалася ніякіх юрыдычных ці адміністратыўных бар’ераў для бесперашкоднага доступу да сродкаў масавай інфармацыі на не дыскрымінацыйнай аснове для ўсіх палітычных груповак і асобных людзей, якія жадаюць узяць удзел у выбарчым працэсе;  

– паважае права кожнага самастойна або разам з іншымі свабодна запытваць, атрымліваць і перадаваць  меркаванні і інфармацыю па правах чалавека і асноўных свабодах, уключаючы права распаўсюджваць і публікаваць такія меркаванні і інфармацыю;

– прадугледжвае, каб асобным людзям было дазволена ажыццяўляць права на асацыяцыю, уключаючы права ствараць, далучаць і эфектыўна ўдзельнічаць у дзейнасці няўрадавых арганізацый, якія імкнуцца абараняць правы чалавека і асноўныя свабоды, улучаючы прафсаюзы і групы па назіранні за выкананнем правоў чалавека;

БДІПЧ/АБСЕ падрыхтавана да таго, каб падтрымаць высілкі Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на правядзенне выбараў у адпаведнасці з патрабаваннямі АБСЕ і міжнароднымі стандартамі.

osce.org