25 сакавіка 2006 г., Гдыня (Польшча) – заява па выбарах у Беларусі, ухваленая Пастаянным Камітэтам

Прэзідэнт Парламенцкай Асамблеі НАТА П’ер Лелюш і сябры Пастаяннага Камітэту ў часе сустрэчы ў польскім горадзе Гдыня прынялі дэкларацыю, якая строга асуджае недапушчальны характар правядзення выбараў у Беларусі. Поўны тэкст заявы глядзіце ніжэй.

ЗАЯВА па БЕЛАРУСІ

Прапанаваная Прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА сп. П’ерам Лелюшам і ўхвалена Пастаянным Камітэтам на сустрэчы ў Гдыні (Польшча) 25 сакавіка 2006 г.

Прэзідэнт і сябры Пастаянага Камітэта ПА НАТА (*) строга асуджаюць характар правядзення Прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Выбарчы працэс адзначаны рэзкім павелічэннем выпадкаў парушэння правоў чалавека і ўжываннем гвалту супраць апазіцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў, уключаючы шматлікія арышты, жорсткае абыходжанне, збіццё, а таксама закрыццё незалежных выданняў і агрэсія ў дачыненні недзяржаўных арганізацый. Як вынікае з дакладаў міжнародных місій па назіранні, у тым ліку і Місіі ПА АБСЕ, выбарчы працэс у Беларусі не адпавядаў міжнародным стандартам і нормам, якія афіцыйны Мінск фармальна ўзяўся выконваць. Такім чынам, абранне Аляксандра Лукашэнкі на пост Прэзідэнта з’яўляецца незаконным.  

Пастаянны Камітэт ПА НАТА рашуча асуджае дзеянні беларускай адміністрацыі, міліцыі і спецыяльных службаў у дачыненні да грамадзян, якія супрацьстаяць рэжыму, і заклікае беларускія ўлады паважаць еўраатлантычныя дэмакратычныя стандарты, якія яны абавязаліся выконваць, далучыўшыся да праграмы “Партнёрства дзеля міру”, гэтак сама як і стандарты АБСЕ.

Пастаянны Камітэт ПА НАТА падтрымлівае патрабаванне правесці новыя свабодныя і дэмакратычныя выбары.

Пастаянны Камітэт ПА НАТА адзінадушна вітае прапанову Еўразвязу і Злучаных Штатаў увесці новыя санкцыі супраць беларускага ўрада.

Парламенцкая Асамблея НАТА заклікае краіны-ўдзельніцы НАТА і ўсе краіны-партнёры разгледзець магчымасць ужывання пры неабходнасці строгіх асабістых санкцый і забароны на ўезд для тых, хто актыўна падтрымлівае рэжым, каб прадэманстраваць беларускім уладам сваю глыбокую заклапочанасць сітуацыяй.

Парламентарыі НАТА таксама заклікаюць Расію далучыцца да міжнароднай супольнасці і асудзіць недэмакратычная паводзіны беларускага кіраўніцтва, стварыўшы ціск на Лукашэнку з тым, каб ён адкрыў краіну для рэформ.

Пастаянны Камітэт ПА НАТА заклікае арганізацыю НАТА і краіны-партёраў актыўна падтрымліваць дэмакратычныя сілы і спрыяць развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

(*) Пастаянны Камітэт з’яўляецца кіруючым органам ПА НАТА і складаецца са старшынь дэлегацый краін, Прэзідэнта, Віцэ-прэзідэнтаў, скарбніка і Генеральнага Сакратара. ПА НАТА незалежная ад НАТА арганізацыя.

nato-pa.int