Заключэнні Савета ЕС па замежных справах адносна Беларусі

3101-е пасяджэнне Савета ЕС па замежных справах

Люксембург, 20 чэрвеня 2011 года

Савет прыняў наступныя высновы:

1. Спасылаючыся на свае высновы ад 31 студзеня 2011 года, заявы Высокага прадстаўніка Эштан пра сітуацыю ў Беларусі ад 18 лютага, 12 красавіка і 14 і 26 траўня, а таксама дэкларацыю Высокага прадстаўніка ад імя ЕС ад 18 сакавіка 2011 года, ЕС выказвае глыбокую занепакоенасць з нагоды пагаршэння сітуацыі з захаваннем правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона ў Беларусі.

2. ЕС рашуча асуджае затрыманні, судовыя працэсы і вынясенне прысудаў па палітычных матывах у дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і палітычнай апазіцыі, у тым ліку былых кандыдатаў у прэзідэнты Някляева, Рымашэўскага, Саннікава, Статкевіча і Уса пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. ЕС паўтарае свой заклік да неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных. Ён падкрэслівае сваю глыбокую заклапочанасць у сувязі з паведамленнямі аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання ў беларускіх турмах і настойліва заклікае ўлады паважаць міжнародныя абавязацельствы, што ўзяла на сябе Беларусь, у прыватнасці, поўную забарону на прымяненне катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання.

3. ЕС выказвае шкадаванне ў сувязі з тым, што сітуацыя ў сферы свабоды СМІ ў Беларусі па-ранейшаму пагаршаецца, у тым ліку ў сувязі з пазовамі, пададзенымі Міністэрствам інфармацыі, каб закрыць дзве найважнейшыя незалежныя беларускія газеты "Нашу Ніву" і "Народную Волю", судом над журналістам Пачобутам і адкліканай ліцэнзіяй радыёстанцыі "Аўтарадыё". Ён заклікае Беларусь спыніць палітычны матываваны пераслед і ціск, якія працягваюцца ў дачыненні да прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і тых, хто іх абараняе.

4. Савет настойліва заклікае Беларусь паважаць міжнародна прызнаныя дыпламатычныя імунітэты і прывілеі дыпламатычных прадстаўніцтваў ЕС і іх супрацоўнікаў у Мінску і спыніць пераслед і запалохванне, якія працягваюцца.

5. ЕС па-ранейшаму будзе звяртацца да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку ў рамках міжнародных форумаў, такіх як Савет па правах чалавека ААН і АБСЕ. Савет вітае паспяховае прыняцце рэзалюцыі аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі на 17-й сесіі Савета па правах чалавека ААН і заклікае Беларусь поўнасцю выконваць яго палажэнні. ЕС зноў выказвае сваё шкадаванне ў сувязі з адсутнасцю супрацоўніцтва з боку Беларусі ў рамках Маскоўскага механізма АБСЕ і з заклапочанасцю адзначае высновы справаздачы дакладчыка АБСЕ пра выкананне Беларуссю сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЕ ў сферы чалавечага вымярэння.

6. У сувязі з апошнімі падзеямі Савет прыняў рашэнне распаўсюдзіць на дадатковых асоб меры па абмежаванні на паездкі і замарожванні актываў. Акрамя таго, Савет прыняў рашэнне аб увядзенні эмбарга ў дачыненні да Беларусі на зброю і матэрыялы, якія могуць быць выкарыстаныя для рэпрэсій унутры краіны. Ён таксама прыняў рашэнне аб замарожванні актываў трох кампаній, звязаных з рэжымам.

7. Савет пагадзіўся, што распаўсюд дзейнасці Еўрапейскага інвестыцыйнага банка на Беларусь павінны адбыцца толькі пры ўмове і тады, калі ЕС здолее даць дастаткова станоўчую ацэнку сітуацыі ў галіне правоў чалавека і вяршэнства закона. Савет вітае вынікі нядаўняга абнаўлення стратэгіі ўзаемадзення з краінай Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, паводле якой ЕБРР перанакіруе дапамогу ад беларускіх цэнтральных уладаў на карысць недзяржаўных і мясцовых актараў, што ажыццяўляюць праекты ў сферах, якія прыносяць карысць народу ў цэлым. Савет выказвае надзею на тое, што ў Беларусі адновяцца ўмовы, якія дазволіляць краіне ў поўнай меры карыстацца перавагамі падтрымкі з боку ЕІБ і ЕБРР.

8. ЕС пацвярджае сваю цвёрдую прыхільнасць умацаванню супрацоўніцтва з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. Ён вітае тое, што стратэгія дапамогі Беларусі з боку ЕС была перагледжаная ў мэтах далейшага ўмацавання падтрымкі грамадзянскай супольнасці і тое, што рэалізацыя пакета адмысловай дапамогі ЕС дасягае сваёй поўнай хуткасці, у прыватнасці, у сферы прадастаўлення падтрымкі рэпрэсаваным асобам, няўрадавым арганізацыям, сродкам масавай інфармацыі ды студэнтам. Каардынацыя дзейнасці донараў будзе працягвацца з мэтай павышэння эфектыўнасці дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці ў бліжэйшыя гады.

9. Нагадваючы аб важным значэнні, якое ён надае кантактам паміж людзьмі на карысць беларускага народа ў цэлым, Савет станоўча ацэньвае працу, якая працягваецца і якая скіраваная на поўнае выкарыстанне магчымасцяў, што існуюць у рамках Візавага кодэкса, у прыватнасці, магчымасцяў для краін-членаў адмяняць і зніжаць плату за візы для асобных катэгорый грамадзян. Па той жа прычыне Савет таксама вітае афіцыйнае запрашэнне Беларусі ад Камісіі, каб пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі на падставе дырэктыў аб перамовах, прынятых Саветам 28 лютага, і заклікае беларускія ўлады да канструктыўнага ўдзелу.

10. ЕС будзе працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі. ЕС зноў заяўляе аб сваёй прыхільнасці палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння, у тым ліку праз дыялог і Усходняе партнёрства, і нагадвае, што развіццё двухбаковых адносін знаходзіцца ў залежнасці ад прагрэсу ў захаванні Беларуссю прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека. У той жа час і ў залежнасці ад далейшага развіцця падзей ЕС гатовы разглядаць пытанне аб далейшых мэтавых мерах ва ўсіх галінах супрацоўніцтва па меры неабходнасці.

eeas.europa.eu