Камісар Беніта Ферэра-Вальднэр наведвае Беларусь, каб падтрымаць наступныя крокі па дэмакратызацыі – паведамляецца пра дапамогу

Image 20571

22 чэрвеня Камісар ЕС па знешніх сувязях і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднэр прыедзе з афіцыйным візітам у Беларусь. Падчас свайго візіта яна сустрэнецца з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, Міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Галоўнымі тэмамі для абмеркавання будуць сітуацыя ў Беларусі і напрамкі, па якіх могуць развівацца адносіны між Беларуссю і ЕС, калі ўлады прымуць далейшыя пазітыўныя меры ў дачыненні да дэмакратычных свабод, правоў чалавека, павагі незалежных СМІ. "Усходняе партнёрства" і перспектыва актыўнага ўцягнення ў яго Беларусі, асабліва на шматбаковай аснове, таксама будуць фігураваць у позве дня. Падчас свайго візіта ў Мінск, камісар Ферэра-Вальднэр таксама абвесціць пра выдзяленне €10 млн на паляпшэнне бяспекі і якасці прадуктаў харчавання ў Беларусі.

Перад ад’ездам у Мінск камісар Ферэра-Вальднэр падкрэсліла: "Беларусь зрабіла крокі ў правільным накірунку, і мы прызналі гэта, менавіта запрасіўшы Беларусь да ўдзелу ва Ўсходнім партнёрстве. Гэта важны крок наперад у нашых адносінах. Аднак, каб нашыя стасункі пашыраліся, мы павінны бачыць далейшыя рухі па развіццю дэмакратычных свабод, напрыклад магчымасці для грамадзянскай супольнасці працаваць і сустракацца без страху зазнаць уціск ці арышт, а таксама дазвол для мясцовых і замежных журналістаў рабіць іх працу свабодна і распаўсюджваць прадукт сваёй працы без абмежаванняў. Калі мы ўбачым пераканаўчы прагрэс такога кшталту, ЕС будзе мець шмат чаго прапанаваць Беларусі ў розных галінах, якія прадстаўляюць узаемную зацікаўленасць. Далейшыя нашы стасункі будуць залежыць ад таго, які выбар зробіць Беларусь."

Яна дадала: "ЕС гатовы падтрымаць Беларусь у розных сферах, таму мне прыемна, што мы можам выдаткаваць €10 млн падтрымкі на паляпшэнне бяспекі і якасці прадуктаў харчавання ў Беларусі. Гэта добры прыклад супрацоўніцтва, якое можа развівацца і далей, калі Беларусь абярэ правільны шлях. Пашырэнне адносін між намі прынясе безумоўную карысць беларускім грамадзянам."

Звесткі пра стасункі між ЕС і Беларуссю

У кастрычніку 2008 г. ЕС прыпыніў на шэсць месяцаў дзеянне візавых санкцый супраць пэўных беларускіх грамадзян, а ў сакавіку прадоўжыў гэты тэрмін да канца 2009 г.

27 студзеня 2009 г. адбылася другая сустрэча міністра замежных спраў Беларусі і Тройкі ЕС. Гэта сустрэча стварыла нагоду для падвядзення вынікаў працэсаў у Беларусі і вызначэння таго, як далей ЕС будзе працаваць з Беларуссю, калі будзе назірацца прагрэс у пэўных палітычных сферах, у прыватнасці па пытаннях свабоды СМІ, умоў для няўрадавых арганізацый, свабоды сходаў, супрацоўніцтва з АБСЕ/БДІПЧ па паляпшэнню назірання за выбарамі і канец зняволенням за палітычную дзейнасць. Усходняе партнёрства прапануе Беларусі магчымасць працаваць з ЕС па-новаму. Беларусь бярэ ўдзел ў шматбаковым вымярэнні "Усходняга партнёрства" на тых жа ўмовах, што і астатнія ўдзельнікі і ўжо прыняла ўдзел у першых шматбаковых сустрэчах па пытаннях дэмакратыі, належнага дзяржаўнага кіравання і стабільнасці; стасунках між людзьмі і энергетычнай бяспекі.

Што тычыцца двухбаковых адносін між ЕС і Беларуссю, зараз ідзе дыялог між Еўрапейскай Камісіяй і беларускімі ўладамі па тэхнічных пытаннях у такіх галінах, як энергетыка, ахова навакольнага асяроддзя, сельская гаспадарка, мытня, транспарт, а таксама нормы і стандарты. Працягваюцца спробы ўсталяваць эканамічны дыялог.

Звесткі пра падтрымку

Штогадовая праграма дзеянняў гэтага года сканцэнтраваная на паляпшэнні бяспекі і якасці прадуктаў харчавання ў Беларусі. У Беларусі бяспека прадуктаў харчавання з'яўляецца вельмі далікатнай тэмай, бо ў выніку Чарнобыльскай катастрофы больш за 23 % тэрыторыі краіны застаюцца забруджанымі да гэтага часу. Праграма скіраваная на ажыццяўленне паступовага ўпарадкавання сістэмы інфраструктуры якасці з адпаведнай у ЕС, а таксама з міжнароднай нарматыўнай і адміністратыўнай практыкай.

Дапамога, напрыклад, будзе скіраваная на ўзмацненне прафесійных арганізацый і гандлёва-прамысловых таварыстваў і падтрымку ў стварэнні сістэмы кантролю беларускага рынку. У дадатак, мэтай праграмы з'яўляецца падтрымка грамадскага руху за абарону правоў спажыўца.

З агульнай сумы ў €10 млн на падтрымку інфраструктуры бяспекі/ якасці прадуктаў харчавання прызначаныя €8,5 млн і €1,5 млн у цэлым выдаткаваныя на паляпшэнне здольнасцяў беларускіх устаноў выканаць Штогадовую праграму дзеянняў Еўрапейскага інструмента партнёрства і добрасуседства. Па гэтай праграме мінулага года выдаткаванне склала €5млн.

Далейшая інфармацыя:

- Па стасунках між ЕС і Беларуссю:

http://ec.europa.eu/external_relations/belarus/index_en.htm

- Па дапамозе ЕС Беларусі:

http://ec.europa.eu/europeaid/where/neighbourhood/country-cooperation/belarus/belarus_en.htm

- Па Усходнім Партнёрстве:

http://ec.europa.eu/external_relations/eastern/index_en.htm

Кантакт:

Крысціянэ Хоман (Christiane Hohmann) +32 2 29 91196

Аня Фідлер (Anja Fiedler) + 32 2 29 80385

Прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Беларусі