Палітычны камітэт ПАРЕ заклікае ўзнавіць гасцявы статус для Беларусі

Страсбург, 26.05.2009. Сёння раніцай на сустрэчы камітэта па палітычных пытаннях Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), што праходзіць у Парыжы, сябры Камітэта адзінагалосна выказаліся за аднаўленне статусу адмыслова запрошанага для беларускага парламента, які быў прыпынены ў 1997 г. Гэта прапануецца зрабіць дзеля таго, каб “уцягнуць беларускія ўлады ў палітычны дыялог” з адначасовай “падтрымкай дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці”.

Асамблея мае прыняць рашэнне па пытанні аднаўлення статусу ў часе летняй пленарнай сесіі ў Страсбургу (22-26 чэрвеня).

Палітычны камітэт адзначае, што беларускія ўлады апошнім часам рабілі крокі ў правільным накірунку, асабліва гэта датычыць вызвалення палітычных вязняў, рэгістрацыі Руху “За свабоду!”, допуску 2-х зарэгістраваных незалежных выданняў да сістэмы дзяржаўнага распаўсюджання і стварэння кансультатыўнай рады з улучэннем ў яе склад прадстаўнікоў грамадскага сектару.   

Згодна дакладу Андрэа Рыгоні (ALDE, Італія), многія пытанні па-ранейшаму выклікаюць заклапочанасць. У справаздачы прыгадваецца выбарчае заканадаўства, складаная сітуацыя з ажыццяўленнем палітычных правоў і свабодай СМІ. Дакладчык нагадвае, што ў Беларусі да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне. 

Улічваючы гэтыя абставіны, палітычны камітэт мяркуе, што ў выпадку аднаўлення статусу адмыслова запрошанай для Беларусі неабходна будзе ажыццяўляць маніторынг сітуацыі, каб мець магчымасць ацаніць, ці рухаецца краіна да стандартаў Рады Еўропы “істотнымі і незваротнымі крокамі”.

Рэспубліка Беларусь атрымала статус адмыслова запрошанай у 1992 г. , але праз адсутнасць прагрэсу ў галіне дэмакратызацыі, пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека і вяршэнствам закону гэты статус прыпынілі ў 1997, а ў наступным годзе была пакінутая без разгляду заяўка Беларусі на далучэнне да ПАРЕ.

assembly.coe.int