Магчымасці ўстойлівага партнёрства НДА, дзяржаўных і міжнародных інстытутаў

У Мінску на семінары "Шляхі пабудовы эфектыўнага партнёрства для дасягнення агульных мэтаў", арганізаванага Крэатыўна-інавацыйным цэнтрам Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі (Беларусь) для прадстаўнікоў грамадскіх і міжнародных арганізацый у Беларусі, дзяржаўных устаноў і студэнтаў, ОДБ Брусель зладзіў трэнінг па праектным менеджменце "Ад праблем - да ідэй". Удзельнікі абмеркавалі выкарыстанне міжсектарнага супрацоўніцтва для вырашэння праблем мясцовых супольнасцей.

Ганна Бараноўская, кансультант праграмы "Дом узаемаразумення"

 

У прыватнасці, удзельнікі семінару распавялі пра ўласны досвед паспяховага партнёрства ў грамадскім сектары.

Зміцер Субцэльны

На думку генеральнага сакратара Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Зміцера Субцэльнага, сёння эфектыўна вырашаць праблемы на мясцовым альбо нацыянальным узроўні магчыма галоўным чынам у трохбаковым супрацоўніцтве: грамадскіх арганізацый, якія прапануюць інавацыйныя рашэнні і могуць быць валанцёрамі; дзяржаўных устаноў і інстытутаў, якія маюць пэўныя адміністратыўныя рэсурсы; міжнародных арганізацый, якія часта выдаткоўваюць фінансавыя рэсурсы дзяржаўным і недзяржаўным арганізацыям, дзеляцца сучасным досведам і аказваюць экспертную дапамогу. Узаемны інтарэс вызначае арганізацыю партнёрства, - адзначыў Субцэльны і ў якасці прыклада прывёў праект "Мара", які быў рэалізаваны Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) сумесна з установамі адукацыі і аховы здароўя і скіраваны на доступ падлеткаў да спецыялізаваных паслуг па ВІЧ-тэставанні. Слоган Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА "Магчымасці для ўсіх" сёння аб'ядноўвае праекты і праграмы па беларускіх і міжнародных валанцёрскіх і лінгвістычных летніках, моладзевых абменах і трэнінгах у Беларусі і краінах Еўрасаюзу, - усе яны ладзяцца асацыяцыяй сумесна з міжнароднымі і беларускімі партнёрамі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы менеджэр праграм Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Наталля Жак адзначыла, што ў межах праектаў па прадухіленні міграцыі і гандлю людзьмі ў рэспубліцы з 2005 года створана і дзейнічае сетка партнёрскіх грамадскіх арганізацый. З дапамогай МАМ (IOM) ў 2007 годзе на базе Акадэміі МУС Беларусі створаны і  эфектыўна працуе Міжнародны адукацыйны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і супрацьдзеяння гандлю людзьмі.

Прадстаўнікі студэнцкай рады самакіравання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, заснаванай у жніўні 2015 года, распавялі, што ўласнымі сіламі ўпершыню зладзілі праграму міжнароднага абмену для студэнтаў свайго ўніверсітэта - удзельнічаць у ёй будуць 45 студэнтаў ужо ў красавіку 2016 года. Па словах Іллі Лісуна, адказнага за сектар міжнароднага супрацоўніцтва ў студэнцкай радзе БДУІР, зараз яны самастойна знаходзяць партнёраў сярод IT-кампаній для трэнінгаў па эканоміцы і сумесных праектаў. Да прыкладу, студэнцкі орган самакіравання супрацоўнічае з папулярным у Брытаніі беларускім старт-апам Kino-mo, пры падтрымцы Рады Еўропы студэнты далучыліся да моладзевай кампаніі No Hate.

Дар'я Мілько (злева), Ілля Лісун (справа) - Студэнцкая рада БДУІР (Мінск)

 

Падчас трэнінгу "Ад праблем - да ідэй" кансультант праграмы "Дом узаемаразумення" Ганна Бараноўская распавяла пра методыку распрацоўкі праектаў у партнёрстве з грамадскімі і дзяржаўнымі мясцовымі і міжнароднымі  арганізацыямі.

У семінары "Шляхі пабудовы эфектыўнага партнёрства для дасягнення агульных мэтаў" удзельнічалі прадстаўнікі грамадскай арганізацыі "Горад без наркотыкаў", міжнароднай грамадскай арганізацыі "Дзеці не дзеля гвалту", Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і іншых устаноў.

Глядзець фота.

ОДБ