Павышэнне якасці праектных заявак - у фокусе праекта «Дом узаемаразумення»

http://eurobelarus.info/themes/site_themes/eb/images/logo.pngЗ 25 па 27 лютага 2012 года ў рамках праграмы Еўрапейскага Саюза «Дом узаемаразумення», якая ажыццяўляецца «Офісам за дэмакратычную Беларусь» (Брусель, Бельгія) у партнёрстве з міжнародным кансорцыумам «ЕЎРАБЕЛАРУСЬ» пры падтрымцы міжнародных арганізацый «Пакт» і «Форум Сюд», адбыўся другі трэнінг па падрыхтоўцы беларускіх кансультантаў ў галіне распрацоўкі праектных заявак.

Дадзеная ініцыятыва накіравана на паляпшэнне каардынацыі і камунікацыі беларускіх грамадскіх арганізацый з еўрапейскімі і міжнароднымі агенцыямі для паляпшэння падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, ініцыятыва прадугледжвае дапамогу беларускім грамадскім арганізацыям у падрыхтоўцы больш якасных і паспяховых праектных заявак, якія могуць быць разгледжаны і прафінансаваны структурамі Еўрапейскага Саюза, а таксама садзейнічанне ў правядзенні кансультацый для абмеркавання рэальных патрэбаў і прыярытэтаў іх развіцця і дзейнасці.

Удзельнікі трэнінгу, 6 кандыдатаў у кансультанты, на працягу трох дзён актыўна засвойвалі метады і тэхналогіі інтэрактыўнай працы з аўдыторыяй, простага данясення неабходнай інфармацыі па еўрапейскіх праграмах і інструментах падтрымкі да слухачоў, а таксама эфектыўных прэзентацый і выступаў. Трэнінгі суправаджаліся абмеркаваннямі ў малых групах і актыўным узаемадзеяннем з трэнерамі. Па выніках трэнінгу яго ўдзельнікі атрымалі новае хатняе заданне, якое заклікана дапамагчы ім даваць змястоўныя кансультацыі беларускім арганізацыям грамадзянскай супольнасці наконт падрыхтоўкі заявак на адпаведныя конкурсы праектаў ЕС для Беларусі.

Мяркуецца, што агулам ў рамках праграмы «Дом узаемаразумення» павінны быць арганізаваны 3 трэнінгі для кансультантаў. Папярэдне адабраныя на конкурснай аснове і падрыхтаваныя на працягу згаданых трэнінгаў, 6 кандыдатаў у кансультанты пройдуць стажыроўку па ўзаемадзеянні з беларускімі грамадскімі арганізацыямі на мерапрыемствах ініцыятывы ў рэгіёнах, а таксама ўдасканаляць свае практычныя навыкі ў ходзе стажыроўкі ў Кіеве. Затым, пасля канчатковага конкурснага адбору, кансультанты будуць здольныя аказаць экспертную падтрымку беларускім арганізацыям грамадзянскай супольнасці ў падрыхтоўцы якасных праектных заявак, маніторынгу за рэалізацыяй праектаў і арганізацыі праектнай справаздачнасці. Варта асабліва адзначыць, што кансультацыі беларускім грамадскім арганізацыям падчас рэалізацыі ініцыятывы «Дом узаемаразумення», а гэта папярэдне да ліпеня 2013 года, будуць праводзіцца экспертамі бясплатна.

Канкрэтныя пытанні і прапановы па кансультацыйнай падтрымкі ў рамках праграмы «Дом узаемаразумення» можна накіроўваць непасрэдна па электроннай пошце ў каардынацыйную групу ініцыятывы (chp@democraticbelarus.eu).

ОДБ