Галоўнае - навучыць людзей, якія займаюцца сацыяльным прадпрымальніцтвам, камерцыйнаму мысленню

Хочаце дапамагаць людзям праз удзел у сацыяльных праектах і пры гэтым зарабляць грошы на вядзенне гэтых праектаў? Вам у сацыяльныя прадпрымальнікі. На выходных прайшоў стартавы трэнінг праграмы навучання сацыяльнаму прадпрымальніцтву Biz4all, а таксама прэзентацыя ідэй сацыяльнага бізнесу.

Biz4all - першая ў Беларусі бясплатная, спецыяльна адаптаваная праграма навучання сацыяльнаму прадпрымальніцтву. Мэта праекта - стварыць міжнародную праграму па навучанні сацыяльнаму прадпрымальніцтву з выкарыстаннем досведу дыяспары беларускага замежжа. Праграма праекта прадугледжвае некалькі модуляў і блокаў, адзін з якіх - дзевяцімесячная праграма афлайн- і анлайн-навучання для беларускіх сацыяльных прадпрымальнікаў, якія хочуць стварыць свой карысны бізнес.

Агулам было атрымана 206 заявак, удзел узяло каля 600 чалавек. На сустрэчу другога этапу сабралася каля 62 каманд (гэта больш за 100 чалавек), аўтараў самых розных сацыяльных праектаў.

Клубы для пенсіянераў, кавярня, у якой будуць працаваць людзі з інваліднасцю, стварэнне інтэрнэт-пляцоўкі з гісторыямі сем’яў, сацыялізацыя людзей - былых зняволеных, бясплатны пракат велапрыставак для інвалідаў-вазочнікаў, стварэнне рэгіянальнага прадпрыемства па вытворчасці яблычнага сыру, паслугі па дызайнерскім упрыгожанні пад’ездаў, арганізацыя кросаў для сем’яў з дзецьмі - інвалідамі-вазочнікамі - гэта толькі маленькі адсотак ідэяў, прадстаўленых на семінары.

Каманды змагаліся за наступны этап праграмы - магчымасць удзелу ў спецыяльнай школе. У выніку ўсе яны былі прызнаныя вартымі працягваць навучанне. Найлепшымі былі названыя праекты па наладжванні продажу звязаных бабулямі шкарпэтак, а таксама прадпрыемства па пошуку пажылых людзей на пенсіі - "бабуляў на гадзіну" для дзяцей, якім патрэбныя нянькі.

Журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі "ОДБ Брусель", talaka.by, Social Weekend, EPAM Systems, TNU Network University i інш., ацэньвалі сацыяльную і маркетынгавую вартасць праектаў.

Таксама трэба адзначыць, што 24 прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія жывуць і працуюць за мяжой, маюць заходнюю адукацыю і працуюць у бізнесе, пагадзіліся быць ментарамі для камандаў. "Вельмі важная не толькі адукацыя, але і ментарская падтрымка ад людзей, якія нечага дамагліся ў бізнесе. Ментарскай падтрымкі заўсёды не хапае, і наша праграма яе прапануе", - адзначыла Алёна Ліс, старэйшы праграмны менеджэр "ОДБ Брусель" (Бельгія).

"Мая місія - развіваць сацыяльнае прадпрымальніцтва ў Беларусі. Калі я сюды прыехала, я пабачыла шмат добрых людзей з добрымі ідэямі, якія не ведалі, як з імі працаваць, - пракаментавала свой унёсак у ажыццяўленне праекта Маша Чаракова, кансультант "ОДБ Брусель" па пытаннях сацыяльнага прадпрымальніцтва, укладальніца праграмы Biz4all, аўтарка "Гэта Беларусь, дзетка!". - Я чатыры гады таму распачала SocStarter - пры дапамозе гэтай праграмы мы навучалі каля 60 сацыяльных прадпрымальнікаў, сярод іх былі самыя розныя людзі - эколагі, прадстаўнікі арганізацый людзей з інваліднасцю і інш. І я зразумела, што трэба рабіць праект больш маштабным, бо ёсць вялікі запыт. Але самае галоўнае - навучыць людзей, якія хочуць займацца сацыяльным прадпрымальніцтвам, камерцыйнаму мысленню".

Герд Юнэ, прафесар, старшыня Фонду TNU Network University (Амстэрдам, Нідэрланды), сябар журы Biz4all, распавёў, што прадстаўленыя беларускія праекты сацыяльнага бізнесу крыху адрозніваюцца ад нідэрландскіх: "У вас шмат ідэяў, накіраваных на дапамогу старым людзям, у маёй жа краіне дзяржава стабільна падтрымлівае гэтую частку насельніцтва, таму праекты такога кшталту не вельмі патрэбныя. Увогуле, усё залежыць ад таго, як дзяржава арганізоўвае сацыяльную сферу, якія лакуны пакідаюцца для грамадскіх арганізацый".

Марселін Брэдвельд, міжнародная трэнерка, кансультантка па развіцці стартапаў (Утрэхт, Нідэрланды), крыху распавяла пра свой удзел у праграме: "Мая галоўная задача - перавесці ідэі людзей, якія хочуць займацца сацыяльным прадпрымальніцтвам, у сферу бізнесу, каб яны разумелі, як далей развіваць іх праекты. Для гэтага я праводзіла розныя воркшопы, напрыклад, "marshmallow challenge" - перад удзельнікамі ставілася задача пабудаваць устойлівую вежу са спагеці, нітак і стужак, а на вяршыню пакласці маршмэлаў, усё за 20 хвілін. Звычайна ўдзельнікі шмат размаўляюць, у іх застаецца мала часу на вежу. Да ўсяго, калі яны кладуць на самы верх маршмэлаў - вежа рассыпаецца. Яны не думаюць адразу, што маршмэлаў - цяжкі, а спагеці крохкія. Таму вельмі важна тэставаць ідэю на рынку і толькі пасля брацца за нешта новае, пасля зноў тэставаць і г.д. У Нідэрландах мы маем рашэнні розных сацыяльных праблемаў, трэба толькі іх адаптаваць да сітуацыі ў вашай краіне".

Biz4all - праграма, якую арганізуе "ОДБ Брусель" (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды), міжнароднага грамадскага аб’яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", а таксама Беларускага моладзевага грамадскага аб’яднання "Новыя твары".

Аўтар: Аляксандра Дварэцкая. Фота: Алена Казлова.

Budzma.by