Белсат. Вясёлы гід па беларускай рэчаіснасці: "Гэта Беларусь, дзетка!"

Мы любім бульбу і рэдка ўсміхаемся, а вада ў душы можа стаць халоднаю ў любы момант. «Гэта Беларусь, дзетка!» – гавораць Маша і Марта, аўтаркі вясёлай маляванай кніжкі пра мілыя дзівацтвы беларускага жыцця.

Дзве сяброўкі падобныя не толькі бялявым выглядам, але і ўласнымі гісторыямі. Марта жыла з бацькамі ў Амерыцы, але ўжо дзесяць гадоў як вярнулася ў Беларусь. Марыя з дзяцінства жыве ў Галандыі, і кожны прыезд на радзіму для яе абарочваецца дзіўнымі адкрыццямі: тут амаль не пачуеш роднай мовы, у горадзе безліч сходаў і мала ліфтаў, у беларускіх жанчын — суперсіла і некалькі пар рук, а вуліцы прыбіраюць памаранчавыя феі. Свае назіранні ў малюнках сяброўкі выкладалі ў папулярны блог, які цяпер ператварыўся ў кнігу.

Марыя Чаракова, аўтарка кнігі: «Некаторыя рэчы, якія мы паказваем (напрыклад, грамадскія прыбіральні з дзіркай у падлозе), могуць скласці дрэннае ўражанне пра Беларусь. Але ў той жа час гэта смешна, бо дзе яшчэ ты знойдзеш такую прыбіральню? Я думаю, праз гумар можна паказаць беларускае жыццё пазітыўна ў тым ліку і для саміх беларусаў, бо яны насамрэч любяць смяяцца з сябе».

Погляд звонку на сябе саміх незвычайны, тут няма ані згадкі пра палітыку.

Марта Чарнова, мастачка: «Пра палітыку мы, напэўна, пакінем іншым людзям гаварыць. Мы больш спецыялізуемся на гумары».

Гераіні коміксу ўжо з’явіліся на торбачках, ланчбоксах і календарах. А кнігу на дзвюх мовах – па-беларуску і па-ангельску – раскупляюць з шалёнаю хуткасцю ў падарункі замежным сябрам, каб дакладна дадаць Беларусь на іхныя ўяўныя мапы.

Аляксандра Дорская, Ганна Русінава, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Belsat.eu