Выстава беларускага плаката ў мястэчку Гранарола (Італія)

28 лютага адбылося чарговае адкрыццё выставы “Візуальны код часу: постсавецкае мастацтва плаката Беларусі”, арганізаванае “Офісам за дэмакратычную Беларусь” у супрацоўніцтве з Беларускім саюзам дызайнераў за фінансавай падтрымкай нямецкай фундацыі Роберта Боша і Нямецкага фонда Маршала ЗША (Браціслава).

На гэты раз вандроўны праект гасцяваў у невялічкім мястэчку Гранарола, што каля Балоньі (паўночны ўсход Італіі).

Выстава праходзіла пад патранатам мясцовай камуны і экспанавалася ў бібліятэцы, названай у гонар вядомага пісьменніка Джані Радары.

Мястэчка Гранарола знакамітае сваёй вытворчасцю малака. Лідэра малочнай вытворчасці Італіі лучыць з нашай краінай даўняе супрацоўніцтва на карысць дзяцей з пацярпелых у выніку Чарнобыльскай катастрофы рэгіёнаў. Кожны год групы дзяцей з Беларусі маюць шанец правесці тут карысны адпачынак, пазнаёміцца з цікавай краінай, сустрэць ласку і ветлівасць італьянскіх сем’яў.

Выстава беларускага плакату выклікала вялікую зацікаўленасць сярод мясцовых жыхароў, яна шырока анансавалася ў друку, афішы можна было ўбачыць на вуліцах мястэчка.

Плакаты Чарнобыльскай тэматыкі асабліва цікавілі наведвальнікаў, нездарма адпаведны плакат (Чарнобыль, Руслан Найдзен, 1995 г.) і быў абраны на афішу да выставы.

Першапачатковая афіша з выявай сімвалаў савецкай улады, адмыслова распрацаваная беларускім дызайнерам Таццянай Гардашнікавай, магла б мець, на думку гаспадароў мерапрыемства, правакатыўнае адценне, таму вырашана было абраць іншы сюжэт. Аўтар праекта, Ягор Сурскі, які з’яўляецца культурным менеджэрам у “Офісе за дэмакратычную Беларусь” і сам неаднаразова задумваўся на конт правамернасці выкарыстання плаката з выявай сярпа і молата. Што было б, калі б выстава праходзіла, напрыклад, у Літве, дзе зусім нядаўна быў прыняты закон, што юрыдычна раўняе статус савецкай сімволікі да фашысцкай з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі яе выкарыстання ў публічнай прасторы? Зусім не выключана, што да гэтага плаката не стасаваўся б метад расшыфроўкі візуальнага паслання, які з’яўляецца ключом да разумення большасці плакатаў экспазіцыі. З такім непаразуменнем даводзілася сутыкацца падчас правядзення выставы, калі далёка не кожны заўважаў, што савецкая сімволіка ўпісана ў  міжнародную табліцу для спраўджвання вастрыні зроку, дзе замест значэння прыведзены найбольш супярэчлівыя даты савецкай гісторыі (пакт Молатава-Рыбентропа, выбух у Чарнобылі, Карыбскі крызіс, інтэрвенцыя ў Афганістан і інш.). Самаму малому паказчыку вастрыні зроку (насупраць самага вялікага сярпа і молата) адпавядае год Кастрычніцкай рэвалюцыі  – 1917. Самы высокі паказчык вастрыні – 1991 – год спынення існавання Савецкага Саюза. Адпаведна з напружваннем зроку, уніклівасцю ў сэнс і заканамернасць гістарычных падзей (1917, 1922, 1929, 1937, 1939, 1962, 1968, 1980, 1986, 1991) вымалёўваецца непазбежнасць канца чырвонай імперыі. Неверагодным падаецца гэта хіба тым, у каго не абсалютны зрок, зразумела, у пераносным сэнсе.   

Хацелася б адзначыць, што рэгіён, дзе праводзілася выстава, з’яўляецца “чырвонай” зонай Італіі з выразнымі левымі палітычнымі поглядамі насельніцтва. Гістарычная прысутнасць і надзённасць ідэй і вобразаў, адлюстраваных беларускімі аўтарамі, была адчувальная і ў Трыесце, горадзе, па якім некалі праходзіла мяжа жалезнай заслоны, і дзе выстава экспанавалася з 7 па 26 лютага. У Італіі, як і шмат дзе на Захадзе, фарміраваўся з большага станоўчы вобраз Краіны Саветаў. Шараговых італьянцаў вабіла сацыяльная мадэль, альбо задума грамадства такога кшталту. Аб’ектыўная інфармацыя пра стан рэчаў у Савецкім Саюзе даходзіла далёка не да кожнага. Паказаць у Італіі, як гісторыю гэтай краіны ў беларускім ракурсе ўбачыла  пакаленне людзей дэмакратычных поглядаў, узгадаванае Перабудовай, было інтрыгавальным і ўдзячным для арганізатараў. Наведвальнікі вывучалі візуальныя коды таго часу, своеасаблівую вобразную мову беларускага мастацтва плаката, знаходзілі адпаведнікі метафарам ва ўласнай культуры, што яшчэ раз даводзіць універсальнасць вынайдзенай беларускімі мастакамі сімволікі.

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” выказвае падзяку ўсім, з чыёй дапамогай рэалізацыя гэтага  праекта сталася магчымай.          

Тэкст Ягора Сурскага