Выстава беларускага плаката ў Берліне

24 кастрычніка ў Берлінскай галерэі Für Fortgeschrittene,адбылося адкрыццё выставы "Візуальны код часу: постсавецкае мастацтва плаката Беларусі"

Берлін – другая еўрапейская сталіца, якая прымае вандроўную выставу, падрыхтаваную “Офісам за дэмакратычную Беларусь” пры падтрымцы " нямецкай фундацыі Роберта Боша і Амерыканскага фонда Маршала (Браціслава). З 7 па 21 кастрычніка экспазіцыя знаходзілася ў Варшаўскай галерэі Zoya.

На адкрыцці экспазіцыі ў Берліне прысутнічалі  і аўтары некаторых плакатаў – мастачка Людміла Кальмаева і старшыня Беларускага Саюза дызайнераў Зміцер Сурскі, які з’яўляецца ініцыятарам стварэння калекцыі беларускага плаката.  

Зміцер Сурскі зазначыў, што гэты праект даў магчымасць пазнаёміць еўрапейскую публіку з творамі выдатных беларускіх прадстаўнікоў  жанру .  Ён  таксама падкрэсліў, што стварэнне экспазіцый такога кшталту падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні ў такіх краінах як, напрыклад, Японія ці Польшча, і з'яўляецца часткай канцэпцыі прамоўцыі ўласных культурных дасягненняў за мяжой. 

Беларусі рабіць тое ж самае дазваляе глабальны характар прэзентаванай тэматыкі, універсальная сімволіка, вынайдзеная аўтарамі, што не раз даводзіў паспяховы ўдзел беларускіх плакатыстаў у міжнародных спецыялізаваных конкурсах.

"Офіс за дэмакратычную Беларусь" выказвае падзяку галерэі Für Fortgeschrittene, якая стала чарговым месцам правядзення выставы, і ўсім арганізатарам праекту.

5 лістапада выстава адкрыецца ў Дрэздэне ў клубе AQUARIUM.