Выстава беларускага плаката дабралася да бельгійскай сталіцы (фота)

Вандроўная выстава пад назвай “Візуальны код часу: постсавецкае мастацтва плаката ў Беларусі” зрабіла чарговы прыпынак , гэтым разам у Бруселі.

15 студзеня галерэя Aula Toots, што месціцца па адрасе Rue Stuckens, 125, 1140 Evere (Брусель), адчыніла свае дзверы для наведнікаў, дэманструючы плён працы 19 выдатных майстроў жанру.

Жыхары і госці еўрапейскай сталіцы, якім пашчасціла наведаць выставу ў дзень адкрыцця, змаглі пазнаёміцца з аўтарамі некаторых плакатаў, прысутным на імпрэзе, – старшынёй Беларускага саюзу дызайнераў Зміцерам Сурскім і яго калегай Таццянай Гардашнікавай.

У сваім уступным слове спадар Сурскі адзначыў, што 30 плакатаў экспазіцыі з’яўляюцца часткай вялікай калекцыі, што налічвае больш за 1000 постэраў.

Падбіраючы працы да выставы, куратары, якімі выступілі “Офіс за дэмакратычную Беларусь” і Беларускі саюз дызайнераў, хацелі пазнаёміць заходнюю аўдыторыю з найбольш яркімі дасягненнямі беларускіх мастакоў.  Многія творы, рэпрэзентаваныя на выставе, атрымалі высокія ўзнагароды на разнастайных міжнародных конкурсах і захоўваюцца ў мастацкіх музеях розных краін свету.

Спадар Сурскі распавёў таксама ролю, якую плакат меў у познесавецкі перыяд і працягвае адыгрываць у сучасным мастацтве сёння. Для аўтара калекцыі плакатаў і шмат каго з яго сучаснікаў тое, што распачалося з хобі, стала вельмі важным сродкам выражэння, сцвярджэння сваёй мастацкай і грамадзянскай пазіцыі.

Падчас невялічкага прыёму, што адбыўся ўслед за цырымоніяй адкрыцця, гледачы змаглі задаць пытанні сп. Сурскаму і сп. Гардашнікавай. Арганізатары таксама прэзентавалі другое выданне каталога, які умясціў 44 рэпрадукцыі плакатаў з азнаямляльным тэкстам і тлумачальнымі надпісамі да плакатаў па-ангельску, французску, італьянску і беларуску.

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” выказвае асобую падзяку адміністрацыі муніцыпалітэта Evere  г. Бруселя, а таксама фундацыям Robert Bosch Stiftung і German Marshall Fund of the United States, ды ўсім партнёрам, якія дапамаглі здзейсніць гэты праект.

Фота з адкрыцця выставы можна паглядзець тут:

Нагадаем, што выстава, якая ладзіцца ў рамках праекту па папулярызацыі беларускага мастацтва ў замежжы, ужо наведала Варшаву, Берлін і Дрэздэн. У хуткім часе прэзентацыя праекта мае адбыцца таксама ў Трыесце, Балоньі (Італія) і Тулузе (Францыя).