Міні-фестываль краін Усходняй і Паўднёвай Еўропы ў Парыжы

10 траўня ў рамках святкавання Дзён Еўропы ў Парыжы французская арганізацыя La Maison d’Europe et d’Orient (“Дом Еўропы і Усходу”) вырашыла правесці міні-фестываль усходне- і паўднёваеўрапейскіх культур, якія да гэтага часу застаюцца малавядомымі ў так званай Старой Еўропе.

У мерапрыемстве бралі удзел калектывы з Балгарыі, Грэцыі, Балканаў, Чэхіі, Славеніі, Украіны, Літвы і нават Грузіі, якая  праз свае дыяспаральныя арганізацыі рэпрэзентавала Каўказскі рэгіён. Госці і звычайныя мінакі атрымалі магчымасць убачць тэатральныя пастаноўкі і танцавальныя нумары ў выкананні прадстаўнікоў мясцовых нацыянальных суполак, паслухаць народныя спевы.

Акрамя таго, уздоўж вуліцы раскінуўся намётавы гарадок, які рэпрэзентаваў больш за 10 краін рэгіёну.

Дзякуючы намаганням “Офісу за дэмакратычную Беларусь” (Брусель) і арганізацыям Belprojet і Perspectives Biélorussiennes , што займаюцца папулярызацыяй беларускай культуры ў Францыі, на фестывалі была прадстаўлена і наша краіна.

Беларускі стэнд упрыгожылі традыцыйныя вышываныя ручнікі і саламяныя выбары.

Мяркуючы па рэакцыі гасцей, Беларусь яшчэ шмат для каго застаецца малазнаёмай,  а таму  і прывабнай сваёй экзатычнасцю  краінай. Акрамя ўзораў народнай творчасці, на беларускім стэндзе было прадстаўлена шмат сучаснай друкаванай прадукцыі: арт-часопіс “pARTizan”, альбом “Modern Аrt in Belarus”, падрыхтаваны і выдадзены ў Галандыі, беларускія факсімільныя плакаты савецкіх часоў, паштоўкі, маркі з выявамі нацыянальных строяў і помнікаў архітэктуры, пераклад п’есы Янкі Купалы “Тутэйшыя” на французскую мову, фотаальбом  “Чарнобыль” Дз. Раманюка, фотаальбом А. Клінава “Менск. Горад СОНца”, фотаальбом А. Андрэева “Дзённік адлюстраванняў”, слоўнік Л. Баршчэўскага “Thesaurus”, які ўключае пераклад з беларускай на 27 моваў свету, буклеты з інфармацыяй пра беларускія гарады ды інш.  

Падтрымцы нацыянальных суполак у сучаснай Еўропе надаецца шмат увагі, бо гэта не толькі дае магчымасць для нацыянальнага самавыяўлення тым, хто па розных прычынах вымушаны быў падацца ў эміграцыю, але і ўзбагачае Агульнаеўрапейскі дом, заснаваны на прынцыпах талерантнасці і спрыяння культурнай разнастайнасці.

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” выражае падзяку ўсім арганізатарам мерапрыемства, з дапамогай якіх стала магчымым прадставіць на фестывалі і беларускую культуру.

Фотарэпартаж