“Менск. Горад СОНца” ў Парыжы ды Бруселі

Артур Клінаў знаёміць са сваім новым раманам французскую і бельгійскую сталіцы

Раман Артура Клінава “Менск. Горад СОНца” працягвае сваё пераможнае шэсце па Еўропе. Прэзентацыі кнігі з удзелам аўтара адбыліся 7 лістапада ў Парыжы і 12 лістапада ў Бруселі з ініцыятывы і па спрыянні “Офіса за дэмакратычную Беларусь”  і асацыяцыі Belprojet (Парыж).

Артур Клінаў – вядомы беларускі мастак, фатограф і пісьменнік, выдавец часопіса “pARTisan”. Яго новы раман – гэта арыгінальнае філасофскае пераасэнсаванне беларускай сталіцы. Паводле Артура Клінава, Менск – гэта мара, якая зрабілася рэальнасцю, прывідны Горад Сонца ў Краіне Шчасця, брама ў краіну Утопію, якая так і не была пабудавана.

У 2006 г. выдавецтва “Логвінаў” выдала фотаальбом Артура Клінава “Горад СОНца”. Кнігай зацікавілася нямецкае выдавецтва “Suhrkamp”. У выніку, фотапраект перарос у раман, які неўзабаве пабачыў свет на нямецкай мове (2006). І вось, пасля паспяховага прарыву ў нямецкамоўную літаратурную прастору “Менск. Горад СОНца” робіць першыя крокі да англа- і франкамоўнага чытача. Упершыню слухачы атрымалі магчымасць пачуць ангельскі і французскі пераклады абраных раздзелаў кнігі.

Для даведкі: па-беларуску раману неўзабаве мае з’явіцца ў рамках серыі “Кнігарня “Наша Ніва”.

Парыж
Прэзентацыя рамана “Менск. Горад СОНца” ў Парыжы распачала месяц беларускай культуры ў французскай сталіцы. Чытанні з удзелам Артура Клінава і адкрыццё фотавыставы аўтара адбыліся 7 лістапада ў 19:00 у культурным цэнтры Maison d’Europe et d’Orient, размешчаным па адрасе 3 passage Hennel, 75012 Paris. Дадатковую інфармацыю пра месяц беларускай культуры ў Парыжы можна атрымаць па адрасе belprojet.asso@gmail.com

Брусель

У Бруселі Артур Клінаў прэзентаваў выбраныя раздзелы сваёй кнігі ў перакладзе на ангельскую мову. Таксама было прадэманстравана слайд-шоў фотаздымкаў аўтара. Імпрэза адбылася 12 лістапада а 19:00 у Hanse-Office (прадстаўніцтве Гамбурга і федэральнай зямлі Шлезвіг-Гольштайн у ЕЗ).

Праект стаўся магчымым дзякуючы дапамозе:
The Office for a Democratic Belarus http://www.democraticbelarus.eu/
Belprojet http://www.adeef.org/belprojet/
The Hanse-Office http://www.hanse-office.de/
Perspectives Bielorussiennes http://www.perspectivesbielo.org/
Maison d’Europe et d’Orient http://sildav.ifrance.com/