Інфармацыйная вечарына, прысвечаная Чарнобылю

27 красавіка “Офіс за дэмакратычную Беларусь” у супрацоўніцтве з Хансэ-Офісам (Hanse-Office), Нямеччына, зладзіў інфармацыйную вечарыну, прысвечаную 21 гадавіне выбуху на Чарнобыльскай АЭС.   

Арганізатары імпрэзы прапанавалі да ўвагі наведвальнікаў інфармацыю па наступствах Чарнобыльскай катастрофы і распавялі пра цяперашнюю палітыку беларускіх уладаў у дачыненні да ліквідатараў аварыі і насельніцтва, якое пражывае на забруджанай тэрыторыі.

Пасля прэзентацыі даклада былі прадэманстраваныя таксама дзве дакументальныя стужкі  беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч на адпаведную тэматыку. Гэта фільмы “Аднойчы” (2006, 10 хвілін) і “Завядзёнка” (2006, 20 хвілін) у рознай мастацкай манеры распавядаюць пра жыццё Палескага рэгіёну Беларусі.

Дыскусія, якая разгарнулася пасля дэманстрацыі фільмаў, закранула розныя аспекты Чарнобыльскай праблематыкі, а таксама агульную сітуацыю ў Беларусі. Асобная ўвага была нададзена асаблівасцям пераадольвання наступстваў такіх катастроф у аўтарытарных і таталітарных грамадствах.

Госці імпрэзы атрымалі таксама магчымасць пабачыць фатаздымкі з забруджаных тэрыторый Гомельскай вобласці, зробленыя вольным журналістам Джэкі Дэлармэ, які наведаў Беларусь у 2004 годзе.  

Пасля дыскусіі і дэманстрацыі здымкаў, наведвальнікі змаглі прасачыць за развіццём падзеяў у Мінску, дзе напярэдадні прайшла традыцыйная апазіцыйная акцыя Чарнобыльскі шлях. Гэта сталася магчымым праз слайд-шоў фатаздымкаў дэманстрацыі і каментары ў электронных СМІ.