Дзень Волі ў Бруселі: паказ стужкі “Плошча” і канцэрт салідарнасці

У Бруселі працягваюцца акцыі, прымеркаваныя да Дня Волі. 24 сакавіка адбыўся паказ стужкі Юрыя Хашчавацкага “Плошча”, а таксама канцэрт салідарнасці з Беларуссю славацкай спявачкі Петры Джордан. Імпрэзы мелі вялікі поспех: агулам фільм і канцэрт наведалі каля 70 чалавек. Кадры фільма Юрыя Хашчавацкага выклікалі ў гледачоў жывую рэакцыю – ад смеху да абурэння. Паказ стужкі завяршыўся дыскусіяй пра лёс Беларусі і яе жыхароў. Канцэрт Петры Джордан атрымаўся сапраўды еўрапейскім: спяваючы па-ангельску, спявачка са Славакіі заклікала прысутных да салідарнасці з беларускім народам. “У нас нічога не было б без Аксамітнай рэвалюцыі, – звярнулася  Петра Джордан да слухачоў пад час канцэрту. – Калі б мы не прайшлі праз гэта, я наўрад ці мела б магчымасць быць сёння на гэтай сцэне. Таму я кажу ўсім, хто мяне зараз чуе, і прашу вас перадаць гэта іншым людзям: вы сёння прыйшлі на цудоўны канцэрт, але не забывайцеся, што дыктатуры яшчэ існуюць – і менавіта апошняя еўрапейская дыктатура ў Беларусі. Мы павінны дапамагчы людзям паверыць, што надышоў час зменаў. І яны хутка прыйдуць!” Паказ фільму і канцэрт былі арганізаваныя “Офісам за дэмакратычную Беларусь” і прайшлі пад патранажам Дэлегацыі па адносінах з Беларуссю ў Еўрапейскім Парламенце. Падтрымку імпрэзаў здзяйсняла таксама Нямецкая фундацыя Маршала (ЗША) і славацкая дэлегацыя групы Еўрапейскай народнай партыі Еўрапейскіх дэмакратаў ў Еўрапарламенце. Варта адзначыць, што гадавіну сакавіцкіх падзеяў Офіс вырашыў адзначыць найперш культурніцкімі акцыямі, аб’яднанымі ў адзін праект пад агульнай назвай “Мінск, плошча Каліноўскага, Сакавік 2006”.