Дрэздэн па-беларуску

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” падтрымлівае ў студэнтаў Дрэздэнскага тэхнічнага універсітэта цікавасць да нашай краіны.

Інстытут славістыкі Тэхнічнага універсітэта ў Дрэздэне – гэта месца, дзе пад адным дахам рэпрэзентаваная, бадай, уся славянская цывілізацыя. Акцэнт, аднак, робіцца на рускай, польскай ды чэшскай культурах. Разам з тым усё больш увагі ва універсітэце надаецца тым культурам, якія малавядомыя нават у колах еўрапейскіх славістаў. Сёлета ва універсітэце на працягу семестра праходзіў семінар “Беларуская мова і культура”, у часе якога група з амаль 20 студэнтаў уважліва вывучала ўзаемадзеянне беларускай нацыянальнай культуры з іншымі культурамі і мовамі, распаўсюджанымі ў рэгіёне.

 

Кульмінацыяй гэтага семінара стала паездка ў Беларусь на цэлы тыдзень (27 траўня – 3 чэрвеня). Перад паездкай удзельнікі семінара напружана рыхтаваліся да сустрэчы з Беларуссю, вывучаючы яе гісторыю і мову, чытаючы беларускія кніжкі і адкрываючы для сябе скарбы беларускага мастацтва.

Арганізатары семінара звярнуліся да “Офіса за дэмакратычную Беларусь” з просьбай паўдзельнічаць у абмеркаванні палітычнай сітуацыі ў краіне і яе культурнага кантэксту. 23 траўня Алесь Кудрыцкі, праектны мэнэджэр “Офіса за дэмакратычную Беларусь”, завітаў у Дрэздэн, дзе сустрэўся з групай студэнтаў, зладзіў для ўдзельнікаў семінара паказ стужкі “Маналёгі” беларускага рэжысёра Алега Дашкевіча, пасля якога адбылася актыўная гутарка на тэму культуры і палітыкі ў Беларусі.

“Я пазнаёміў студэнтаў з поглядам незалежнай беларускай грамадскасці на праблему культуры, – кажа Алесь Кудрыцкі. – Цалкам верагодна, што яны пазнаёмяцца і з кардынальна іншымі меркаваннямі, калі наведаюць Беларусь і будуць мець размовы з афіцыйнымі асобамі. І гэта вельмі добра, бо параўноўваючы розныя погляды і аналізуючы беларускую рэчаіснасць, студэнты змогуць выпрацаваць уласную ацэнку культурнай сітуацыі ў Беларусі”.

 

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” таксама перадаў у дар Інстытуту славістыкі Тэхнічнага універсітэта ў Дрэздэне 12 відэадыскаў з фільмамі, знятымі беларускімі рэжысёрамі. Гэтая відэакалекцыя станецца пачаткам пакуль яшчэ невялічкага беларускага інфармацыйнага цэнтру ва універсітэце.