Беларусь – змаганне за свабоду слова

Сумеснымі высілкамі “Офіса за дэмакратычную Беларусь”, Хансэ-Офіса (Hanse-office in Brussels) і Гамбургскай фундацыі па падтрымцы палітычна пераследаваных  (Hamburger Stiftung für politisch Verfolgte) у Бруселі была зладжана дыскусія па праблемах свабоды слова ў Беларусі.

Вечарыну, што адбылася на наступны дзень пасля брутальнага разгону мірнай дэманстрацыі ў Менску, прысвечанай 90-гадоваму юбілею абвяшчэння БНР, наведалі каля 60 чалавек, каб паслухаць вядомую беларускую журналістку Наталлю Макушыну, якая цяпер з’яўляецца супрацоўніцай радыё “Deutsche Welle”. Сп. Наталля Макушына распавяла пра невыносна цяжкія ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць незалежным СМІ Беларусі, прывяла прыклады рэпрэсій, праз якія давялося прайсці яе калегам і ёй асабіста.

На жаль, яе словы  чарговы раз пацвердзіліся на наступны дзень пасля дыскусіі, калі КДБ зладзіў шматлікія ператрусы на офісах незалежных медыяў і ў прыватных кватэрах іх карэспандэнтаў у Беларусі.

Услед за сп. Макушынай, беларускі літаратар Альгерд Бахарэвіч зачытаў сваё апавяданне “Талент заікання”. Госці сустрэчы мелі магчымасць атрымліваць асалоду ад мілагучнасці беларускай мовы, адначасова сочачы за тэкстам па нямецкім і ангельскім перакладах[1].

Адмыслова запрошанай госцяй імпрэзы была знакамітая журналістка і перакладчыца з Лондану Вера Рыч, якая займаецца Беларуссю ўжо больш за 50 год. Спадарыня Рыч зачытала колькі перакладаў са зборніка “Верш на Свабоду”, а таксама падаравала аўдыторыі свой уласны паэтычны твор.

Фотарэпартаж

Natalia Makushina, interpreter, Alhierd Baharevich

[1] Тэксты Альгерда Бахарэвіча былі ўпершыню рэпрэзентаваныя па-ангельску. Пераклад апавядання “Талент заікання” неўзабаве з’явіцца на нашым сайце.