24 кастрычніка ў Берліне адбудзецца адкрыццё выставы беларускага плаката

24 кастрычніка а 19:00 у Берлінскай галерэі Für Fortgeschrittene, што месціцца па адрасе: Schwedenstr.13 13359 Berlin, адбудзецца адкрыццё выставы пад назвай “Візуальны код часу: постсавецкае мастацтва плаката Беларусі”.

У экспазіцыю ўключаныя работы 16 плакатыстаў, што ахопліваюць перыяд ад пачатку 1970-х гг. да цяперашняга часу. Плакаты, якія адлюстроўваюць дэмакратычныя павевы, далі пачатак новай эпосе ў беларускім мастацтве. У гэты час з’явілася шмат твораў, што ўвасаблялі ўжо не сацыялістычны рэалізм, дамінанты ў савецкай эстэтыцы, а тагачасныя тэндэнцыі графікі і выяўленчага мастацтва. У працы мастакоў-плакатыстаў відавочны пошук асаблівай ідэнтычнасці для такога сацыяльнага феномену, як “Homo Sovieticus”. Выбар у якасці сродку выяўлення плаката ёсць прыкладам актыўнай грамадзянскай пазіцыі аўтараў, якія па прафесіі з’яўляюцца дызайнерамі. Шмат якія плакаты маюць непрыхаваны антытаталітарны змест.

У прапанаваных для экспазіцыі твораў ёсць агульная рыса – арыгінальная сімволіка, вынайдзеная мастакамі. Гэта сімволіка ў спалучэнні з універсальнымі выяўленчымі метафарамі стварае плакат, які лёгка прачытваецца, не зважаючы на культурныя адрозненні.    

Большасць прадстаўленых плакатаў удзельнічалі ў спецыялізаваных міжнародных конкурсах і атрымалі ўзнагароды.

Падчас адкрыцця выставы запланавана прэзентацыя каталогу, што змяшчае ўступны тэкст і 44 рэпрадукцыі плакатаў, аздобленыя тлумачальнымі надпісамі.

Чакаецца таксама, што выставу наведае старшыня Беларускага саюзу дызайнераў і адзін з аўтараў плакатаў Дзмітры Сурскі.

Экспазіцыя прабудзе ў Берліне да 31 кастрычніка, а затым перамесціцца ў Дрэздэн.

Праект арганізаваны “Офісам за дэмакратычную Беларусь” (Бельгія) з дапамогай нямецкай фундацыі “Robert Bosch Stiftung” і нямецкага фонду Маршала “German Marshall Fund of the United States”.


“Офіс за дэмакратычную Беларусь” таксама выказвае падзяку Беларускаму саюзу дызайнераў і галерэі  Für Fortgeschrittene за супрацу.

Інфармацыю пра выставу ў Варшаве можна паглядзець тут