Мікіта Волкаў: Колькi дзён у Брусэлi

Мікіта Волкаў, пераможца конкурсу "Мой любімы горад Беларусі"

Аўтар лепшага эсэ па выніках конкурсу "Мой любімы горад Беларусі" 2-га Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю Мікіта Волкаў у якасці гран-пры выйграў падарожжа ў Бельгію. Атмасферу Бруселя, Бруге і Антверпену пераможца конкурсу апісаў ў падарожных нататках. З нарысаў магчыма даведацца, чаму галоўны горад бельгійцаў можна называць "Бруксэляй", на якіх мовах "гаворыць Менск" і якія спевы бельгійскія вулічныя музыкі выконваюць на цымбалах. Паездка ў Бельгію арганізавана "Офісам за дэмакратычную Беларусь" (Брусель, Бельгія) пры падтрымцы Pact (USAID).

КОЛЬКІ ДЗЁН У БРУСЭЛІ
Non-fiction story

Самалёт ляцеў над польскай, а затым нямецкай зямлёй на вышынi 11 000 метраў, а я думаў, што сп. Шарлота Брантэ вельмi трапна апiсвала пачуццi Люсi Сноў у дарозе, у сваiм "Гарадку" (раман Шарлоты Брантэ, вядомай жыхаркi Брусэля, - заўв. аўт.). Маладая дзяўчына плыла на караблi ў Вiлет, каб шукаць сваёй будучынi. У мяне сiтуацыя была крыху iншая: я ляцеў на вакацыi, але тыя ж няпэўнасць i невядомасць чакалi мяне ў самым сэрцы Заходняй Еўропы.

Пульхныя аблокi ўнiзе, бы гурбы снегу, якога мне так бракуе апошнiя беларускiя зiмы, зiхацелi пад зыркiм сонцам уверсе. Зона турбулентнасцi, нястача раўнавагi, штуршкi ў абодва бакi i нарэшце - простакутныя сенажацi i падворкi, дыхтоўныя дамоўкi, пакрытыя дробным сняжком. Гэта Варшава. Горад, пазбаўлены назалелай мiнскай мжакi i вогкасцi. Пару гадзiн у аэрапорце Шапэна i затым зноў: разгон, вышыня i палёт над Пазнанню, Дзюсельдорфам, Берлiнам. I вось ён -  Вiлет, Брусэль цi Бруксэля (я чуў ад маёй бабулі, як яна гаворыць: "Бруксэля". Па-польску таксама "Бруксэля". - заўв. аўт.).

На новым месцы

Я быў абазнаны наконт зычлiвасцi еўрапейцаў яшчэ раней, праз досвед мiнулых еўрапейскiх вандровак. Гэтае маё падарожжа толькi ўзмацнiла i падкрэслiла мае ўяўленнi. Пусты прыпынак каля аэрапорта. Маладая паненка, везучы стракатую валiзку, iшла да бiлетнага аўтамата. Бачачы як я няўцямна поркаюся ля яго, дзяўчына ласкава растлумачыла, папярэджваючы маё запытанне, што купiць квiток у аўтамаце можна карткай цi металёвымi грашыма. Мая гатоўка была спрэс папяровая, таму я ветлiва адмовiўся купiць бiлет, бо расплочваюцца манетамi альбо карткаю. Дзяўчына дадала, што я магу заплацiць за праезд акурат у кiроўцы. Так я і зрабiў. Але, калі я даваў усмешыстаму сiвому мужчыну 6 eўра, ён скiраваў пагляд на аўтамат. Я сказаў, што не маю медных грошай. Тады ён зухавата выхапiў мае банкноты i працягнуў мне ў жменi размененую валюту. I ўвесь час чакаў на мяне. I я, марудна нацiскаючы кнопкi, спрабуючы разабрацца ў чым палягае такая спагадлiвасць, атрымаў квiток. Праз дзесяць хвiлiн я быў ужо на Арт-Луа.

У нядзелю я выйшаў у горад да першых пеўняў, хоць пеўнi тут не пяюць. Iдучы вулiцаю Луiза, я разглядаў вiтрыны крамак i гатэляў. Горад спаў. Аднекуль з гары даносiўся далiкатны пах кавы i свежага печыва. "Быу дзень святы. Яшчэ ад рання, блiнцы пяклiся на сняданне". Тут, вiдаць, таксама спрацоўваў гэты агульначалавечы закон адпачынку. Адпачынку рупных еўрапейцаў пасля цяжкога тыдня. Я не меў мапы i накiроўваўся проста куды вочы глядзяць. Было чуваць, як мерна бiлi званы, усiх гукалi на iмшу. Я збочыў i пайшоў на гук. Барочны касцёл узвышаўся ўдалечынi. Пакрысе крамкi адна праз адну пачалi адчыняцца, шоргаючы ранiшняй прэсай, якая была ўторкнута праз нiжнюю шчылiну дзвярэй. Раптам адчынiлiся дзверы, i проставалосая кабета проста на брукаванку вылiла вядро мыльнай вады. Недзе я пра гэта чытаў. Вярнуўшыся да Луiзы i мiнуўшы метро, я ўбачыў стэлу-помнiк, а злева грувасткi палац. За стэлай адкрывалася панарама горада. Гонкая вежа ратушы была мiзэрнай у параўнаннi з гмахам зусiм iншай эпохi 20 стагоддзя. Удалечынi быў вiдаць атомiум.

"Атоміум", Брусель (Бельгія)

Блiжэй да мяне, унiзе, стракацелi чырвoныя дахi дамовак. Значыць, i тут ёсць свае шэрыя будынiны i "дамы чыжа"? Я спусцiўся на празрыстым лiфце ўнiз i накiраваўся ўлева. Нейкiм чынам, кружляючы i блукаючы, я выйшау на Гран-Плас. Я яшчэ не паспеў наталiць свае вочы готыкай, як пачуў расейскую мову. Я цiха стаяў i слухаў. Уласна расейцы i прывялi мяне да "Manekena pisa" цi, як яго яшчэ завуць палякi, да "сюсяёнцего хлопца". Я пазней даведаўся, што гэта сапраўдны турыстычны брэнд i што ёсць яшчэ сясюёнцыя дзяучына, сясюёнцы сабака etc. У галерэi Гумберта прадаюць шакаладных сiкаючых хлопчыкаў, а ў турыстычных крамках расстаўленыя памятныя статуэткi. Было б цiкава, калі штосьцi падобнае вiравала ў Мiнску i заваблiвала турыстаў. Магчыма, такiм брэндам магла cтаць какаёнцая курыца як знак вясковага паходжання беларусаў цi штосьцi iншае. Хаця, як я мог забыцца на нацыянальную  бiблiятэку? "Камунарцы" варта было б вырабляць цукеркi ў форме "нацыяналкi", а ў намётах для "лiнii Сталiна" прадаваць бірулькі-шматграннiкi…

Фландрыя

На другi дзень я наважыўся наведаць Фландрыю, а менавiта Бруге i Антверпен. Шлях да Бруге мне здаваўся бясконца доўгiм i багатым на прыгоды. Найперш у мясцовым андэграўндзе здзiвiў хлопчык-мурын, якi, ашчаджаючы свой час, проста скочыў праз турнiкеты. Ля Gare de Midi мужчына граў на цымбалах рускую "Калинку" i "Эти глаза напротив" (сапраўды рэдкае супадзенне). А бельгiйка, якая ехала ў цягнiку, запыталася цi не фiн я (напэўна, праз скуласты твар).

Мікіта Волкаў, пераможца конкурсу "Мой любімы горад Беларусі"

 

Бруге i Антверпен – блiзкiя бельгiйскiя гарады, але рознага прызначэння для выпадковых турыстаў. Па Бруге, якi яшчэ называюць "паўночнай Венецыяй", трэба хадзiць, доўга i ўважлiва, каб заўважыць усе цiкавiнкi. Цi яшчэ лепей плыць. Што я i зрабiў напачатку пасля лёгкага полудня ў кавярнi, замовіўшы водную экскурсiю.  Катэдра Хрыста Збаўцы, Базiлiка св. Крывi, Дазорная вежа. – У Антверпене пасля хуткага агляду места i карцiн Рубенса лепей iсцi на закупы. Даўнiя супернiкi ў гандлi, сёння ўжо не спаборнiчаюць. I адзiн  i другi -  гэта буйныя прамысловыя i турыстычныя цэнтры.

На заканчэнне

Усё закончылася знянацку, калi я зразумеў, што застаўся апошнi дзень. Магiчнае кола замкнулася на тым самым касцёле i доме, з якога кабета вылiвала ваду. Пасля вечаровага меланжу, я папярэдзiў службоўца гатэлю праз свой раннi вылет. Доўга не мог заснуць, так i праваляўшыся ў ложку. Мне снiўся Мiнск, пра якi распявядаў калiсьцi адзiн мой знаёмы, вельмi стары чалавек. Мiнск 30-х гадоў, y якiм па радыё абвяшчалi: "Увага, увага: гаворыць Менск!" - на трох мовах, апроч беларускай: на iдыш, польскай, расейскай. Горад вузкіх вулачак i брукаванкi. Горад з Нямiгай. Горад з касцёлам Тамаша Аквiнскага (на гэтым месцы зараз Палац Рэспублiкi - заўв. аўт. ) i езуiцким калегiюмам. Горад, якога няма.

Самалёт крануўся з месца для разгону, Бруксэля аддалялася на невядомы для мяне час i адлегласць.

Мікіта Воўкаў, пераможца конкурсу эсэ 2-га Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю

Твор "Бярозаў горад на скрыжаванні" пераможцы конкурсу эсэ "Мой любімы горад Беларусі" 2-га Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю можна прачытаць тут.