Конкурс эсэ Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю: "Бярозаў - горад на скрыжаванні", 1 месца

Мікіта Воўкаў, 22 гады:

Кожны горад мае аблічча. Гэта нешта выразнае, суцэльнае, што пакідае агульны след у душы падарожных. Адна сітуацыя, калі  горад жыве і развіваецца, кшталтуецца яго характар, абіваюцца брукаванкі, будуюцца плошчы. Месцічы ведаюць пра нейкі ўмоўны ліхтар, масток праз ручаіну, неахопны дуб і прызначаюць там спатканне. Такія гарады шчаслівыя. Як і людзі, яны перажываюць нараджэнне, сталенне і юнацтва і максімальнага росквіту. Яны перажываюць крызісы і віхуры, яны глытаюць дым і іхнія плошчы крыху прыцярушваюцца попелам. Праўда крыху. Бо гарады з крызісаў выходзяць - спічакі іхніх гонкіх храмаў мкнуць усё вышэй і вышэй. Іншая сітуацыя горш, калі гарадам шанцавала меней, бо яны гэтыя перыяды развіцця не праходзілі. Заваёўнікі мянялі іх імёны і вобразы, насаджалі свае веры і мовы. Асабліва калі гэтыя гарады стаялі на скрыжаванні.

Мой родны, а таму любы горад стаіць на раздарожжы: з усходу на захад, з поўначы на поўдзень, ці наадварот.Горад дзе любілі бываць Напалеон і Гітлер і не толькі, пра гэта лепш скажа Дунін-Марцінкевіч:

Літоўскі Вітаўт гэтаю хадзіў дарогай,
Тут з арміяй сваёю Жыгімонт спаткаўся.
Тут доблесны Баторы з ворагам змагаўся.
Тут кесар франкаў страціў войска вельмі многа.
Было тут шмат падзей геройскіх і крывавых!

Горад Барысаў, “Барысава”, як завецца ён тутэйшымі жыхарамі. Як мнагазначныя словы маюць шмат значэнняў, так і мой горад мае багата твараў і ўвасабленняў. Барысаў яўрэйскі, польскі, цыганскі, расейскі, БАТЭ-шны … Нядаўняя пабудова гіганцкага мэталёвага сыру “BORISOV-ARENA” толькі ўмацуе апошнюю пазіцыю.

А з чаго усё пачыналася? 1102 год. Полацкае княства. Левабярэжная Бярэзіна.

Гарадскія ўлады не забыліся ўшанаваць полацкага князя Барыса Рагвалодавіча, заснавальніка гораду. Стаіць ён цяпер на гарадской старамескай плошчы, велічна і непадступна, са сваім анёлам-ахоўнікам праваруч, спінай да сабора Уваскрасення Хрыстовага. Спінай да расейскай часткі гісторыі. А куды ён пазірае? Хто як мяркуе. Як па мне, дык глядзіць князь у бок вуліцы Камсамольскай (былой Віжынскай), якая вядзе да гразкай увосень і напрадвесні вуліцы Андрэеўскай, сёння – Нармандыі –Нёман. Французкая эскадрылля, наўзваная гэтым імем ваявала супраць нямецкіх акупантаў у 1943.  Праз 40 год, у 1983 французкія ўлады прапануюць упарадкаваць вуліцу і пусціць па ёй трамвай. “Не трэба, нам і так добра”, - адказвае наравісты горад. Такой Нармандыя-Нёман і засталася , калдобістай ды ухабістай, калі не горш. Праўда, жыхары вуліцы мяняліся часта: і яўрэі,і страраверы, і расейцы, якія па размеркаванні шчыльна засялілі яе канец – шэрыя шпакоўні і котлішчы.

Стараверы, стараабрадцы, кацапы . Адна мая знаёмая сцвярджае, што мудрагеліста ўпрыгожаныя ліштвы і разьбяныя аканіцы- “стаўні “, якіх шмат на прыватных дамах горада,  сведчаць пра іх значны след. З Андрэеўскай лёгка і да іх малельні патрапіць, да маляўнічай, маленькай зялёнай царкоўкі з чырвоным купалам    .Варта збочыць на вуліцу ката Дзяржынскага , які сваім гучным шляхетным прозвішчам задушыў назву – Аршанская.

Яўрэі, якія суседзіліся са стараверамі, даўней,пакінулі пра сябе шырэйшы, чымся стараверы, успамін. Казалі, налічвалі у Барысаве раней да 40 сінагог. Сёння можна будынкаў 5 пабачыць: і на Лапаціна,і на 3 Інтэрнацыянала ( былыя Менская і Полацкая вуліцы). Праўда там цяпер зусім не сінагогі: Дом сляпых і Дом піянераў.  Так што будынкі там цяпер зусім іншага прызначэння. Наш горад месца дзіўных прыродных ландшафтаў – равы і узгоркі, долы і горы. На адной такой гары і пачалі хавацца яўрэі. Сёння помнікі зрынутыя са сваіх месцаў, перавернутыя, перакуленыя… Удзень дзеці ў футбол гуляюць, а начамі жабракі балююць глядзяць на зоры. Бо агляд найлепшы. Ці не найвышэйшая кропка горада. З яе можна назіраць густа налепленыя стрэхі хат, якія зваявалі ўзбярэжжа. Тут ужо засяліліся цыганы. Шмат і іх у Барысаве. Каб сустрэцца з імі, варта завітаць на мясцовы рынак.Можна паваражыць на руцэ,  прадаць ці купіць золата, ці трапіць пад уплыў іх містычнага гіпноза, пра які ходзяць чуткі. З рынка ізноў да сабора, а адтуль да магутнай спіны князя і зноў памеркаваць, куды ён глядзіць? Можа ў бок касцёла?  Белы будынак з вежай, увянчанай жамайцкім крыжам вабіць сёння не толькі палякаў, хутчэй,гэта адзіная мясціна ў горадзе дзе можна пачуць беларускую мову. Таму касцёл спрычыніўся ў некаторай ступені  да стварэння Барысава беларускага. На выездзе з горада на Маскоўскую трасу,справа туліцца Барысаўская Кальварыя, месца пілігрымак і аб’яўленняў Маці Божай. Ля капліцы , на магіле ксяндза зроблены надпіс беларускай лацінкай. Шырокі, шчыры фэст памятаюць месцічы на Дзясятуху, калі і яўрэі і цыганы, каталікі і праваслаўныя збіраліся разам, танчылі і спявалі. Ад касцёла недалёка і замчышча 12 стагоддзя і пешаходны мост над Бярэзінай. Можа князь туды кіруе позірк, як калісці 900 год таму. Увогуле Бярэзіна – душа, галоўная сутнасць горада. Дзе б ты ні быў, куды б не ехаў у Барысаве, ты заўжды будзеш рушыць усцяж яе. У кнізе Васіля Гігіевіча “Палтэргейст” Барысаў названы “Бярозаў”. Пешаходны мост праз Бярэзіну вядзе да вышыняў – да новай часткі горада, правябярэжнага Барысава. Яшчэ адна вышыня, ключавая кропка – абарончыя ўмацаванні “Батарэі” - рэшткі перадмаставых умацаванняў, збудаваныя расейцамі ў 1812. Заросшыя сасоннікам валы і равы і над імі бальніца - “Первасавецкая”, як кажуць у народзе. Адсюль пачынаецца новы горад, шэры нудны і нецікавы, збарознены бульдозерамі і спярэшчаны савецкімі пяціпавярхоўкамі і помнікамі. Мекка савецкага турызма, як сказаў мой адзін знаёмы – тут сустрэнуць вас серп і молат тыповай сталінскай архітэктуры і людзі з авоськамі. Тут час як быццам спыніўся,  і наваколле амаль  не нагадвае Беларусь. Некалькі цікавых будынкаў праўда завябяць увагу – гэта і Шухоўская вежа ( засталося усяго 11 у свеце) і будынак чыгуначнага вакзала, непадалёк ад якога , зноў на вышыні месціцца сядзіба пана Каладзеева, адкуль ён назіраў на Бярэзіну ўжо з правага боку. З яго лёгкай рукі паўсталі і запалкавая фабрыка Вікторыя, і дрэваапроцоўчы камбінат. Ён збіраў кнігі і карціны, прысвечаныя напалеонаўскім войнам, калекцыянаваў даўнія цікавінкі. Савецкая забудова цалкам схавала сядзібу і разам з ёй  выгляд на Бярозу. Барысаўцы не цікавяцца Барысавам. Хутчэй наадварот, яны яго зненавідзелі і пакрысе з’язджаюць, пакідаючы самотным, сумным, адзінокім князя Барыса. Ад’язджаюць, так і не даведаўшыся пра адкрыццё сядзібы Каладзеева для наведвальнікаў. Так і не ўгледзеўшы яе.

Мнагазначны Барысаў. Шматаблічнае слова. Слаістае места пад ёлкай, ампірнай савецкай плесняй. Не ўсё і ўбачыш. Так што, замежным гасцям і цікаўным падарожным раю прыглядацца.