Вольга Бабкова: Плошча Свабоды ў Менску

Менск, як і Рым, стаіць на сямі пагорках, у наш час часткова зрэзаных ды стаптаных, аднак ствараючых асаблівы гарадскі ландшафт. На самым высокім з іх месціцца плошча Свабоды, якая ў старажытнасці мела назву Верхні (Высокі) Рынак ці Верхні горад, а ў часы Расейскай імперыі называлася Саборнай плошчай. Менск, як і Рым, стаіць на сямі пагорках, у наш час часткова зрэзаных ды стаптаных, аднак ствараючых асаблівы гарадскі ландшафт. На самым высокім з іх месціцца плошча Свабоды, якая ў старажытнасці мела назву Верхні (Высокі) Рынак ці Верхні горад, а ў часы Расейскай імперыі называлася Саборнай плошчай.

"Верхні горад" у 19 стагоддзі, Віктар Сташчанюк
"Верхні горад" у 19 стагоддзі, Віктар Сташчанюк

Плошчы Свабоды – каля 400 гадоў. Паўстала яна пасля вялізарнага пажару, які знявечыў сярэднявечны горад у канцы 16 стагоддзя. Менавіта тады быў упершыню распрацаваны генеральны план, паводле якога пачалася інтэнсіўная перапланіроўка, у выніку якой паўстаў тыповы рэнесансавы горад з радыяльнай сістэмай вуліц, якія адыходзілі ад цэнтра ў розныя накірункі. Высокі Рынак злучаўся з астатнім горадам шасцю вуліцамі. Такая планіровачная структура Менска захоўвалася да першай паловы 19 стагоддзя.

Адсюль і сёння адкрываецца цікавая панарама: на раку Свіслач і тое месца, куды ўпадае ў яе падземная рака Няміга, на былы Нізкі Рынак і Замчышча, якое плануюць аднавіць, на Траецкае прадмесце, на адну з старых вуліц – Нямігу – і самы старажытны праваслаўны храм – царкву святых апосталаў Пятра і Паўла, якую называюць таксама “Жоўтая” і “Екацярыненская” царква.

Сама плошча з’яўляецца сапраўдным гістарычным цэнтрам Менска, дзе захаваліся і аднаўляюцца архітэктурныя помнікі, страчаныя ў розныя часы, дзе захавалася трасіроўка вуліц 16 стагоддзя, а ў падмурках дамоў можна пабачыць старадаўнюю кладку, дзе чутны званы ўсіх дзеючых храмаў і “голас” ратушнага гадзінніка.

 Сёння на плошчы ўзвышаюцца вежы чатырох храмаў, два з якіх дзеючыя, і ратуша. Але ж практычна кожны будынак на плошчы мае свой гістарычны статус, пачынаючы ад Сярэднявечча да Найноўшага часу. Гэта — былыя гандлёвыя рады, менская гімназія,

Гатэль "Еўропа", Мінск
Гатэль "Еўропа", Мінск

месца, дзе стаяў першы менскі тэатр (на пляцу былога палаца князёў Радзівілаў), гатэль ”Эўропа”. Старажылы памятаюць і трамвайныя рэйкі, пракладзеныя па бруку на крутых схілах плошчы, якія спускаліся да ракі. Менавіта ў гэтым месцы трамвай пазвоньваў нейкім асаблівым чынам. Яшчэ раней тут хадзіла конка. Урэшце, сама плошча з’яўляецца гістарычным аб’ектам, бо на ёй адбываўся шэраг падзеяў, звязаных не толькі з беларускай, але і сусветнай гісторыяй. Так, на рыначным пляцу адбываліся парады і агляд напалеонаўскага войска ў 1812 годзе.

Дамінантай плошчы Свабоды здаўна былі касцёлы і кляштары бернардынцаў і бернардынак, што захаваліся па вайне, кожны з якіх мае сваю гісторыю. Менскі мураваны мужчынскі кляштар бернардынцаў паўстаў на месцы згарэлых драўляных касцёла і кляштара ў сярэдзіне 17 стагоддзя. Неаднойчы перабудоўваўся пасля пажараў.

Касцёл Святога Язэпа, 17 ст., Мінск
Касцёл Святога Язэпа, 17 ст., Мінск

Каля касцёла Святога Язэпа, пабудаванага ў стылі барока, знаходзіліся бернардынскія могілкі, на якіх былі пахаваны прадстаўнікі вядомых беларускіх шляхецкіх родаў. Унутры касцёл быў распісаны жывапісам і меў дзевяць мураваных і драўляных алтароў. У 18 стагоддзі пры кляштары існавала школа філасофіі, пры якой навучалася каля дзесяці студэнтаў. Цяпер у будынку касцёла месцяцца два дзяржаўных архіва, а далейшы лёс кляштарных будынкаў працягвае хваляваць грамадскасць горада, гэтаксама як і лёс касцёла, у які вернікі жадаюць вярнуць набажэнствы. Цікава, што некалькі гадоў таму пры рэканструкцыі будынка кляштара на гарышчы быў знойдзены стос лістоў пачатку 1860-х гадоў , якія належалі бернардынскаму клерыку Філіпу Шчарбінскаму, адрасаваных ягоным бацькам. Нечаканая знаходка для аматараў старажытнасцяў!

Амаль насупраць комплекса бернардынцаў знаходзіцца жаночы кляштар бернардынак, які таксама паўстаў на месцы драўляных святынь. У 1642 годзе пачалося будаўніцтва мураванага кляштара. Касцёл, пабудаваны ў тыповым для беларускіх зямель стылю “віленскае барока”, меў тытул у гонар Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Абодва кляштарныя комплексы займалі цэлы квартал паміж вуліцамі Малой і Вялікай Бернардынскімі і былі злучаны паміж сабою разгалінаванымі падземнымі лёхамі.

Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа, Мінск
Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа, Мінск

У часы Расейскай імперыі касцёл быў пераўтвораны ў праваслаўную царкву. Пасля падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў кляштары была створана турма для зняволеных паўстанцаў. Пасля 1917 года царква была зачынена і аднавіла багаслужэнні толькі падчас Другой сусветнай вайны ў 1943 годзе. А ў 1945-м у яе быў перанесены цудатворны абраз Мінскай Божай Маці. Цяпер тут кафедральны праваслаўны сабор Сашэсця Святога Духа.

Адным з істотных сімвалаў Верхняга Рынка, які быў узведзены тут у 16 стагоддзі, а ў 1600 годзе згадваўся як “новазбудаваны для аздобы горада”, — быў будынак Ратушы. Тут засядаў менскі магістрат, чыніўся суд, знаходзілася вязьніца, захоўваліся эталоны вагі і аб’ёму (бочка мерная і медны посуд з гарадскім гербам), на вежы вісеў першы гарадскі гадзіннік. А жыхары Рынку запісвалі ў дакументах месцазнаходжанне сваіх дамоў адносна месца, дзе стаяла Ратуша: “насупраць Ратушы”, “з тылу Ратушы”, ”каля Ратушы”. На ратушным пляцы часам каралі вінаватых у злачынствах. У часы Расейскай імперыі барочны будынак быў перабудаваны ў стылі класіцызму, але ў хуткім часе зруйнаваны, бо сваім існаваннем нагадваў гараджанам пра былыя вольнасці і звычаі, пра самакіраванне, пра Магдэбургскае права. Пад загадам аб разбурэнні ратушы (1857 год) стаяў подпіс цара Мікалая І. Разбуралі будынак арыштанты турэмнага замка. Цікава, што Ратуша яшчэ паслужыла свайму гораду. З ратушнай жалезнай бляхі былі выраблены 1483 шыльды на дамы. Камяні пайшлі на брукаванне вуліц, дрэва — для мастоў і альтанкі ў гарадскім садзе. 

Насупраць Ратушы праз магістраль, якая перарэзала плошчу Свабоды, узвышаецца велічны фарны касцёл Езуса, Марыі і Святой Барбары, што калісці стаяў ў атачэнні будынкаў ансамбля калегіума езуітаў і складаўся з касьцёла, калегіума з гадзіннікавай вежай, школы, гаспадарчых пабудоў. Езуіты з’явіліся ў Менску ў сярэдзіне 17 стагоддзя і паступова занялі цэлы квартал на плошчы Верхняга Рынка. Праект барочнага касцёла быў замоўлены і распрацаваны ў Рыме. У 1700 годзе былі закладзены ягоныя падмуркі, а праз 20 год ён ужо ўпрыгожваў галоўны пляц Менска. На вежах званілі чатыры званы, кожны з якіх меў сваё імя: Казімір, Тадэвуш, Феліцыян і Якуб (які важыў ажно 350 пудоў!). Імя Святога Феліцыяна, патрона Менска, мела таксама касцельная капліца. Інтэр’ер храма быў аздоблены фрэскавым жывапісам, а ў галоўным алтары знаходзіліся дванаццаць драўляных скульптур апосталаў. У будынках калегіума спыняліся Пётр І, Мазэпа, Карл XII, маршал Даву, у будынку езуіцкай школы ў часы Расейскай імперыі месцілася рэзідэнцыя мінскага віцэ-гебернатара, у бібліятэцы якога ў 1821-1822 гадах працаваў над праектам канстытуцыі кіраўнік "Паўночнага таварыства дзекабрыстаў" Мікіта Мураўёў. Свае лісты на радзіму падпісваў адмысловым чынам: “Менск. Літва”. У часы Другой сусветнай вайны тут, у будынку, была гарадская ўправа. Цяпер — музычны каледж. У савецкі час касцёл быў аддадзены спартоваму таварыству “Спартак”. Захаваліся ўспаміны, як харавы дырыжор Рыгор Шырма, дакранаючыся камертонам да касцёльных сцен, з захапленнем і роспаччу адзначаў вышыню гука ў сярэдзіне знявечанай святыні. Сёння касцёл набыў ранейшы выгляд. Цяпер тут — галоўная каталіцкая святыня горада. Гэта адзін з найбольш удалых прыкладаў рэстаўрацыі культавых будынкаў Менска, у якой прымалі ўдзел беларускія і польскія спецыялісты.

У мінулым годзе на ранейшым месцы паўстаў найпрыгажэйшы храм Верхняга Рынку — уніяцкая царква Святога Духа, якая ўпрыгожвала горад, пачынаючы з 30-х гадоў 17 стагоддзя да 1936 года. Да сённяшняга дня захаваліся будынкі мужчынскага і жаночага базылянскага манастыра. Сама царква, якая спалучала рысы готыкі і рэнесансу, мела ўнікальны фасад, які не сустракаўся ў іншых еўрапейскіх храмах і яскрава сведчыў пра існаванне беларускай архітэктурнай школы. Фасад быў распісаны фрэскамі з выявамі святых, размешчаных у адмысловых нішах. Нажаль, у адбудаванай царкве гэтая дэталь адсутнічае. Адметнасцю царквы Святога Духа было і тое, што набажэнствы, якія ў ёй адбываліся, былі агульнымі як для манахаў мужчынскага, так і манашак жаночага манастыроў. Гэта таксама досыць рэдкі выпадак у царкоўнай гісторыі. Сучаснікаў уражвала магутнасць муроў і скляпенняў храма, прыдатнага таксама і для абарончых мэтаў. У царкве знаходзіўся славуты цудатворны абраз Божай Маці, які паводле падання, прыплыў (супроць плыні) па рацэ Свіслачы ў 1500 г. У часы Расейскай імперыі царква была пераасвечана ў гонар Святых Пятра і Паўла і адначасова змяніла сваё рэнесансавае аблічча, застаючыся па-ранейшаму яскравай кропкай Саборнай плошчы. Верагодна, менавіта ў гэтым храме быў ахрышчаны выдатны беларусі паэт Максім Багдановіч.

У 1930 годзе ўлады забаранілі царкоўны перазвон. У тым жа годзе ўнутры храма зрабілі зернесховішча, а праз шэсць гадоў царкву Святога Духа ўзарвалі. Старажылы згадваюць, што напярэдадні вандалізму, адмысловыя службісты хадзілі па дамах і загадвалі заклейваць вокны, каб уратаваць іх ад магутнага выбуху. На месцы храма ў савецкі час размясцілі звярынец, а пасьля — піўны бар “Ясень”. У канцы 80-х на месцы храма адбываліся археалагічныя раскопкі, якія ладзілі маладзёвыя беларускія суполкі, і ў якіх браў удзел старшыня БНФ Зянон Пазняк.

Улады не перадалі грэка-католікам адноўлены храм, а размясцілі ў ім дзіцячую філармонію “Верхні горад”.

На месцы, дзе цяпер стаіць змрочны, падобны на вялізарны маўзалей Палац Рэспублікі, напачатку 17 стагоддзя быў заснаваны першы менскі каталіцкі кляштар дамініканцаў з прыгожым барочным касцёлам Святога Тамаша Аквінскага. Падарожнікі адзначалі велічнасць муроў гэтай святыні, а таксама гучанне аргану. Існуе цікавае паданне пра заснаванне храма, паводле якога менская шляхта, вяртаючыся з паходу на Маскву, арганізавала збор на карысць святыні,

Касцёл Святога Тамаша Аквінскага, 19 ст., Мінск  
Касцёл Святога Тамаша Аквінскага, 19 ст., Мінск  

які атрымаў назву “капытковага”. Гэта значыць, з кожнага каня, праведзенага праз гарадскую заставу, збіраўся грашовы падатак. У інтэр’еры касцёла былі вывешаны 8 гербаў шляхты, якая арганізавала збор сродкаў. Такім чынам, касцёл і кляштар дамініканцаў былі закладзеныя ў 1605 годзе, але моцна пацярпелі ад гарадскога пажару. Кляштар быў адноўлены к сярэдзіне 17 стагоддзя таксама як абарончы фарпост горада. Моцна пацярпеў у часы вайны Расеі з Рэччу Паспалітай (1654-1667 гадах). Пры раскопках на месцы Дамініканскага кляштара была знойдзена вялізарная брацкая магіла часоў той жахлівай вайны, якая змяніла лёс горада і краіны. У 1832 годзе кляштар быў зачынены расейскімі ўладамі. Сцены магутнага будынака ацалелі пасля Другой сусветнай вайны, хаця ў яго сярэдзіну трапіла бомба. Захаваліся звесткі, што падчас акупацыі ягоныя муры аглядаў галоўны камісар Беларусі гаўляйтар Кубэ. У 50-х гадах забудова была цалкам знішчана. З улікам добрай захаванасці падмуркаў на месцы першага ў Менску кляштарнага комплексу планаваўся археалагічны музей пад адкрытым небам, але ж цяпер тут паўстаў іншы будынак найноўшага часу — Палац Рэспублікі.

Аднак у горада з’явіўся спадзеў пабачыць касцёл Святога Тамаша Аквінскага. Мінгарвыканкам ухваліў прапанову Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры аднавіць на Кастрычніцкай плошчы выдатны барочны храм. А можа быць з часам адновіцца і старая назва цяперашней вуліцы Энгельса — Дамініканская.

Вольга Бабкова, беларускі гісторык, пісьменнік.