Серыя “Беларускія творцы ў cвеце”. Алег Юшко

Сярод навучэнцаў прэстыжнага бельгійскага Вышэйшага інстытута прыгожых мастацтваў ёсць адзін беларус. З Алегам Юшко мы пазнаёміліся на выставе, якую штогод ладзіць гэта ўстанова ў Генце. Фармат выставы не зусім звычайны: гледачы наведваюць мастакоў на іх працоўным месцы ў творчых студыях.

Комплекс інстытуту месціцца на тэрыторыі ваенных казармаў, на адной палове якіх дагэтуль яшчэ сканцэтравана ваенная частка. Дарэчы, у гэтым пэўная тэндэнцыя ў Еўропе. Гарадскія ўлады аддаюць былыя фабрыкі і састарэлую інфраструктуру, якая ўжо не працуе па прызначэнні, мастакам і іншым творчым людзям. На месцы былых прамысловых монстраў паўстаюць галерэі, майстэрні ды музеі. Такі падыход даводзіць сваю слушнасць праз вялікую колькасць наведвальнікаў, якія цягнуцца сюды з усяго свету.

У гэтай уласцівасці мастацтва ўдыхнуць жыццё ў апусцелыя фабрычныя цэхі, казарменныя памяшканні заўважальна пэўная маргінальнасць, уласцівая перад усім авангарднаму мастацтву.      

Вышэйшы інстытут прыгожых мастацтваў – установа паслядыпломнага тыпу, навучанне ў якой доўжыцца два гады. Яе мэта – падтрымка маладых мастакоў.

Мяне зацікавіла форма, у якой існуюць творчыя аб’яднанні ў Бельгіі. Каб стаць навучэнцам інстытута, трэба здаць іспыты і прадэманстраваць свае ранейшыя творчыя дасягненні. Кожны навучэнец сплачвае складкі на карысць арганізацыі. Узамен інстытут забяспечвае кожнага творчай студыяй. У калектыўным карыстанні знаходзяцца, напрыклад, асобныя майстэрні па апрацоўцы дрэва ці абсталяваныя пад мультымедыя кабінеты.

Установа стварае таксама ўмовы для рэалізацыі ўласнага творчага праекту, выдзяляе сродкі на вандроўкі. Навучальны працэс уяўляе з сябе серыю майстар-класаў, для правядзення якіх запрашаюцца вядомыя еўрапейскія мастакі. Кантынгент навучэнцаў, як і выкладчыкаў, таксама міжнародны. Напрыклад, сёлета сярод 25 навучэнцаў прадстаўнікі 13 краін.

Я спытаў Алега, як яму працуецца ў такім міжнародным асяроддзі:

“Насамрэч, вельмі няпростай была для мяне адаптацыя да міжнароднага асяроддзя. Гэта доўжылася даволі доўга. У мяне нават пачатковыя працы адлюстроўваюць гэты стан няўпэўненасці, калі я зрабіў, напрыклад, інсталяцыю з калючага дроту. Але зараз я бачу, што гэты перыяд быў для мяне пераломным у сэнсе станаўлення як мастака, творцы. І міжнароднае асяроддзе вельмі прадуктыўнае для творчай працы”.  

Вучэльня, такім чынам, дапамагае ўсталяванню кантактаў з мастакамі з розных краін, куратарамі ды культурніцкімі менеджэрамі, што значна дапамагае зарыентавацца ў прафесіі. На мой, погляд, такая форма арганізацыі мастакоў на пачатковым этапе іх творчай кар’еры з’яўляецца дастаткова рацыянальнай. Таксама кідаецца ў вочы, што творчыя аб’яднанні ў Еўропе ў прынцыпе вылучаюцца большай спецыялізацыяй і больш дакладнай фармулёўкай прафесійных інтарэсаў, чым прынамсі ў Беларусі.

Сярод мастацкіх праектаў, прапанаваных Алегам, мяне зацікавіла калекцыя фотаздымкаў, якая характарызуе і раскрывае сацыяльны ландшафт нашых гарадоў.

У аб’ектыў аўтара трапляюць замаляваныя графіці на сценах нашых гарадскіх блокаў. Цыкл прац носіць назву Implication (падтэкст) і датуецца прамежкам часу 2002-2007.

Факт з’яўлення палітычных графіці і таго, як пра гэта дбаюць нашы камунальныя службы – агульнавядомы. Адна з найбольш характэрных рысаў Мінску, не раз заўважаная культуролагамі – пустата і ўласцівая гэтай пустаце стэрыльнасць. Гэта пачуццё ўзмацняецца чыста вымеценымі вуліцамі і свежавыфарбаванымі фасадамі дамоў. Зразумела, калі з’яўляюцца графіці, гэта пачуццё парушаецца. Але і зафарбоўка графіці на пэўны час пакідае ўражанне незразумелага мэсыджу, ці то такога дадатковага графічнага элементу для небагатай архітэктуры, ці то спробы цэнзуравання, калі ў прынцыпе аб змесце можна здагадацца па замаляваных контурах. Такі метад “барацьбы” з графіці ў пэўнай ступені нават узмацняе іх пасланне.  Характэрна, што ў Еўропе атрымалася пераадолець маргінальнасць гэтага тыпу вулічнага мастацтва, ці нават звычайнага шкодніцтва, шляхам стварэння высокамастацкіх муралес, якія ўпрыгожваюць Брусель, Белфаст і шмат якія іншыя еўрапейскія гарады.

Фактычна, аўтарам задакументаваны акт вандалізму і анты-вандалізму, які па сваёй форме таксама нагадвае вандалізм. Мастацкая вартасць праекту сягае па-за межы проста ведання нашага палітычнага ці сацыяльнага кантэксту. Адной з наведвальніц выставы падалося, што менавіта аўтар замалёўваў графіці і ў гэтым заключаны яго нібы творчы акт.


Замаляваныя графіці ў Мінску


Замаляваныя графіці ў Мінску


Мастацтва муралес у Бруселі



Мастацтва муралес у Бруселі


Мастацтва муралес у Бруселі (стары горад)
30.05.2008

 Ягор Сурскі для ОДБ

Здымкі замаляваных графіці з калекцыі  Алега Юшко

Фота муралес—ОДБ