Прэзентацыя кнігі "Гэта Беларусь, дзетка" ў галерэі "Ў"

Запрашаем на прэзентацыю кнігі “Гэта Беларусь, дзетка!” - шчодра ілюстраванага гумарыстычнага гіда па выжыванні ў Беларусі, складзенага на ангельскай і беларускай мовах. Кніга паўстала на базе папулярнага блогу “Гэта Беларусь, дзетка!”.

Імпрэза мае адбыцца ў гэту суботу, 7 лістапада, з 14 да 16 гадзін у галерэі “Ў” па адрасе: Мінск, Праспект Незалежнасці, 37а   (станцыя метро “Плошча перамогі”).

У праграме сустрэча з аўтаркамі кнігі, розыгрыш прызоў, падвядзенне вынікаў конкурсаў, сярод іх - конкурсу на самы вясёлы фотаздымак, размешчаны з хэштэгам ‪#‎hetabelarusdzietka‬ або ‪#‎etobelarusdetka ў сацыяльных сетках (Facebook, Twitter, Instagram).  Падрабязней чытайце тут па-ангельску і па-беларуску. Кнігу можна будзе набыць і падпісаць наўпрост у аўтараў або загадзя ў кнігарні “ЛогвінаЎ” ці іншых крамах горада.

Аўтары, Марыя Чаракова і мастачка Марта Чарнова, - беларускі, якія воляй лёсу ў пяшчотным узросце апынуліся за мяжой, але не пакінулі любові да радзімы і гараць жаданнем адкрываць “гэту бясконца цікавую краіну” для сябе і замежнікаў,  падзеляцца асабістымі гісторыямі  і распавядуць пра шлях кнігі да чытача.

Добры настрой і прыязная атмасфера гарантаваныя!

Колькасць месцаў абмежаваная, таму, зарэгіструйцеся, калі ласка, па гэтым адрасе сеціўнай пошты не пазней за 12:00 6 лістапада: alyona@odb-office.eu.
Інфармацыйная падтрымка мерапрыемства – ОДБ Брусель. Старонка мерапрыемства на Фэйсбуку.
Прапануем Вам кароткую рэцэнзію на кнігу і чакаем у суботу!

Гэта Беларусь, дзетка!
Тэкст: Алесь Бондар для ОДБ Брусель
 

Ілюстраваны гід па выжыванні ў Рэспубліцы Беларусь
Жылі-былі дзве дзяўчыны, Маша і Марта. Маша жыла ў Галандыі, сярод цюльпанавых палёў, каналаў і карцінаў Ван Гога. Марта жыла ў Амерыцы, краі хмарачосаў, каўбояў і гамбургераў.  Здавалася б, жылі і жылі сабе, гора не ведаючы. Але была ў іх адна таямніца.
Хоць дзяўчаты і жылі ў Галандыі і Амерыцы, але нарадзіліся яны ў зусім іншай, казачнай краіне. Гэта край, які знаходзіцца немаведама дзе, называецца немаведама як. Раніцай ходнікі там падмятаюць чароўныя феі ў аранжавых камізэльках, па вуліцах ездзяць міліцэйскія трактары, улетку вада ў душы там халодная, а людзі такія бедныя, што ажно ўсе мільянеры.
 

Вырашылі Маша і Марта даведацца, што ж гэта за край такі, адкуль яны родам. Набылі квіткі на самалёт. Прыляцелі – і ахнулі.
“Гэта ж Беларусь, дзетка!”
І нарадзілася ў іх... Кніжка.
У прынцыпе, нават не столькі кніжка, колькі гід па выжыванні і захаванні пачуцця гумару для тых замежнікаў, хто апынуўся ў краіне пад назвай Беларусь. Без малога сто старонак поўныя назіранняў, парадаў і тлумачэнняў, якія датычацца мовы, паводзінаў, звычак, прымхаў, цікавостак ды часам і абсурднасцей беларускага жыцця.
Гэтая кніжка зусім не падобная на нататкі журналістаў-гастралёраў, якія прыязджаюць на два дні пад прэзідэнцкія выбары і, не вылазячы з гатэльнага нумара, пішуць опусы пра “апошнюю дыктатуру Еўропы” (хоць непадалёк ёсць ужо дыктатары і пакруцей), распавядаюць байкі пра тое, што людзі тут шэрыя, а навокал усё спрэс савецкае. Варта прызнаць – у гэтым таксама ёсць доля праўды. Але гэтыя з’явы, бадай, не складаюць надта значнай часткі штодзённага жыцця большасці беларусаў.
А вось што робіць мясцовы жыхар, уступіўшы ў сабачы ляпёх? Чаму нельга насвістваць песенькі ў  хаце? І што рабіць, калі ты зайшоў у душ, і зраумеў, што там няма гарачай вады?
У кніжцы нават ёсць месца парадам, як весці сябе ў выпадку, калі вы прыйшлі ў паліклініку, а перад вамі ўжо пяты чалавек просіцца зайсці без чаргі, бо яму “толькі спытацца”, а вы ўжо дастаткова  дасведчаны, каб падазраваць, што візіт нахабніка зацягнецца на паўгадзіны.

Ілюстрацыя: Марта Чарнова, крыніца: EtoBelarusDetka.com


Кніга – гэта не толькі побытавыя назіранні, але і больш глыбокія высновы. Напрыклад, аўтаркі сцвярджаюць, што беларускія мужчыны – найшчаслівейшыя ў свеце, але менавіта дзякуючы беларускім жанчынам. Беларускія жанчыны – гэта супервумэн, якаія маюць па некалькі пар рук, адна з якіх гушкае немаўлятка, другая збірае іншае дзіця ў школу, трэцяя гатуе сняданак, чацвёртая забівае цвік у сцяну, а пятая наводзіць макіяж на сваю ўладальніцу. А бабулі – увогуле магутныя чараўніцы, якія трымаюць апранутай, накормленай ды радаснай усю сям’ю.

Пагартаўшы кнігу, заўважаеш, што Маша і Марта нейкім чынам здолелі не заўважыць у Беларусі ні палітыкі, ні паўсюдных міліцыянтаў. Абыйшлі бокам яны і склізкае пытанне нацыянальных сімвалаў. Добра гэта ці дрэнна? Цяжка сказаць. Магчыма, яны проста паглядзелі на Беларусь вачыма звычайнай дзяўчыны. Бо, як ні круці, а маладыя беларускі нашмат часцей сутыкаюцца не са сцягам ды гербам, а з шыльдачкай “без мужа не ўваходзіць” на браме ў казачы замак пад назвай “шчаслівая будучыня”. Сапраўды, іх погляд на краіну (па зразумелых прычынах) – у многім жаночы, што таксама робіць кнігу адмысловай.
 

Унікальнасць “Гэта Беларусь, дзетка!” ў тым, што перад намі погляд на Беларусь не замежніка, але беларуса. І гэта погляд вельмі прыязны. Людзі, якія напісалі гэтую кніжку, любяць Беларусь такой, якой яна ёсць. “Слаўленне беларускай унікальнасці” – так аўтаркі самі абазначылі свой жанр. Нашую – дакладней, сваю – краіну яны называюць “бясконца цікавай”. Хочацца зняць капялюш перад дзяўчатамі, якія хоць і пражылі ўсё жыццё за мяжой, але знайшлі шлях на радзіму.
 

Дарэчы, аўтаркі ўжо даўно займаюцца Беларуссю. Маша Чаракова мае ўнікальную для нас прафесію – сацыяльны прадпрымальнік. Яна была распачынальніцай праекта "Соцстарцер" (Socstarter), у выніку якога будучыя беларускія прадпрымальнікі, арыентаваныя перад усім на сацыяльный эфект сваіх прадпрыемстваў, наведалі Галандыю з навучальнымі візітамі.
 

Марта Чарнова – дызайнерка і ілюстратарка, якая стварыла малюнкі-коміксы для кніжкі. Яны робяць чытво займальным ды лёгкім. Дзякуючы яе карцінкам, кнігу можна адчыняць у любым месцы, чытаць з сярэдзіны ці канца – і ўсё роўна гэта будзе цікава ды лагічна.
 

Калі вы, той, хто чытае гэтыя радкі, нарадзіліся ў РБ, уявіце сабе: адразу пасля нараджэння бацькі звезлі вас за мяжу. І вось, праз два, тры, ці колькі там дзясяткаў гадоў, вы апынуліся ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь. Якой бы вы пабачылі гэтую краіну? Гэтая кніга дае магчымасць правесці такі эксперымент. Давайце зірнем самі на сябе свежым вокам. Можа, не так у нас усё добра, як паказваюць па тэлебачанні? Можа, не так у нас усё дрэнна, як гэта нам самім часам здаецца? Кніга – гэта спроба адказаць на пытанні, якія мы самі сабе звычайна ніколі не задаем. Адказ жа лёгкі:
Гэта Беларусь, дзетка!
 

p.s. Калі вы прыехалі ў Беларусь, і ў вас выпадкова скончыліся ўсе грошы, don’t worry. Зрабіце так, як робяць усе беларусы, – змяняйце даляры.

На фота Марта Чарнова, ілюстратар (злева) і Марыя Чаракова, аўтарка (справа). Фота з архіву аўтараў.
ОДБ Брусель