Беларускі Кіт

http://www.nv-online.info/get_img?NrImage=2&NrArticle=12034Сыны і дочкі Беларусі на працягу стагоддзяў праслаўлялі родную зямлю на розных мовах, даючы ёй розныя імёны. Шмат хто з тых,  што нарадзіліся тут, не лічаць сябе беларусамі – межы перамяшчаліся хутчэй, чым людзі ўсведамлялі сябе ўнутры іх. Толькі ў ХХ ст. Беларусь атрымала цяперашняе імя, змяніўшы сталіцу з гістарычнай Вільні на больш цэнтральны Мінск. Нават сёння ад беларуса цяжка чакаць патрыятызму: жыхары гэтай зямлі ўжо ўсведамляюць сябе нацыяй, але яшчэ не ўпэўненыя ў яе прыкметах. 

Унікальнасць беларуса Барыса Кіта ў тым, што здабыўшы славу далёка па-за межамі краіны, ён не забыўся на свае карані і родную мову. У 2010 годзе першаму беларусу Свету стукнула 100 гадоў. Вучоны з сусветным імем, матэматык, фізік, хімік, доктар навук, сябра супольнасцей астранаўтаў, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, Кіт прымаў віншаванні ў нямецкім Франкфурце і як заўжды шмат казаў пра Беларусь.

http://www.gazetaby.com/i/2010/04/BorisKit.jpgБарыс Кіт (сапраўднае прозвішча Кіта) нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу і ў васьмігадовым узросце пераехаў на радзіму бацькі, у вёску Агароднікі (сёння частка гарадскога мястэчка Карэлічы ў Гродзенскай вобласці). Скончыў польскую школу (1926) і беларускую гімназію ў Навагрудку (1928), а ступень магістра матэматыкі атрымаў на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя (1933). Яшчэ на трэцім курсе універсітэта Кіт пачаў выкладаць матэматыку  у Віленскай беларускай гімназіі, у 1939 г., яго 29-гадовага, прызначылі дырэктарам гэтай гімназіі.

Пасля таго, як напрыканцы 1939 г. Вільня адышла да Літвы, Кіт вярнуўся ў Беларусь і ўзначаліў адноўленую беларускую гіманзію ў Навагрудку. На пасадзе школьнага інспектара Баранавіцкай акругі спрыяў адкрыццю соцень беларускіх пачатковых і некалькіх дзесяткаў сярэдніх школ.

У гады нямецкай акупацыі Кіт працягнуў актыўную адукацыйную працу і дамогся ад нямецкіх уладаў дазволу на адкрыццё Гандлёва-адміністрацыйнай школы ў Маладзечна, дзе, нягледзячы на забарону немцаў, навучанне ішло па інстытуцкай праграме. Навучэнцы гэтай школы не падпадалі пад вываз на працу ў Германію.
Кіт жыў у Беларусі ўсяго толькі 26 гадоў. У 1944, баючыся абвінавачванняў у калабарацыянізме з боку Саветаў, будучы навуковец з сусветным імем выехаў у Германію, паступіў на медыцынскі факультэт Мюнхенскага ўніверсітэта і выкладаў матэматыку ва ўкраінскай гімназіі.

Напрыканцы 1948 г, у 38 гадоў Кіт пераехаў у ЗША. Акрамя беларускай, рускай, польскай, украінскай, французскай і нямецкай мовы, Барыс Уладзіміравіч вывучыў ангельскую. У Амерыцы ён пераязджаў з месца на месца, скараючы розныя прафесіі: працаваў фармацэўтам і хімікам, пакуль не знайшоў сябе ў якасці матэматыка і сістэмнага аналітыка ў галіне касмічных даследаванняў.

Менавіта Кіт паказаў, як можна выкарыстоўваць вадкі вадарод у якасці касмічнага паліва, вызначыўшы тым самым развіццё амерыканскай касмалогіі. Яму належыць і першы ў гісторыі падручнік па касмічным паліве, ён – аўтар матэматынага разліку траекторыі  палёта амерыканскіх касмічных караблёў на Месяц.

Пачынаючы з 1958 года, Кіт – пастаянны дэлегат Міжнародных кангрэсаў па астранаўтыцы. Паралельна ён выкладае матэматыку ў Мэрылендскім універсітэце.

У 1960 г. беларус узначаліў першую двухбаковую сустрэчу  паміж СССР і ЗША. Вынікам тых перамоваў стаўся запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай парграмы “Саюз-Апалон”. За велізарны ўнёсак у сусветную навуку і касмічныя даследаванні яго імя апынулася ў спісе амерыканскіх навукоўцаў  у  гэтак званай “капсуле часу”, замураванай ў сцяне Капітолія, а таксама патрапіла ў Залу славы Вашынгтонскага біяграфічнага інстытута.


http://kamunikat.fontel.net/images/vilnia/kit23.jpeg14 сакавіка 1969 г. Барыс Кіт атрымлівае пасведчанне з падзякай за выдатную працу ў Міністэрстве абароны ЗША

Патрапіўшы ў ЗША, Кіт заснаваў Беларуска-амерыканскі камітэт дапамогі, што займаўся культурнай, сацыяльнай і палітычнай дзейнасцю, і на працягу ўсяго жыцця дапамагаў землякам і Радзіме.

Пасля выхаду на пенсію, у 1972 г. 62-гадовы Кіт пераехаў у Германію. У Франкфурце-на-Майне стаў прафесарам матэматыкі Еўрапейскага аддзялення Мэрылэнскага ўніверсітэту. У 1982 г. абараніў доктарскую дысертацыю па дзейнасці аднаго з найвыдаднейшых матэматыкаў ХХ стагоддзя Антона Зігмунда, свайго прафесара з Віленскага універсітэта. Кіту была нададзена ступень доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі.

У 1993 годзе ў свае 83 гады, амаль праз паўстагоддзя, Кіт упершыню прыехаў у Беларусь і вяртаўся яшчэ некалькі разоў, пакуль дазваляла здароўе. Вучоны прапаноўваў адкрыць у Беларусі нацыянальны ўніверсітэт на ўзор еўрапейскага. Пра жыццё Барыса Кіта выйшла дзве кнігі літаратуразнаўцы Лідзіі Савік “Вяртанне” і “Космас беларуса”. Яму было нададзена званне ганаровага доктара Гродзенскага ўніверсітэта і ганаровага грамадзяніна Навагрудка. У гімназіі, дзе працаваў Кіт, адчыніўся яго музей.

http://www.nv-online.info/get_img?NrArticle=11920&NrImage=5


Так, гэта ўсяго толькі факты біяграфіі, але за імі стогадовы досвед штодзённай працы, барацьбы за выжыванне і самаўдасканаленне.


Кіт заўжды лічыў сябе шчаслівым чалавекам. Практычна аднагодка стагоддзя, ён дагэтуль жыве па-за часам і насуперак абставінам, не ўваходзіць у партыі і адданы толькі навуцы і сваёй беларускай радзіме. Сярод рэцэптаў яго даўгалецця: беларуская генэтыка, выкладчыцкая і асветніцкая дзейнасць, страшныя галодныя гады, але самае важнае – чыстае сумленне. “Я нікому ніколі не рабіў кепска, “ – кажа Кіт.

Кіт упэнены, што толькі вольны чалавек можа быць творцай, ствараць новае і пісаць сваю біяграфію. Як сапраўдны беларус, ён рабіў гэта ў абсалютна розных краінах, але – дзеля і ў імя Беларусі.

Як ні сягне высока птах,

Ляцеціме ў гняздо наніз.

Зямля стаіць на трох кітах.

Адзін з кітоў — спадар Барыс. (Рыгор Барадулін)

 
Тэкст: Марына Рахлей, пераклад: ОДБ