Лімітрофныя гульні Лукашэнкі дайшлі да свайго піку

ЕСГэтыя ды іншыя пытанні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць: з Бруселю — дырэктарка няўрадавай арганізацыі «Офіс за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская, з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненняў Кірыл Коктыш.
  
Глод: Санкцыі да беларускага рэжыму Еўропа ўжо ўводзіла. Быў складзены сьпіс чыноўнікаў, якім забаранялася ўяжджаць на тэрыторыю Еўрасаюзу. Гэты сьпіс пераглядаўся, скарачаўся, замарожваўся. Але цяпер, падобна, ЕС гатовы і на іншыя меры ўзьдзеяння. Спадарыня Вольга, кажуць, што ў Брусэлі з вуснаў кіраўніка Еўрапарламента Ежы Бузэка, некаторых парлямэнтароў гучалі больш радыкальныя прапановы — напрыклад, увядзеньне эканамічных санкцый, забарона беларускім спартоўцам удзельнічаць у Алімпіядах, усясветных чэмпіянатах і кубках?

Стужынская: У бальшыні краін Еўрасаюзу і тут, у Бруселі, большасць схіляецца да таго, што санкцыі будуць найперш візавымі. Ва ўсялякім выпадку, менавіта на гэты час такая мера абмяркоўваецца. І я ведаю, што працэс увядзення гэтых санкцыяў альбо іх вяртання ўжо пачаўся. І калі да 31 студзеня ня будуць вызваленыя людзі, якія знаходзяцца ў турмах, то рашэньне будзе прынятае менавіта па візавых санкцыях.

Што тычыцца эканамічных санкцый, то і тут дэбаты вядуцца. Але бальшыня пакуль схіляецца да таго, каб яны не былі ўведзеныя ў дачыненні да Беларусі.

Глод: Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў у гэтыя дні бясконца цвердзіць: калі Еўропа праявіць жорсткае стаўленне, Беларусь зноў будзе вымушаная вярнуцца да больш шчыльных дачыненняў з Расіяй. Спадар Кірыл, на ваш погляд, Масква сапраўды гэтага чакае? І як вы ацэньваеце апошнюю заяву міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова?

Коктыш: Мне здаецца, што Масква гэтага не чакае. І калі разглядаць словы Лаўрова, то эўрапейская заява зрабілася для Расеі вельмі прыемным выйсьцем з сытуацыі. Бо з шэрагу розных прычын Масква ня мае сёньня магчымасці выказаць сваю незадаволенасьць беларускім рэжымам у палітычнай форме. Тут існуюць і ўнутрырасейскія абмежаванні, і знешнепалітычныя абмежаванні. І калі гэта зрабіў Брусель, то для Расеі гэта сталася вельмі добрым выйсцем — узяць і салідарызавацца.

Упершыню Расея не заняла звычайную для сябе пазіцыю — ратаваць Беларусь любым коштам, а салідарызавалася са зьнешнім гульцом. І яна дала зразумець, што яна таксама абражаная развіццём падзеяў у Беларусі. І, такім чынам, Лукашэнка робіцца тою фігураю, праз якую Еўрасаюз і Расея пачынаюць кансалідавацца.

Лукашэнка робіцца тою фігураю, празь якую Еўрасаюз і Расія пачынаюць кансалідавацца.

Мне падаецца, што дзякуючы Лукашэнку Еўрасаюз знаходзіць агульную мову як унутры сябе, так і з Расіяй. І мне здаецца, што тут будзе вельмі цікавае развіццё падзей.

Глод:
Эканаміст Леанід Заіка лічыць: самым моцным ударам у эканамічнай сферы стала б адмова краін Еўрасаюзу ад закупу беларускіх нафтапрадуктаў. І калі ўвядуць такую забарону — уласна кажучы, нават не забарону, а рэкамэндацыю, — то гэта выкліча стан шоку. Але ён сумняецца, што ЕС гэта зробіць, паколькі «надта ж шмат зарабляюць і еўрапейцы, і беларусы на гэтых здзелках». Спадарыня Вольга, а якое ваша меркаванне — адважыцца Брусель на такі крок ці не?

Стужынская: На гэтым этапе — такіх размоў, наколькі я ведаю, не вядзецца. І, я думаю, калі сітуацыя ў Беларусі значна не пагоршыцца, то пытанне не будзе разглядацца. Трэба ўлічваць, што ў Еўрасаюзе 27 краін. І кожная мае свае інтарэсы, у тым ліку і эканамічныя. І знайсці рашэнне па эканамічных санкцыях, якое задаволіла б кожную краіну, — я не думаю, што гэта магчыма. Да таго ж вельмі цяжка падлічыць, наколькі гэта б уздзейнічала на беларускае кіраўніцтва і на беларускую эканоміку.

Глод: Спадар Кірыл, нафтапрадукты Беларусь вырабляе ў Наваполацку і Мазыры з расейскай нафты. Сёлета Беларусь будзе атрымліваць яе без мыта. Атрымліваецца, што Масква такім чынам фактычна фінансуе рэжым Лукашэнкі? Ваша меркаванне?

Коктыш: Гэта не зусім так. Усё ж такі прэзыдэнт Мядзьведзеў — юрыст. І ён шукае юрыдычнае выйсце са становішча. Пытанне нафты перайшло — і, здаецца, назаўжды — з роўня ўрадаў на ровень гаспадарчых суб’ектаў. А такія спрэчкі могуць цягнуцца бясконцы час. Прыкладна гэта мы назіраем з пастаўкай нафты ў Беларусь у студзені. І хаця гэты першы канфлікт сёлета, я думаю, хутка будзе вырашаны, ён будзе вырашаны на ўмовах Масквы, а не Мінску. А далей Масква будзе — больш ці менш паслядоўна — закручваць гайкі і здымаць Беларусь са свайго ўтрымання. А канчаткова гэты працэс скончыцца з уваходам у дзеянне БТС-2, калі нафта пойдзе ў абыход Беларусі.

Масква, вядома, будзе называць гэта не эканамічнымі санкцыямі, а спрэчкамі гаспадарчых суб’ектаў, узгадненнем эканамічных інтарэсаў і г.д. Але насамрэч гэта будзе перакрыццё патоку «чорнага золата», якое паступае ў Беларусь з Расіі.

Глод: Беларускія аналітыкі, трэнэры, спартоўцы цьвердзяць: перанос з Беларусі ў іншую краіну хакейнага чэмпіянату сьвету-2014, іншыя падобныя захады будуць вельмі цяжкімі ўдарамі па іміджы Беларусі, па яе кіраўніку, які, дарэчы, зэяўляецца прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Ці магчымыя такія меры?

Стужынская: Насамрэч Брусель адкрыты да розных прапаноў і розных ідэй. Пра што і сказаў Ежы Бузэк на пасяджэнні камітэту міжнародных спраў Еўрапарламенту. Але дэбаты паказваюць — тут ёсць свае «за» і «супраць». Бо размова ідзе пра імідж усёй Беларусі, а не толькі яе кіраўніка. А Беларусь — гэта мы ўсе. І таму, я думаю, тут будуць супрацьлеглыя падыходы.

Пакуль, што тычыцца спартовых мерапрыемстваў, ніякіх канкрэтных рашэньняў не прынята. Аднак дэбаты тут яшчэ будуць ісьці.

Коктыш: Пазбавіць аўтарытарны рэжым магчымасці зарабіць сімвалічны рэсурс за кошт перамогаў за межамі сваёй краіны — гэта сапраўды вельмі моцны ўдар. Я не думаю, што гэта можа быць рэалізавана ў самым радыкальным варыянце — выключэнні Беларусі з Міжнароднага алімпійскага камітэту. Хаця такі прэцэдэнт існуе, калі Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку выключылі з МАКу з-за апартэіду.

Аднак пакінуць Беларусь без чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе — гэтае пытанне, на мой погляд, даволі лёгка можна вырашыць. І думаю, што менавіта гэты варыянт Эўразьвяз можа ўзяць як рабочы. І гэта будзе ўдар пад дых. Бо такая мера пазбавіць рэжым аднаго з апірышчаў сваёй устойлівасьці.

Глод: І апошняе — беларускае кіраўніцтва цвердзіць, і некаторыя заходнія палітыкі гэта паўтараюць: ізаляцыя не прымусіла беларускі рэжым стаць мякчэйшым. І таму, маўляў, не трэба паўтараць гэтую памылку.

Стужынская: Я лічу, што вяртанне да ізаляцыі толькі пагоршыла б сітуацыю. Таму што, калі глядзець на тых людзей, што выйшлі на Плошчу 19 снежня, то гэта пераважна прадстаўнікі сярэдняга класу. Бальшыня з іх бывае за мяжой, мае разнастайныя крыніцы інфармацыі.

І, на мой погляд, тое, што яны выйшлі на Плошчу, — гэта ў пэўнай ступені і вынік той адноснай лібэралізацыі, якая адбывалася цягам апошніх двух гадоў. А гэта ў прынцыпе сведчыць пра тое, што, як бы там ні было, але тыя пазітыўныя крокі, якія адбываліся, і той мінімальны дыялог з Захадам, з еўрапейскай супольнасцю, ён усё ж станоўча адбіўся на грамадстве Беларусі. І гэта дало магчымасць беларусам выказаць свой пратэст 19 снежня.

Коктыш: Пасля падзей 19 снежня склалася вельмі цікавае становішча. Дзякуючы Лукашэнку ўпершыню за доўгі час маральная палітыка можа стаць эканамічна прыбытковай. Дагэтуль было наадварот. Палітыка была альбо маральнай, але стратнай — альбо не маральнай, але прыбытковай. А Лукашэнка нечакана ўвёў у абарот такі сімвалічны капітал, як годнасць, гонар. І падняў кошт гэтых паняццяў. Менавіта яны сталі яднаць Еўрасаюз.

І калі гэтая гульня стане доўгай, то бок калі Лукашэнка стане ператварацца ў не вырашальную ў хуткім часе і звыклымі сродкамі праблему, то гэта будзе азначаць для Еўропы нейкае выйсце з эканамічнага крызісу і нейкі сродак вырошчваць сваю ўласную эканоміку. Прыкладам, як гэта зрабілі Злучаныя Штаты з усясветнай эканомікай падчас карэйскай вайны. Гэта адзін з магчымых сцэнароў. І, вядома, Еўрасаюз будзе дбаць пра ўласныя інтарэсы. Аднак гэта будзе вельмі цікавае і вельмі незвычайнае палітычнае развіцьцё. Такім чынам,Еўрасаюзу будзе патрэбна, каб нейкі час стан рэчаў у Беларусі захоўваўся. І гэта можа матываваць Брусель. Лімітрофныя гульні, якія дагэтуль ужываў Лукашэнка, дайшлі да свайго піку. І зараз могуць пачацца гульні зусім іншага кшталту.

Радыё Свабода