Ігар Кузняцоў: “У Беларусі рэпрэсіі – і гісторыя, і сучаснасць”

70 год таму Савецкі Саюз накрыла хваля тэрору – 1937 г. лічыцца найбольш крывавым за ўсю гісторыю савецкіх рэпрэсій. Чаму камуністычная ўлада ўзяла на ўзбраенне масавыя расстрэлы і высылкі? Якім быў агульны маштаб рэпрэсій? У якім ракурсе гісторыя сямідзесяцігадовай даўніны ўспрымаецца ў сённяшняй Беларусі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Ігар Кузняцоў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, каардынатар беларускага аддзялення Міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мэмарыял”, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў

Словы “сталінскія рэпрэсіі” ўжо даўно зрабіліся трывалым словазлучэннем. Але ці слушна абмяжоўваць рэпрэсіі рамкамі перыяду кіравання Іосіфа Сталіна?

 
Актыўныя рэпрэсіі пачаліся нашмат раней, а менавіта – адразу пасля кастрычніцкага перавароту. У снежні 1917 г. была створана спецслужба ВЧК на чале з Дзяржынскім, якая ўпершыню выпрабавана на практыцы пазасудовыя расправы. З яе дапамогай без усялякай бачнасці судоў ці трыбуналаў знішчаліся палітычныя ворагі.

Каго ў той час залічалі да ворагаў?

Найперш усіх тых, хто належаў паводле свайго класавага становішча да так званых “былых” – былых паноў, капіталістаў, чыноўнікаў, афіцэраў, святароў і г.д. Усе яны адносіліся да варожых класаў не таму, што варожа ставіліся да савецкай улады, а таму што яны па сваёй прыродзе павінны былі варожа да яе ставіцца. Была дадзеная ўстаноўка знішчыць іх яшчэ да таго, як яны могуць пачаць супраціўляцца новаму палітычнаму ладу.

Ці можна казаць пра нейкую перыядызацыю савецкіх рэпрэсій?

У гісторыі разглядаецца перыяд актыўных рэпрэсій 1917 – 1953 г. , то бок ад Кастрычніцкага перавароту да смерці Сталіна. Пасля гэтага рэпрэсіі пераходзяць у больш плаўны варыянт – гэта ўжо так званая эпоха Хрушчова- Брэжнева. Рэпрэсіі сціхаюць у перабудовачны перыяд і фактычна заканчваюцца з распадам СССР у 1991 г. Праўда, у Беларусі, у адрозненне ад іншых краін, рэпрэсіі працягваюцца і сёння, нават больш за тое – ідуць па нарастаючай.

Ці можна ацаніць колькасць ахвяраў рэпрэсій у СССР?

Яшчэ ў савецкі час, у 1991 г. з’явілася афіцыйная інфармацыя, што было рэпрэсавана каля 3 млн. чалавек за ўсе гады савецкай улады, з іх прыкладна каля 600 тыс. чалавек расстраляна. Аднак гэтая лічба была заніжаная ў шмат разоў. Насамрэч было знішчана не менш за 20 млн. чалавек, а паводле шэрагу іншых крыніцаў – да 60 млн. (такой думкі, напрыклад, прытрымліваецца Салжаніцын). Дыяпазон колькасці ахвяр вельмі вялікі, але ў любым выпадку лік ідзе на дзесяткі мільёнаў.

Колькі чалавек было рэпрэсавана ў Беларусі?

Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі было рэпрэсавана да 600 тыс. чалавек. Паводле незалежных даследаванняў, ахвярамі рэпрэсій у нашай краіне зрабіліся не менш за 1,5 млн. чалавек. І гэта, заўважце, не ўлічваючы такіх рэпрэсій, як напрыклад, звальненне з працы ці адмова ў прыёме на працу па палітычных матывах, цкаванне дзяцей і жонак “ворагаў народа”, якія не маглі ні працаўладкавацца, ні атрымаць хаця б нейкую грашовую дапамогу, і мусілі весці вартае жалю існаванне. Нават калі мы пакідаем у баку псіхалагічныя рэпрэсіі і ўлічваем толькі юрыдычны бок справы, і тое лік ідзе на мільёны жыццяў.

У чым быў сэнс рэпрэсій, якую мэту ставіла перад сабой кіраўніцтва СССР?

Нашто ўсё гэта было? На гэтае пытанне дагэтуль ніхто не адказаў і, напэўна, не адкажа. У СССР чалавек яшчэ нічога крамольнага не думаў, а яго ўжо лічылі ворагам. Цяжка нават уявіць сабе, наколькі масавы характар прыняў гэты працэс. Даследуючы справы таго перыяду заўважаеш – калі ў сярэдзіне 1930-ых гадоў сярод рэпрэсаваных была найперш інтэлігенцыя, то ў 1937-мым “выкошвалі” ўсіх запар – і калгаснікаў, і беспрацоўных, і хатніх гаспадынь. І – самае неверагоднае – 2/3 з іх былі абсалютна адданыя савецкай уладзе. Знічтажалі тых, у каго нават у думках не было, што можна нешта супраць улады зрабіць. Напэўна, была пастаўлена задача насадзіць пачуццё страху ў краіне. Кожны павінен быў баяцца. І баяцца павінны былі, як ні дзіўна, тыя людзі, якія былі шчыра адданыя савецкай уладзе. І яны, у асноўным, пацярпелі ад яе. Абсурдная сітуацыя – пакутавалі людзі, якія гэтую ўладу падтрымлівалі, і ўсё роўна працягвалі ў яе верыць.

Існуе меркаванне, што Сталін быў недатычны да рэпрэсіяў. Маўляў, ён ні пра што не ведаў, а расстрэламі кіравала яго атачэнне. Ці праўда гэта?

Ёсць такая версія, якая зводзіцца да таго, што нібыта Сталін ні пры чым, што ён даверыўся органам бяспекі, яны выйшлі з-пад кантролю і пачалі ўсіх запар расстрэльваць. Гэтае меркаванне цалкам абвяргаецца і архіўнымі і навуковымі даследаваннямі. Рэпрэсіўны працэс быў дакладна рэгуляваны, усе разнарадкі даваліся Цэнтральным камітэтам кампартыі, які складаўся са Сталіна і з палітбюро. Увесь працэс быў пад кантролем. Быў такі знакаміты загад 00447 падпісаны Наркамам НКУС Яжовым, які ўпершыню ўводзіў тэрмін “генацыдныя разнарадкі”. Паводле яго загадзя вызначалася, колькі людзей трэба арыштаваць у кожнай канкрэтнай вобласці кожнай рэспублікі, колькі з іх расстраляць і колькі пасадзіць на 10 і больш год. Мала таго, яшчэ вызначаўся і сацыяльны склад будучых ахвяр. У разнарадках вызначалася, колькі трэба было арыштаваць святароў, колькі інжынераў, колькі інтэлігентаў, рабочых, сялян, і г.д. Даходзіла да абсурду: у некаторых абласцях ужо не было каго арыштоўваць, а разнарадкі ішлі і ішлі. Калі не хапала, напрыклад, святароў для расстрэлу, то іх бралі з іншых раёнаў. Галоўнае было не проста выканаць, а перавыканаць загад. А за недавыкананне можна было самому апынуцца ў гэтай самай яміне, быць расстраляным.

Чаму пік рэпрэсій выпаў менавіта на 1937-38 гг.?

Падчас выступлення на сакавіцкім пленуме 1937 г. Сталін абвясціў тэзіс пра тое, што па меры поспехаў сацыялізму супраціў ворагаў будзе ўзмацняцца. Вынікам гэтага і стаўся “загад 00447” – словы “правадыра” пачалі праводзіць у жыццё. Пачалася масавая зачыстка літаральна па ўсіх накірунках, якая прывяла да найцяжэйшых наступстваў. У 1937 г. было знішчана ад 7 да 15% насельніцтва СССР.

Ці здаралася так, што ахвярамі рэпрэсій рабіліся тыя, хто іх здзяйсняў?

Што датычыцца людзей, якія ўваходзілі ў склад так званых “троек”, “двоек”, надзвычайных нарадаў, расстрэльных каманд, – гэта вельмі складанае пытанне. Іх называюць катамі, але я дадам – яны ж таксама былі і ахвярамі рэжыму. Іх прымушалі гэта рабіць. Адны гэта рабілі з пачуцця веры ў савецкую ўладу, лічылі, што расстрэльваюць сапраўдных ворагаў, іншыя рабілі гэта таму, што самі хацелі выжыць, думалі, што так яны ўратуюць і сябе, і сваіх родных. Але – у 1938 г. узяліся ўжо за тых, хто непасрэдна здзяйсняў гэтыя злачынствы. Тыя, хто найбольш апантана праводзіў гэтую палітыку ў жыццё, самі апынуліся пад следствам і самі патрапілі ў тыя расстрэльныя ямы. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі больш за 20 000 чэкістаў былі знішчаныя гэтым самым рэжымам. Рэжым прыбіраў сведак, каб потым ніхто не даведаўся, што менавіта адбывалася ў 1937 г.

У чым былі адметнасці рэпрэсій ў Беларусі?

У Беларусі маштабнасць рэпрэсій была большай, найперш таму, што рэспубліка была памежнай – лічылася, што тут найбольш небяспечная сітуацыя. Гэтак, колькасць сялян, выселеных з Беларусі ў перыяд масавай калектывізацыі ў 1929-33 гг., перавышае cярэдні паказальнік высяленняў, якія праводзіліся ў цэнтральных раёнах Расіі, ва Украіне. Шырока практыкавалася высяленне з памежнай паласы. Высылалі ў аддаленыя месцы – Сібір, Казахстан. Туды адсялялі жыхароў заходніх раёнаў Беларусі, якія мала былі адаптаваныя да жыцця ў такіх кліматычных умовах. Гэта таксама была форма генацыду, знішчэння людзей без усялякіх абвінавачанняў і прысудаў.

Асаблівасцю было яшчэ і тое, што ў пачатку 1930 г. у Беларусі была практычна знішчана нацыянальная інтэлігенцыя. Спачатку былі створаныя “ліпавыя” арганізацыі – Саюз вызвалення Беларусі, Беларускі нацыянальны цэнтр, пад справы якіх падводзіліся канкрэтныя людзі. Але тады прысуды яшчэ былі мяккія, асуджаных больш высылалі, расстрэльвалі мала. Але калі тэрмін іх зняволення ці высылкі падыходзіў да сканчэння, то практычна ўсіх заспеў 1937 год, і іх ужо там, у высылцы, знішчылі. У Беларусі было расстраляна 90% пісьменнікаў. У Расіі гэты паказчык складае ня больш за 20%. Фактычна, была зніштожаная ўся нацыянальная інтэлігенцыя. Акурат сёлета будзе адзначацца трагічнае сямідзесяцігоддзе – 29 кастрычніка 1937 г. ва ўнутранай турме НКУС у Мінску (так званай “Амерыканцы”) расстралялі больш за 100 выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Як бачна, расстрэлы былі пашыраным, але далёка не адзіным відам рэпрэсій. Якія яшчэ метады выкарыстоўвала савецкая ўлада для барацьбы з “ворагамі народу”?

Самыя мяккія рэпрэсіі, канечне, былі так званыя “філасофскія параходы” ў часы Леніна, калі высылалі на Захад, іх не расстралялі, і тым самым падсілкавалі філасофскую і навуковую думку ў многіх краінах Еўропы і Амерыкі, яны нам за гэта да гэтага часу ўдзячныя. Такі падыход быў, аднак, не правілам, а выключэннем. Самыя масавыя рэпрэсіі здзяйсняліся з дапамогай так званых пазасудовых органаў. На іх сумленні – жыцці і скалечаныя лёсы прыблізна 2/3 ўсіх рэпрэсаваных. Найбольш пашыранымі з іх былі “тройкі”, якія засядалі ў кожнай вобласці. “Тройкі” складаліся з першага сакратара партыйнага камітэта, пракурора і начальніка абласнога камітэта НКУС. Гэтыя тры чалавекі завочна вырашалі лёс любога – без усялякіх выклікаў і разгляду справы – правялі пасяджэнне і паставілі расстраляць. Другі від рэпрэсій – высылка ў адміністратыўным парадку. Гэта было найбольш характэрна для 1929-32 гг., калі ў аддаленыя раёны СССР высяляліся цэлыя населеныя пункты. Гэта перыяд масавай калектывізацыі. Акрамя гэтага – высяленне з памежных раёнаў. Яшчэ – знішчэнне хутарскіх гаспадарак, які, дарэчы, шмат было і ў Беларусі. Яны фактычна знішчаліся, маёмасць канфіскавалася, а сем’і высылаліся.

Судовыя працэсы праходзілі рэдка і насілі фармальны характар. Шырока практыкаваліся расстрэлы па спісах. У нас ёсць дадзеныя, што многіх арыштоўвалі, расстрэльвалі і нават увогуле не фіксавалі гэты факт. У выніку чалавек знікаў бясследна, і нават цяпер, праз 70 год, яго родныя не ведаюць, дзе і калі ён быў расстраляны і пахаваны.

Халакост лічыцца найбольш дасканала задакументаваным злачынствам у гісторыі. А што можна сказаць пра савецкія рэпрэсіі? Наколькі грунтоўна яны адлюстроўваюцца ў архівах, і наколькі лёгка атрымаць да іх доступ?

Па-першае, звычайна ўсе гэтыя акцыі праводзіліся тайна, і таму вельмі многія дакументы ўвогуле не афармлялі. Па-другое, многія з тых дакументаў, якія былі аформленыя, напрыклад, акты прывядзення прысудаў да выканання, ці карты з нанесенымі на іх месцамі расстрэлаў, былі знішчаны ў  наступныя гады пасля смерці Сталіна ў сувязі з тым, што ва ўладзе заставаліся людзі, звязаныя з рэпрэсіямі, якія хацелі замесці сляды. Па-трэцяе, у Беларусі дагэтуль цалкам зачынены для даследаванняў архіў КДБ, ёсць шмат перашкодаў для доступу ў архіў МУС, і многія матэрыялы нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь знаходзяцца на асаблівым рэжыме захоўвання, які не дазваляе з імі азнаёміцца.

Максімум, што можна зрабіць – гэта даслаць запыт у КДБ пра канкрэтнага чалавека, а адтуль дашлюць адказ – ёсць у іх звесткі пра яго, ці не, не больш за тое. Такая вось гульня. Я не маю магчымасці прыйсці туды, каб знайсці патрэбную мне справу. І нават калі людзі, чые родныя былі расстраляны ў 1937 г., атрымліваюць дазвол азнаёміцца са справай, то на асобныя яе старонкі апранаюць капэрты, каб іх немагчыма было прачытаць. І гэта ўлічваючы той факт, што практычна ўсе тыя справы, якія ёсць у КДБ – цалкам сфальсіфікаваныя. Паказанні выбіваліся праз катаванні, псіхалагічны ціск. У многіх выпадках пратаколы нават не падпісаныя, хоць следчы пазначае, што ён з арыштаваны згодны з абвінавачаннямі. Мы не ведаем у Беларусі большасці месцаў, дзе пахаваны расстраляныя. Мы не ведаем, хто прыводзіў прысуды ў дзеянне. Уся інфармацыя цалкам зачыненая.

У якім кантэксце падаюцца рэпрэсіі  ў сённяшняй Беларусі?

Спачатку пра тое, як улада ставіцца да гэтай праблемы. Я б адказаў – ніяк. Робяць выгляд, што гэтай праблемы няма. Сёлета, у год сямідзесяцігоддзя масавых расстрэлаў, аргкамітэт па ўшанаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій звярнуўся ў савет міністраў, да прэзідэнта, каб абвясціць гэты год годам памяці, а 29 кастрычніка – днём памяці ахвяраў рэпрэсій. Адказу ніякага. Улада маўклівай адмовай сведчыць, што не мае жадання мець нейкія адносіны да гэтай праблемы.

Цяпер крыху пра навуковую сферу. Калі пачаўся перыяд перабудовы, распаду СССР, у Інстытуце гісторыі АН Беларусі была створана адмысловая працоўная група па даследаванні рэпрэсій. Як толькі адбыліся прэзідэнцкія выбары ў 1994 г., Яна была расфарміраваная. З 1995 г. аніводная навуковая ўстанова ў Беларусі, ні адзін навуковец афіцыйна не займаецца даследаваннямі рэпрэсій. Яшчэ адзін паказальнік – за гэты час у Беларусі не абаронена аніводнай кандыдацкай, ці доктарскай дысертацыі па праблеме рэпрэсій. Не таму што даследчыкі не жадаюць займацца гэтай тэмай, а таму што створаныя ўмовы, каб гэта было немагчыма зрабіць.

Навукоўцы падзеленыя на два накірункі. Прадстаўнікі афіцыйнага накірунку сцвярджаюць, што рэпрэсіі мелі цалкам заканамерны характар, што аніводная дзяржава не можа існаваць без рэпрэсій, прыводзяць у якасці аналага Вялікую французскую рэвалюцыю. Іншыя гісторыкі, якія аперуюць аб’ектыўнай інфармацыяй, даюць іншую карціну, паказваюць, што па крывавасці савецкі рэжым ад нацысцкага мала чым адрозніваецца. Хіба што колькасць знішчаных іншая. Але калі ўлічыць, што нацысты знішчалі ў асноўным насельніцтва іншых краінаў, і гэта было ва ўмовах вайны, то пры савецкай уладзе людзі знішчаліся ў мірных умовах, прытым тыя, хто быў адданы гэтай уладзе. Такой абсурднай сітуацыі ні ў якай краіне ў дваццатым стагоддзі не было.

Рэпрэсіі, нацысцкія і сталінскія, маюць вельмі шмат агульнага – па формах здзяйснення, па мэтах, якія яны ставілі. Я нават скажу, што формы і метады, якое прымяняла НКУС, больш жорсткія за тыя, якія прымяняла Гестапа і СД на акупаваных тэрыторыях усходнееўрапейскіх  краін і Савецкага Саюзу ў прыватнасці.

Як паўплывалі рэпрэсіі на народ, які след яны пакінулі ў псіхалогіі людзей?

Пачынаючы з 1996-97 гг. афіцыйны беларускі друк пра факты рэпрэсіяў фактычна нічога не пісаў. Калі што і з’яўлялася, дык толькі ў станоўчым кантэксце. Фактычна, за гэтыя дзесяць гадоў вырасла цэлае пакаленне людзей, якія не ведаюць праўды пра рэпрэсіі. Старэйшае пакаленне не ведала праўды яшчэ тады, і не ўспрыняло яе ў перыяд перабудовы, лічыла, што гэта брахня, прыдумкі дэмакратаў. Маладое пакаленне цяпер проста не ведае гэтую праблему. У падручніках для школаў і ВНУ пра рэпрэсіі напісана толькі паўтары старонкі – у савецкім кантэксце: рэвалюцыя перамагла, ворагі заміналі савецкай уладзе, савецкая ўлада іх знішчала, і мела на тое права. Нярэдка выказваецца нават думка, што калі б усіх ворагаў знішчылі ў трыццатыя, то не было б у нас цяпер гэтай апазіцыі, і мы жылі б яшчэ больш шчасліва.

Ні асэнсавання ўрокаў гісторыі, ні ўшанавання загінулых, ні раскрыцця імёнаў катаў, ні пакаяння – нічога гэтага не адбылося і ў бліжэйшы час не адбудзецца. Народ, які не ведае трагічных старонак сваёй гісторыі, не здольны пабудаваць нармальную цывілізаваную дзяржаву.

Мне як гісторыку, чалавеку, які дзесяцігоддзямі займаецца гэтай праблемай, гідка чуць з вуснаў журналістаў, у тым ліку недзяржаўных, што мода на гэтую праблему прайшла. Гэта не гарнітур, які можа быць модным ці  нямодным. Гэта трагедыя народа, памяць пра якую павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Тэма рэпрэсій застаецца актуальнай яшчэ і таму, што пачуццё страха не сышло, яно жыве ў нашых генах. Страх цісне на наш народ. Нашы людзі дагэтуль пакутуюць на сіндром 37-га году. Мы не можам сказаць, што рэпрэсіі ў Беларусі – гісторыя. У нас гэта і гісторыя, і сучаснасць. Але я спадзяюся, што гэты перыяд неўзабаве пачне падыходзіць да заканчэння.

 

 Маці Божая Курапацкая ўсіх нявінна растраляных,
фота: Шастоскага

 

Курапаты (месца масавых растрэлаў беларусаў у часе сталінскіх рэпрэсій)

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Падрыхтавана “Офісам за дэмакратычную Беларусь”