Дакладчык ПАРЕ па Беларусі Андрэа Рыгані: НЕЙТРАЛЬНАГА СТАЎЛЕННЯ ДА СІТУАЦЫІ Ў КРАІНЕ НЕ ІСНУЕ

RIGONI  Andrea ОДБ: Спадар Рыгані, падаецца, Вы першы дакладчык па Беларусі, з якім афіцыйны Мінск гатовы супрацоўнічаць  на рэгулярнай аснове. Вашыя калегі, Андрэс Херкель (ПАРЕ) і Адрыян Севярын (ААН), нават не атрымалі магчымасці наведаць краіну. Што Вы робіце інакш?

Андрэа Рыгані: Мне думаецца, пытанне ў падыходзе – я раблю ўсё, каб пабачыць поўную карціну аб’ектыўна. Вельмі важныя для мяне станоўчыя вынікі, набыткі дэмакратыі, павага да правоў чалавека і вяршэнства закону.

ОДБ: У Вас складаная місія?

АР: Так, праз  тэндэнцыйнасць падачы інфармацыі пра Беларусь мае абавязкі нельга назваць простымі. Сёння не існуе нейтральнага стаўлення да таго, што адбываецца ў краіне, што і ёсць прычынай складанасці наладжвання дыялогу.

ОДБ: Якой Вы бачыце Беларусь?

АР: Я ўсё яшчэ складаю сваё меркаванне пра сітуацыю ў рэспубліцы. Інфармацыю я атрымліваю на пасяджэннях падкамітэта ПАРЕ па Беларусі, у часе сустрэч з рознымі прадстаўнікамі. Вельмі важным стане візіт у Мінск.

ОДБ: Ваш візіт запланаваны на восень. Ці магчыма, што Ваш даклад будзе рыхтавацца разам з дакладам Хрыстаса Пургурыдаса, які збірае матэрыял для камітэта ПАРЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека і мае зрабіць даклад пра “парушэнні ў сістэме крымінальнага правасуддзя ў Беларусі”.

АР: Так, я павінен наведаць Мінск, правесці ў Беларусі 3-4 дні ў залежнасці ад неабходнасці. Згодна з мандатам мой даклад не звязаны з іншымі, ён рыхтуецца для абмеркавання на пасяджэнні камітэта ПАРЕ па палітычных пытаннях.

ОДБ:  Для падрыхтоўкі даклада Вы будзеце сустракацца выключна з беларускімі ўладамі? Калі Вы плануеце паказаць вынікі сваёй працы?

АР: Я маю намер сустрэцца як з прадстаўнікамі афіцыйных улад, так і апазіцыйнымі лідэрамі, прадстаўнікамі НДА, грамадзянскай супольнасці, эканамічных і культурных эліт, акадэмічных колаў. Але яшчэ занадта рана казаць пра вынікі, маё прызначэнне мела месца ўсяго некалькі месяцаў таму. Акрамя таго, мой мандат не мае канкрэтнага тэрміну, адпаведна і тэрміну калі я павінны скончыць сваю працу.

ОДБ: Спадар Рыгані, якой Вы бачыце еўрапейскую будучыню Беларусі? Ці магчыма, што краіне вернуць статус “адмыслова запрошанай” у ПАРЕ?

АР: Пра гэта казаць яшчэ зарана – пытанне пра магчымы статус Беларусі ў Радзе Еўропы застаецца адкрытым.

Андрэа Рыгані ўзначальвае дэлегацыю Італіі ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, віцэ-прэзідэнт Асамблеі. У лютым 2007 г. прызначаны камітэтам ПАРЕ па палітычных пытаннях дакладчыкам па Беларусі.

Нарадзіўся ў 1960 г. у Мілане (Італія). Мае навуковую ступень у галіне эканомікі. У розны час працаваў кансультантам па пытаннях падаткаабкладання, фінансавым кантралёрам, журналістам. Сябра парламенцкай фракцыі шырокай кааліцыі левых сіл L'Ulivo («Аліва»).  Узначальвае аддзяленне партыі ў Маса Карана (правінцыя Тасканы). Быў сенатарам Італьянскай Рэспублікі, з’яўляецца сябрам Асамблеі Заходнееўрапейскага звязу. Сябра камітэта па знешніх сувязях парламента Італіі.

 Марына Рахлей для “Офіса за дэмакратычную Беларусь”

27.08.2007