Невядомыя магчымасці. Якімі адукацыйнымі праграмамі ЕС гатовы дзяліцца з Беларуссю

На сённяшні момант удзел Беларусі ў адукацыйных праектах Еўрасаюзу абмежаваны чатырма праграмамі : “Тэмпус”, “Эразмус Мундус”, “Жан Манэ” і “Моладзь у дзеянні”. Аднак і гэтыя сціплыя магчымасці пакуль што не выкарыстоўваюцца напоўніцу. Каб выправіць сітуацыю ў рамках 4-й платформы “Усходняга партнёрства” (“кантакты між людзьмі”) было прынята рашэнне скіраваць частку сродкаў на правядзенне мерапрыемстваў, якія б больш  актыўна і шырока інфармавалі пра магчымасці ўдзелу нашай краіны ў агульнаеўрапейскіх адукацыйных ініцыятывах.

http://web.fosenthe.efzg.hr/_/rsrc/1255711159098/Home/TEMPUS_en.jpgАмаль паднятая цаліна

Найбольш актыўна засвоенай у нас праграмай застаецца “Тэмпус”. Праект быў распачаты ў 1990 годзе (пасля падзення Берлінскага муру) з мэтай падтрымкі мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў краінах, якія суседнічаюць з ЕС, у тым ліку беручы пад увагу патэнцыйнае ўзбуйненне Еўрасаюзу. З моманту заснавання ў схему “Тэмпусу” ўвайшлі 27 краін  з чатырох геаграфічных рэгіёнаў: Усходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі, Заходніх Балканаў і Міжземнамор'я. Беларусь удзельнічае ў “Тэмпусе” з 1993 г.  і ўжо паспела стацца часткай 104 праектаў, адужаных з удзелам БДУ, ЕГУ, БДЭУ, а таксама Гродзенскага і Полацкага дзяржаўных універсітэтаў. Трэба адзначыць, што “Тэмпус” фінансуе два тыпы праектаў:

па-першае – сумесныя праекты,  што засноўваюцца на шматбаковым партнёрстве паміж ВНУ ЕС і трэціх краін, якія рэалізоўваюцца на інстытуцыянальным ўзроўні і скіраваны на мадэрнізацыю раскладаў, метадаў выкладання і паляпшэнне сістэмы кіравання  ВНУ;

па-другое – структурныя меры, якія мусяць ажыццяўляцца на дзяржаўным узроўні для рэфармавання структуры і сістэмы вышэйшай адукацыі.

У практычным сэнсе ў Беларусі гэта вылілася, да прыкладу, у з'яўленне ў раскладах новых дысцыплін, метадаў выкладання замежных моваў і інфарматыкі, а таксама змяшчэнне акадэмічнай нагрузкі ў бок большай колькасці практычных заняткаў.

На дадзены момант ідзе ажыццяўленне этапу “Тэмпус ІV”.  Апошні тэрмін прыёму заявак – 9 сакавіка 2010 г. Удзельнічаць у праграме могуць беларускія ВНУ, грамадскія арганізацыі, асацыяцыі студэнтаў, саветы рэктараў.  Памер гранту можа складаць ад 500 тысяч да 1, 5 мільёнаў еўра. Мінімальная доля фінансавага ўдзелу беларускага боку – 10% ад кошту праекту. Вынікі разгляду будуць вядомыя летам 2010 г., а перыяд рэалізацыі павінен прыпадаць на 15 кастрычніка 2010 - 2013 гг.

Праграма “Тэмпус”  – адзіная, з вышэй узгаданых чатырох, мае нацыянальны інфа-пункт у Беларусі[1].  Неабходна адзначыць, што большая частка праектных дзеянняў па праграме  ажыццяўляецца ў самой краіне, уключаючы і пакуль што не шматлікія структурныя праекты, таму “Тэмпус” мае важную ролю ў пераадоленні ізаляцыі беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі.

Нягледзячы на адносную адкрытасць беларускага боку да “Тэмпусу” ў параўнанне з іншымі праграмамі, на практыцы ВНУ сутыкаюцца з адміністратыўнымі першкодамі. Напрыклад, усе праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Беларусі патрабуюць ухвалення з боку Савета міністраў. Некаторыя ВНУ такія пагадненні маюць, для астатніх гэта застаецца праблемай, якая адкладае тэрмін пачатку рэалізацыі праекта.

http://www.ujf-grenoble.fr/images/photos/0005/img_1238169655279.jpgНовыя магчымасці і “нецікавыя гранты”

Другой важнай праграмай Еўрасаюзу, даступнай для Рэспублікі Беларусь, з’яўлецца "Эразмус Мундус”.  Праект мае на мэце спрыянне мабільнасці выкладчыкаў, студэнтаў, аспірантаў і дактарантаў. Галоўная яго задача – перадача ведаў і тэхналогій ЕС краінам-партнёрам, знаёмства з лепшымі адукацыйнымі практыкамі ды спрыянне міжкультурнаму дыялогу.

Удзел у праграме “Эразмус Мундус” абмяжоўваецца квотамі, размеркаванне якіх – пытанне палітычнае і наўпрост залежыць ад таго, наколькі зацікаўлены Еўрасаюз у той ці іншай краіне стратэгічна. З далучэннем Беларусі да “Усходняга партнёрства” колькасць месцаў мусіць павялічыцца. Раней, мяркуючы па квотах у 1-3 месцы на год,  асаблівых перспектыў у нас не заўважалі. Увага! Апошні тэрмін падачы заявак у гэтым годзе – 30 красавіка.  Сёлета Еўракамісія прапануе:

- 36 індывідуальных магістэрскіх курсаў (21 новы курс і да 15 стыпендый на працягванне навучання);

- 10 сумесных кандыдацкіх праграм;

- 1 праект па Дзеянні 2 – партнёрскія праграмы для Беларусі, Украіны і Малдовы, накіраваныя на падтрымку супрацоўніцтва паміж універсітэтамі ЕС і трэцімі краінамі;

5 праектаў па Дзеянні  3 – праекты, накіраваныя на папулярызацыю еўрапейскай адукацыі.

Праграма дае магчымасць беларускім бакалаўрам, магістрам і аспірантам атрымаць стыпендыю памерам на тэрмін ад трох месяцаў да трох гадоў. Індывідуальныя стыпендыі пакрываюць таксама выдаткі на праезд, консульскі збор за візы, страхоўку і пражыванне ў краінах ЕС. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце Выканаўчага агенцтва па аўдыё-візуальных даследаваннях і пытаннях культуры Еўракамісіі

Не сакрэт, што многія беларускія студэнты, якія навучаюцца па “Эразмусе”, не спяшаюцца вяртацца на радзіму. Таму, па словах еўрапейскіх чыноўнікаў, сёння ў перамовах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам уздымаецца таксама і пытанне пра магчымую кантрактацыю для ўдзельнікаў праграм павышэння мабільнасці.  Верагодна, дзеля атрымання дазволу Мінадукацыі на выезд, студэнт будзе падпісваць кантракт аб абавязковай адпрацоўцы пэўнага часу пасля навучання ў Беларусі. З іншага боку, калі адносіны з ЕС будуць развівацца інтэнсіўна, матывацыя да вяртання ўзрасце разам з запатрабаванасцю такіх спецыялістаў.  

Студэнты, якія ўжо маюць досвед навучання па праграме “Эразмус Мундус”, адзначаюць, што беларусам прасцей знайсці адукацыю ў краінах паўночнай Еўропы альбо ў Нідэрландах. З аднаго боку, такія дзяржавы, як Швецыя, традыцыйна спрыяюць выхадцам з сінявокай. З іншага – у Францыя ці Італіі, напрыклад, колькасць універсітэцкіх курсаў, даступных на ангельскай мове ці адпаведных еўрапейскіх даследаванняў, на якія распаўсюджваюцца гранты Еўракамісіі, абмежаваная.

http://ec.europa.eu/education/programmes/llp/jm/more/ecsa/image.jpgЯшчэ адной праграмай, скіраванай на развіццё даследаванняў еўрапейскай інтэграцыі і папулярызацыі ідэй аб’яднанай Еўропы, з’яўляецца “Жан Манэ”. Яна арыентавана найперш на выкладчыкаў і навукоўцаў. У рамках праекту можна атрымаць фінансаванне на стварэнне адпаведных кафедраў, навучанне і даследаванне. На жаль, скрайні тэрмін падачы заявак у 2010 годзе – 12 лютага. Даведацца пра праграму больш можна на сайце

Праграма «Моладзь у дзеянні» разлічана на юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 13 да 26 гадоў. Яна падтрымлівае моладзевую ініцыятыву і міжнародныя праекты ў галіне грамадзянскай адукацыі. У Польшчы знаходзіцца рэсурсны цэнтр «Моладзі ў дзеянні» ва Усходняй Еўропе і Каўказе (SALTO EASTERN EUROPE & CAUCASUS RESOURSE CENTRE). Больш падрабязна даведацца пра магчымасці супрацоўніцтва можна, наведаўшы іх сайт

Як бачна, праграмы ЕС, у якія дапушчана Беларусь, ахопліваюць сферу вышэйшай адукацыі і акадэмічную дзейнасць. Адзінай новай магчымасцю ў межах УП стане праграма электроннага пабрацімства(eTwinning) для вучняў сярэдніх школ. Пашырэнне дзеяння астатніх праграм з агульнага парасону «Адукацыі цягам жыцця» на краіны «Усходняга партнёрства» пакуль не прадугледжана, бо на гэта спатрэбілася б вылучэнне дадатковага фінансавання. Так што Беларусі і яе партнёрам па УП давядзецца пачакаць прынамсі да 2013 г.

Еўрапейскія спецыялісты-куратары чацвёртай платформы «Усходняга партнёрства» адзначаюць даволі нізкую актыўнасць краін-партнёраў. Пэўна, гэта часткова можна патлумачыць недахопам інфармацыі пра магчымасці ўдзелу, і застаецца спадзявацца, што мерапрыемствы, запланаваныя Еўракамісіяй, дадуць свой плён, і вылучаныя на Беларусь грошы не патрапяць да большых рупліўцаў.
Алена Ліс

[1] Нацыянальны офіс праграмы "Тэмпус" знаходзіцца па адрасе: Мінск 220088, Захарава 59, тэл. +375172941594, кантактная асоба – Мікалай Лістапад (listopad@unibel.by)

Фота з семінара "Палітыка Еўрасаюзу і Беларусь: дзелімся досведам", зладжанага "Офісам за дэмакратычную Беларусь" у шчыльным супрацоўніцтве с Прадстаўніцтвам Еўрапейскага Саюзу ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Даніі.