SEI Youth. Мой першы бізнес – дзе мары ператвараюцца ў рэальныя бізнес-планы

З 13 па 18 жніўня 2016 у в. Ляскоўка адбыўся першы трэнінг па сацыяльным прадпрымальніцтве для моладзі і падлеткаў, арганізаваны беларускім моладзевым грамадскім аб'яднаннем “Новыя твары” і бельгійскай некамерцыйнай арганізацыяй ОДБ Брусель у межах праграмы “Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва” за падтрымкай Еўрапейскага саюзу.

 
Складанне партрэту тыповага спажыўца    Выніковы патрэт агульнага прадстаўніка мэтавай групы

Цэлы тыдзень дзяўчаты і хлопцы з розных гарадоў Беларусі вывучалі сацыяльнае прадпрымальніцтва. Зацята, з імпэтам прапрацоўвалі яны свае ідэі грамадска карысных бізнесаў, знаёміліся з гендэрным аспектам працоўных адносін, даведаліся пра экалагічны след і канцэпцыю “зялёнага офісу” – каб ужо на этапе распрацоўкі ўлічваць магчымы ўплыў сваёй справы на навакольнае асяроддзе і чалавека. Малявалі партрэты сваіх патэнцыйных спажыўцоў, выкарыстоўваючы дызайн-мысленне і стратэгічнае планаванне, складалі канву бізнес-мадэлі, знаёміліся з асновамі маркетынгу і фінансавай пісьменнасці. Не абышлося і без сціслага, але вельмі змястоўнага курсу па прававых асновах прадпрымальніцтва, вывучэння магчымасцей пошуку грошай ды інвеставання. І, безумоўна, спрабавалі свае сілы ў пітч-прэзентацыі ў фінальны дзень праграмы.  Падчас навучання 27 будучых прадпрымальніц і прадпрымальнікаў, якіх клапоціць працаўладкаванне людзей з інваліднасцю, арганізацыя дапамогі і вольнага часу людзей сталага веку, прафесійная арыентацыя падлеткаў, аднаўленне навакольнага асяроддзя і адраджэнне беларускай культуры, сустракаліся з беларускімі сацыяльнымі прадпрымальнікамі, сярод якіх заснавальнік аўкцыёна дабарчынных сустрэч МаеSens і галоўны арганізатар буйнейшага ў краіне конкурсу сацыяльных праектаў “Social Weekend” Аляксандр Скрабоўскі, крэатыўны дырэктар talaka.by Іван Вядзенін, дырэктарка кансалтынгавай установы “Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу” Галіна Мацюшэнка, сацыяльная прадпрымальніца з Нідэрландаў і аўтарка кнігі “Гэта Беларусь, дзетка!” Марыя Чаракова, піяр-менеджэр краўдфандынгавай платформы ulej.by Вольга Мжэльская, аўтарам праекта "Інтернет-барьеров нет!" Аляксеем Аўгусціновічам.

Вольга Капачэня

Максімальна практычна зарыентаванае навучанне – першае, на што паставілі арганізатары. Каардынатарка праграмы для падлеткаў Вольга Капачэня адзначае,  што  "трэніг грунтуецца на нефармальнай адукацыі, аснова якой – практычнае ўжыванне атрыманых ведаў непасрэдна пад час самога навучання. Гэта не толькі стварае магчымасць для “замацавання тэорыі”, але робіць працэс рухомым ды нясумным. Нефармальная адукацыя ўлічвае ўсе стылі навучання. У часе нашага трэнінгу ўдзельнікі і ўдзельніцы шмат працавалі ў малых групах, дыскутавалі, абмяркоўвалі, гулялі і спрабавалі на сабе розныя ролі, аналізавалі, крэатывілі і стваралі прататыпы сваіх бізнес-рашэнняў. Менавіта гэта разнастайнасць практыкаванняў дала магчымасць замацаваць вялікі аб’ём абсалютна новых для іх ведаў, што адзначылі ўсе нашы навучэнцы.  За тыдзень яны адолелі бізнес-праграму, ідэнтычную той, па якой навучаюцца спрактыкаваныя дарослыя, не стаміліся і, як яны самі сцвярджаюць, нават яшчэ больш натхніліся на стварэнне ўласных прадпрыемстваў”.

Журы фінальных пітч-прэзентацый

 

Першы выпуск SEIYouth: Мой першы бізнес
Алёна Ліс

“Выпускнікі першай школы будуць надалей узельнічаць у разнайстайных конкурсах стартапаў і сацыяльных праектаў, такіх як “Social Weekend”, карыстацца магчымасцямі збору сродкаў і арганізацыі дапамогі праз “Улей” і TALAKA, а самыя паспяховыя зробяцца ментарамі для навучэнцаў наступнага году школы,” – адзначае старэйшы праграмны менеджэр ОДБ Брусель Алёна Ліс. “У кастрычніку мы абвесцім набор у школу з сумешчанай анлайн і афлайн формай  навучання для паўналетніх удзельнікаў, дзе ў якасці ментараў будуць выступаць прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія дамагліся адчувальнага поспеху ва ўласным бізнесе. Мэта такой “школы”  –  даць магчымасць будучым і дзейсным беларускім сацыяльным прадпрымальнікам прапрацаваць сваю бізнес-ідэю, прадукт ці паслугу па 24 навучальных модулях, якія будуць ўлучаць бізнес-планаванне, фінансавую і юрыдычную пісьменнасць, маркетынг ды іншыя неабходныя для разумення і арганізацыі бізнес-працэсу веды і навыкі”.

 Больш фота можна знайсці па гэтай спасылцы

ОДБ Брусель