Семінар «Візавая палітыка ЕС і краіны «Усходняга партнёрства»: перспектывы і перашкоды на шляху візавай лібералізацыі»

http://pasos.org/wp-content/uploads/2011/04/pasos_and_partners_launch_no_visa_websites_in_support_of_visa_liberalization_for_eap_countries_large.gif19 кастрычніка ў Шведскім парламенце прайшоў семінар "Візавая палітыка ЕС і краіны «Усходняга партнёрства»: перспектывы і перашкоды на шляху візавай лібералізацыі», які быў ініцыяваны і арганізаваны польскім і венгерскім пасольствамі ў Стакгольме, шведскай грамадскай арганізацыяй «Ostgruppen» і фондам Стэфана Баторыя. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі шведскага парламенту, дыпламатычнага корпусу, журналісты і актывісты грамадзянскай супольнасці.

Падчас сваіх выступаў спікеры з розных грамадскіх арганізацый падкрэслівалі важнасць візавай лібералізацыі для краін «Усходняга партнёрства» (УП), якая з'яўляецца інструментам правядзення далейшых рэформ і дэмакратызацыі. На думку экспертаў, павышэнне мабільнасці грамадзян Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны дапаможа даслаць магутны сігнал з боку Еўрапейскага Саюза аб тым, што ён лічыць гэтыя краіны еўрапейскімі і роўнымі. Джоана Фаміна з фонду Стэфана Баторыя адзначыла, што візавая лібералізацыя таксама прынясе эканамічныя выгады краінам-сябрам ЕС. Сітуацыя на сённяшні дзень такая, што шмат пагадненняў паміж прадпрымальнікамі з краін ЕС і іх калегамі з краін УП не заключаюцца з-за абмежаваных магчымасцей паездак у краіны ЕС.

Прадстаўнік Еўрапейскай камісіі ў Швецыі, Мэй Эн Рэмсі падтрымала пазіцыю ЕС, якая была адлюстравана ў шэрагу афіцыйных дакументаў, у тым ліку ў Дэкларацыі саміту «Усходняга партнёрства» ў Варшаве: тэмпы прагрэсу у дачыненні да візавай лібералізацыі, а таксама прагрэсу ў адносінах паміж ЕС і ўсходнімі суседзямі ў цэлым, будуць залежаць ад тэмпаў рэформаў у асобных краінах «Усходняга партнёрства».

Гаворачы пра сітуацыю ў Беларусі і (адсутнасць) прагрэсу ў дачыненні да візавай лібералізацыі, дырэктар «Офіса за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская прадставіла аргументы на карысць спрашчэння перамяшчэння для беларусаў у якасці магутнага інструмента дэмакратызацыі і трансфармацыі краіны, які дапаможа змяніць менталітэт людзей, павялічыць паток інфармацыі і ўдзел у агульнаеўрапейскіх працэсах у розных сферах. Яна таксама паставіла пытанне аб тым, што рабіць у сітуацыі, калі ЕС прапанаваў пачаць перамовы з урадам Беларусі аб заключэнні Дагавораў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, а адміністрацыя да гэтага часу не адказвае на гэты запыт. Беларусы з'яўляюцца закладнікамі адсутнасці палітычнай волі з боку ўласных уладаў, сказала яна. ЕС не мае шляхоў вырашэння гэтай праблемы ў аднабаковым парадку.

Беларусь, як і іншыя краіны «Усходняга партнёрства», павінна падпісаць Дамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі перш чым пачаць перамовы па візавай лібералізацыі.

«Офіс за дэмакратычную Беларусь» выказвае падзяку арганізатарам мерапрыемства за ўвагу да пытання візавай лібералізацыі. Для беларусаў спрашчэнне падарожжаў у ЕС - гэта адзін з першых адчувальных фактараў, што будуць уплываць на выбар еўрапейскага шляху развіцця ў будучыні.

ОДБ