Навуковая канферэнцыя “Трансфармаванне Беларусі: шляхі дасягнення” прайшла у Бруселі

7 снежня ў Бруселі прайшла канферэнцыя “Трансфармаванне Беларусі: шляхі дасягнення”, арганізаваная супольнымі намаганнямі навуковага цэнтра “Карнэгі Еўропа”, “Офіса за дэмакратычную Беларусь” і Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS). Мерапрыемства з’яўляецца часткай з серыі дэбатаў “Прыслухоўваючыся да голасу грамадзян краін “Усходняга партнёрства”.

Экспертны форум, прысвечаны Беларусі, складаўся з двух панелей, першая з якіх засяродзілася на аналізе стратэгій  галоўных геапалітычных гульцоў у рэгіёне -  ЕС и Расіі  - у дачыненні да Беларусі. Другая сканцэнтравалася на эканамічнай сітуацыі ў кантэксце сістэмнага крызісу і ўзнаўлення расійскіх субсідый,  а таксама асноўных тэндэнцыях фармавання грамадскай думкі ў Беларусі. 

Удзельнікі сышліся ў меркаванні, што ў сённяшняй сітуацыі найбольш эфектыўнай палітыкай ЕС стала б не паглыбленне санкцый , а інтэнсіфікацыя па-за-палітычнага супрацоўніцтва, напрыклад, праца з грамадзянскай супольнасцю, скасаванне візавых перашкод, і тэхнічная дапамога па рэформах, якія будуць змягчаць наступствы крызісу для насельніцтва. У той час, як прадуманная і ўсеахопная камунікатыўная стратэгія ЕС адносна Беларусі неабходна дзеля ўсведамлення грамадствам пераваг еўрапейскага выбару.

 У сваім прывітальным слове Ян Тэхаў, дырэктар Брусельскага офісу Карнэгі падкрэсліў важнасць і своечасовасць дыскусіх пра краіны Усходняй Еўропы і Расіі, улічваючы тыя палітычныя працэсы, якія там адбываюцца.

Кіраўнік "Офіса за дэмакратычную Беларусь" Вольга Стужынская, каментуючы адносіны паміж Беларуссю і ЕС, адзначыла, што з-за шматгадовай адсутнасці сталых кантактаў паміж бакамі трывалыя сувязі так і не ўтварыліся. Прадстаўніцтва Еўрасаюза было адчынена ў Мінску не так даўно, а спробы стварыць Агульны План дзеянняў былі спынены пасля выбараў 2010 г. і рэпрэсій, што адбываліся услед за імі. Сп. Стужынская нагадала, што праз адсутнасць ратыфікацыі Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж ЕС і Беларуссю краіна дагэтуль не можа паўнавартасна ўдзельнічаць у Еўрапейскай палітыцы суседства і “Усходнім партнёрстве”.

Яна звярнула ўвагу на дадзеныя апошніх незалежных сацыялагічных апытанняў, якія сведчаць, што толькі 20 адсоткаў насельніцтва сёння падтрымліваюць палітыку ўраду і прэзідэнта і прыкладна столькі ж - арганізаваную палітычную апазіцыю, у той час як астатнія 60 % фактычна ні кім не прадстаўлены. На думку Стужынскай, менавіта з гэтымі людзьмі Еўрасаюз павінен пашыраць камунікацыю. Праз супрацоўніцтва з навучальнымі установамі, шырокім спектрам грамадзянскіх ініцыятыў, прафесійных груповак і бізнес супольнасці ЕС змог бы падтрымаць рэформы і паскорыць трансфармацыю. Вельмі істотным крокам у гэтым накірунку, лічыць яна, стала б паскарэнне працэсу візавай лібералізацыі.

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле адзначыў, што Беларусь – гэта не толькі яе ўрад, і ЕС зацікаўлены даслаць выразны і зразумелы сігнал усяму беларускаму грамадству пра тыя выгоды, што краіна можа мець, абраўшы еўрапейскі шлях развіцця.

Камісар падкрэсліў, што ў сваіх узаемадачыненнях з Беларуссю ЕС выкарыстоўвае “шматвымерны падыход”, які вызначаецца з аднаго боку “жорсткім стаўленнем да рэпрэсіўнага характару сённяшняга рэжыму”, а з іншага –  шырокай падтрымкай “арыентаваных на рэформы і мадэрнізацыю” колаў.

Спадар Фюле адзначыў, што двухбаковыя адносіны паміж ЕС і Беларуссю не змогуць развівацца пакуль адсутнічае прагрэс у пытаннях правоў чалавека і асноўных свабодаў, адначасова гэтак званы тэхнічны дыялог працягнецца толькі па тых пытаннях, дзе спыненне супрацоўніцтва ў значнай ступені можа паўплываць на дабрабыт насельніцтва, а не рэжыму. 

На яго думку, вельмі важна, каб Беларусь заставалася удзельніцай шматбаковага супрацоўніцтва ў рамках “Усходняга партнёрства” дзеля прагрэсу у пытаннях развіцця грамадзянскай супольнасці, культуры і маладзёвага абмену. Фюле таксама нагадаў, што ЕС прапанаваў Беларусі некалькі месяцаў таму распачаць перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму, але краўніцтва краіны дагэтуль не дало ніякага адказу. Беларусы павінны ўздымаць гэта пытанне ўнутры краіны, лічыць ён.

Дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Павел Данэйка, у сваім выступе нагадаў, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай сярод дзяржаў УП, якая не абвяшчала пра сваё імкненне далучыцца да Еўрасаюзу, і мае асобыя ваенныя і эканамічныя дачыненні з Расіяй, таму для яе неабходны індывідуальны падыход з боку ЕС. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што сур’ёзны эканамічны крызіс вымушае Беларусь адмовіцца ад папярэдняй эканамічнай мадэлі, заснаванай на датацыях з Усходу і Захаду, калі дзяржаўныя прадпрыемствы выконвалі сацыяльную функцыю працаўладкавання насельніцтва. Эксперт лічыць, што рэформы, якія раней праводзіліся для прыватнага сектару, будуць перанесены на дзяржаўны, што ўрэшце прывядзе і да змены ролі самой дзяржавы: ад простага ўладальніка ўласнасці – да арганізатара ўсёй эканомікі і стваральніка, а не падаўляльніка канкурэнцыі.

Спадар Данэйка распавёў таксама пра новую праграму агульнага стратэгічнага бачання эканамічнай будучыні Беларусі, распрацоўка якой ідзе з удзелам экспертаў, бізнесоўцаў, службоўцаў і грамадскіх ініцыятыў. Рашэнні, якія зараз будуць прымацца, вызначаць развіццё краіны на дзесяцігоддзі, і экспертная супольнасць не павінна заставацца ў баку ад гэтага працэсу, лічыць ён.

Старэйшы эксперт БІСС Дзяніс Мельянцоў адзначыў, што пакуль Еўрасаюз займаецца ўласнымі праблемамі, Расія засяроджвае свае высілкі на інтэграцыі постсавецкай прасторы паводле сваіх шаблонаў. Праз вяртанне да палітыкі санкцыяў ЕС канчаткова губляе магчымасці ўплыву на Мінск, і яму застаецца засяроджваць ўвагу на спрыянні доўгатэрміновым зменам у грамадстве. Такія змены мусяць урэшце прывесці да трансфармацыі палітычнага рэжыму ў краіне. Таксама ён зазначыў, што палітыку ўцягвання ў адрозненне ад палітыкі санкцый нельга лічыць правальнай, бо яна ніколі не рэалізоўвалася напоўніцу, а сціплыя спробы дапасаваць яе да Беларусі былі проста спыненыя ў снежні 2010 году.

Эксперт Фінскага інстытута Міжнародных адносін Аркадзі Мошэс лічыць, што палітыка ЕС і Расіі ў дачыненні да Беларусі цалкам асіметрычная, бо ЕС разглядае фармуляванне яе толькі як магчымасць, а Расія – як абавязак. Асноўным зместам новай знешнепалітычнай стратэгіі Расеі робіцца праект Еўразійскага Саюзу, у якім Беларусь бачаць як прыклад для будучай інтэграцыі Украіны ды іншых краін. Галоўная мэта Расіі – падпарадкаванне Беларусі, альбо праз кантроль эканомікі альбо праз кантроль кіраўніка краіны. Паколькі Беларусь застаецца аспрэчваемай зонай уплыву, усе гульцы мусяць прызнаць свае мэты ў геапалітычнай гульні адкрыта, як тое робіць Расія. У адрозненні ад яе, слабасцю вонкавай палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі з’яўляецца не прызнанне свайго ўдзелу ў гэтай гульні.

Каардынатар праграмы “Расія і Еўразія” з навукова-даследчага інстытута “Чатман Хаус” Аляксандр Найс выказаў меракаванне, што Еўрасаюзу не стае паслядоўнасці ў падыходзе да Беларусі: ці тое ў палітыцы ўцягвання, ці тое ў санкцыях. Эксперт лічыць, што трэба засяродзіцца на стварэнні інфраструктуры, якая паспрыяе правядзенню сумленных і  справядлівых выбараў. Дэмакратызаваць Беларусь, на яго думку, можна толькі паралельна з дэмакратызацыяй Расіі.

Эксперт у эканамічных пытаннях, малодшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Дзмітры Крук, адзначыў, што: крызіс у Беларусі мае сістэмны характар,  што выражаецца ў няздольнасці сучасай эканамічнай мадэлі забячпечыць прыбыткі параўнальныя з суседнімі краінамі. Новые пагадненні з Расіяй даюць магчымасць адкласці вырашэнне праблемы на будучыню і адцягваюць рэфармацыю мадэлі. Тых грошай, што Беларусь атрымала і мае атрымаць ад Расіі, хопіць максімум на паўтара гады - у выпадку, калі знешнія чыннікі будуць найбольш спрыяльнымі. Тым не менш выбар паміж неабходнасцю рэформаў і захаваннем сучаснай мадэлі будзе сістэматычна паўставаць ізноў. Таму вострая фаза крызісу можа паўтарацца яшчэ неаднойчы, што будзе абумоўліваць новыя геапалітычныя “павароты”.

Дырэктар даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык, зазначыў, што які б сцэнар развіцця эканамічнай сітуацыі не рэалізаваўся ў Беларусі, асноўны цяжар наступстваў крызісу панясе насельніцтва. Ужо зараз мы назіраем узрастанне беднасці ды іншыя адмоўныя наступствы крызісу – напрыклад, істотнае павелічэнне міграцыі ў Расію ды іншыя суседнія краіны. Да таго ж выявілася, што існая сістэма сацыяльная абароны не цалкам прыстасаваная да таго, каб адказаць на выклікі сучаснага крызісу. Не адаптаваная да яго і пенсійная сістэма, зменаў запатрабуюць таксама  сістэма адукацыі і аховы здароўя.

Падчас свайго выступу  акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Пікулік надаў асобую ўвагу сацыяльна-эканамічным аспектам рэжыму Лукашэнкі. Так, коратка абмаляваўшы, гісторыю залежнасці беларускай эканомікі ад знешніх рэнтаў, Аляксей засяродзіўся на пытанні магчымасці палітычных зменаў праз эканамічны крызіс. Галоўны аргумент выступу складаўся ў тым, што эканамічны крызіс можа быць часова пераадолены коштам новых расійскіх датацый, што сталі даступныя з лістапада. Акрамя таго, калі стратэгія “выйсця” (працоўная міграцыя ў Расію) з’яўляецца відавочна даступнай, а кошт пратэсту – высокім, наўрадці можна чакаць, што крызіс уяўляе асобую пагрозу выжывальнасці рэжыму Лукашэнкі. Разам з тым эксперт падкрэсліў, што Расія стабілізавала эканоміку Беларусі толькі ў кароткай перспектыве, і краіне насамрэч неабходныя рэальныя структурныя пераўтварэнні.

Тым часам дырэктар сацыялагічнай лабараторыі НОВАК Андрэй Вардамацкі  прывёў звесткі, што за амаль 18 год сацыялагічных назіранняў у Беларусі ў 2011 годзе колькасць людзей, якія характэрызавалі сітуацыю ў краіне як крызісную і азначалі пагаршэнне ўласнага дабрабыту, перавысіла колькасць тых, хто казаў пра “някепскае” становішча ў эканоміцы краіны і нязменны ўзровень дабрабыту. Але выглядае, што найгоршы перыяд крызісу прыпаў на жнівень: з верасня колькасць тых, хто адзначаў пагаршэнне дабрабыту, пачала паступова змяншацца. Тым часам дрэннае эканамічнае становішча не перарастае ва ўзрастанне пратэстных настрояў: адно крыху болей за 12% насельніцтва кажуць пра тое, што гатовыя да адкрытых пратэстаў. Цікава, што гэткі самы ўзровень пратэстных настрояў панаваў ва Украіне напярэдадні “аранжавай рэвалюцыі”, але праз асаблівасці рэагавання беларускіх уладаў “вербальны” пратэст у Беларусі не перарастае ў пратэст рэальны.

Арганізатары мерапрыемства з прыемнасцю адзначаюць вялікую колькасць (каля 100) удзельнікаў, уключаючы прадстаўнікоў еўраінстытутаў, супрацоўнікаў дыпламатычных місій краін, акрэдэтаваных у Бруселі, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, нда, даследчыкаў, і журналістаў, і выражаюць шчырую падзяку PACT/ USAID за дапамогу.