Міжнародная кааліцыя “За Еўрапейскі кантынет без візавых межаў” звярнулася да кіраўнікоў краін ЕС і “Усходняга партнёрства”

http://www.europatarsasag.hu/20070811tol_fajlok_itt/2011J%FAl/LOGO_MALE.jpg

15 верасня міжнародная кааліцыя “За Еўрапейскі кантынент без візавых межаў” заклікала лідэраў Еўрапейскага саюзу і краін “Усходняга партнёрства” (УП) пацвердзіць свой намер усталяваць бязвізавы рэжым паміж ЕС і краінамі УП. Сябры кааліцыі лічаць, што візавая лібералізацыя стане “перамогай для ўсіх бакоў”.

Так, шляхам правядзення рэформаў  у галінах памежнай бяспекі, паліцэйскага супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй краіны “Усходняга партнёрства” змогуць умацаваць агульную бяспеку, а таксама дасягнуць высокага ўзроўню даверу ў дачыненнях з ЕС па супрацоўніцтве ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, гандлем людзьмі альбо нелегальнай міграцыяй.


“Бязвізавыя падарожжы для грамадзян краін УП адчыняць шырокія эканамічныя перспектывы і для для еўрапейскага бізнесу і турыстычнай індустрыі. Больш за тое, бязвізавы рэжым стане моцным стымулам для правядзення рэформаў у краінах УП”,  –  гаворыцца ў заяве кааліцыі.

Сябры кааліцыі таксама заклікалі кіраўніцтва Польшы, якая зараз з’яўляецца старшынёй у Радзе Міністраў ЕС, зрабіць неабходныя захады дзеля паскарэння працэсу візавай лібералізацыі краін УП. Па іх словах, неабходна як мага хутчэй перайсці да наступнага этапу Плана дзеянняў для Украіны і Малдовы,  пачаць рэалізацыю адпаведнага плана для Грузіі, а ў выпадку Беларусі, Азербайджана і Арменіі падпісанне Дамоваў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі павінна зрабіцца прыярытэтам.

Неабходна паскорыць  таксама выкананне нормаў і палажэнняў, якія прадугледжаны ўжо існуючымі Дамовамі па спрашчэнні візавага рэжыму (СВР) і Візавым кодэксам. Дамовы па СВР з’яўляюцца першым крокам ў напрамку адмены візавых абмежаванняў, але дагэтуль не змаглі кампенсаваць адмоўныя вынікі апошняга пашырэння Шэнгенскай зоны. “Нягледзячы на спадзяванні,  гэтыя дамовы  пакуль не сталі эфектыўным інструментам палягчэння сітуацыі і не малі  значнага ўплыву на візавыя працэдуры”, –  адзначаюць эксперты.

Чытаць тэкст заявы цалкам (па-ангельску)

Кааліцыя “За Еўрапейскі кантынет без візавых межаў”  была заснавана ў Варшаве, 26 лістапада 2010 г. па ініцыятыве Фундацыі Стэфана Баторыя. Сёння яе сябры больш за 30 грамадскіх арганізацый з розных куткоў Еўропы, у тым ліку і "Офіс за дэмакратычную Беларусь".

Кааліцыя прыкладае агульныя намаганні ў паскарэнні працэсу адмены візавага рэжыму паміж ЕС і краінамі “Усходняга партнёрства”  (Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай).

Даведацца пра кааліцыю больш: