Кіраўнік ЕБРР здзейсніў першы візіт у Беларусь

Прэзідэнт Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця Сума Чакрабарці наведаў Беларусь з 2-дзённым візітам (17-18.02.2015). Першы за 20 гадоў візіт кіраўніцтва ЕБРР у рэспубліку, як падкрэсліў Дэпартамент знешніх сувязей Банку, стаў доўгім па тэрміне па прычыне ўсебаковага падыходу да вывучэння сітуацыі ў краіне і праблемаў, якія перад ёй стаяць, з мэтай фарміравання новай краінавай стратэгіі працы з Беларуссю. Кіраўнік ЕБРР сустрэўся з беларускім прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і прадстаўнікамі ўраду, акрэдытаванымі ў Беларусі замежнымі амбасадарамі, прадстаўнікамі прыватнага сектару, а таксама з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці ў Лондане і Мінску.

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця Сума Чакрабарці (фота: President.gov.by)

Напапярэдадні візіту ў Мінск кіраўнік ЕБРР Сума Чакрабарці наведаў Кіеў, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам Украіны. На прэс-канферэнцыі ў Мінску ён падкрэсліў, што ўсе акцыянеры Банку вітаюць намаганні Беларусі ва ўкраінска-расійскім працэсе, удакладніўшы, што ролю рэспублікі ў складаным працэсе міжнародных перамоваў па сніжэнні напружанасці ў рэгіёне немагчыма недаацаніць.

Прэзідэнт ЕБРР заўважыў, што Банк мае "калібраваны" падыход да супрацоўніцтва з Беларуссю, раней замацаваны ў цяперашняй краінавай стратэгіі рашэннем акцыянераў (у якія ўваходзяць 64 краіны, Еўразвяз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк - заўв. рэд.). Па словах Чакрабарці, ЕБРР як міжнародная фінансавая арганізацыя працуе галоўным чынам з прыватным сектарам у розных краінах. Зараз долю прыватнага сектару ў Беларусі Банк ацэньвае ў 25-30 % і лічыць гэты паказчык вельмі нізкім для еўрапейскіх краін. Пры гэтым тэхнічна ЕБРР працуе менавіта з рынкавымі эканомікамі ў рэгіёне. Як паведаміў кіраўнік Банку, для працы з прыватным сектарам беларускі ўрад мусіць пайсці на паступовыя рэформы, што да тарыфнай палітыкі ў жыллёва-гаспадарчым сектары і не "стыхійнай", а добра адбудаванай прыватызацыі.

Сума Чакрабарці (трэці справа), Прэзідэнт Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця

Падчас прэс-канферэнцыі Сума Чакрабарці заўважыў, што яшчэ ўлетку 2014 года рашэннем акцыянераў ЕБРР спыніў усе новыя праекты ў Расіі. У прыватнасці, як паведамляе ІТАР-ТАСС, былі "замарожаны" планы інвеставання ў Расіі амерыканскага вытворцы "John Deere" для лізінгу аграрнай тэхнікі і планы іншых замежных кампаній агульнай сумай на 271 млн. даляраў ЗША.

У межах санкцый Еўразвязу (адзін з акцыянераў Банку - заўв. рэд.) у адносінах да Расіі ЕБРР спыніў працу з прадпрыемствамі і банкамі з удзелам расійскага дзяржкапіталу, а таксама з іх дачыннымі структурамі. Па словах Чакрабарці, тэхнічна гэты момант уплывае на супрацоўніцтва ЕБРР з Беларуссю. Аднак большую занепакоенасць у кіраўніцтва Банку выклікае агульнае замаруджванне расійскай эканомікі, спароджанае ня столькі санкцыямі, колькі паніжэннем сусветных коштаў на нафту ды іншымі чыннікамі. Кіраўнік ЕБРР адзначыў, што запавольванне эканомікі Расіі відавочна мае непасрэднае ўздзеянне на Беларусь, бо ў расійскай эканоміцы адбываюцца сур'ёзныя працэсы, якія робяць вялікі ўплыў на эканомікі суседніх з Расійскай Федэрацыяй краін. Па прагнозе ЕБРР, агульнае паніжэнне беларускага ВУП у гэтым годзе можа скласці 1,5 %. Па словах Чакрабарці, адна з прычын яго "гістарычнага" за апошнія 20 гадоў візіту ў Беларусь - дапамагчы краіне ў гэтай сітуацыі.

Дарэчы, фінансаванне Беларусі Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця за апошнія тры гады склала каля 700 мільёнаў еўра. Прыкладам паспяховага інвеставання, на погляд ЕБРР, з'яўляецца кампанія "Stadler Minsk" - спачатку сумеснае прадпрыемства швейцарскай кампаніі "Stadler" і Камітэту эканомікі Мінаблвыканкама, а зараз цалкам уласнасць "Stadler". Кампанія вырабляе сучасныя цягнікі і электрычкі і разглядае магчымасці экспарту зробленай у Беларусі прадукцыі ў краіны СНД і за яе межы. Да таго ж, як паведаміў дырэктар Дэпартаменту знешніх сувязей ЕБРР Джонатан Чарльз, кампанія адзначае высокую кваліфікаванасць беларускага персаналу і здольнасць зрабіць такую ж якасную прадукцыю, як у Швейцарыі.

Таксама кіраўнік Прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Франсіс Дэлей прызнаўся, што быў уражаны беларускім сектарам інфармацыйных тэхналогій (IT - заўв. рэд.). Па яго словах, ЕБРР праз капфонды інвеставаў у EPAM (кампанія-рэзідэнт беларускага Парку высокіх тэхналогій - заўв. рэд.) і з'яўляецца акцыянерам мясцовага інтэрнэт-правайдэру "Атлант-тэлекам".

Франсіс Дэлей (справа), кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі

Кіраўніцтва Банку адзначыла, што ў межах дзейнай краінавай стратэгіі супрацоўніцтва ЕБРР мае дастаткова магчымасцей для кааперацыі з беларускім прыватным сектарам. Бліжэйшым часам, па словах Чакрабарці, ЕБРР будзе пільна сачыць за любымі працэсамі рэфармавання беларускага банкаўскага сектару, каб зразумець, ці можна накіраваць незадзейнічаныя рэсурсы. Пры гэтым кіраўнік ЕБРР адзначыў, што актыўны ўдзел і ўзаемадзеянне з дзяржсектарам магчымыя з ўмовай глыбейшага рэфармавання і намаганняў з боку беларускай дзяржавы. Па прызнанні Чакрабарці, у Банку няма фіксаванай сумы запланаваных інвестыцый для Беларусі, і дастаткова прасторы для манеўру: зараз ЕБРР чакае на большыя эканамічныя пераўтварэнні, у адказ на якія каманда Банку ў Мінску (па словах, Чакрабарці, адна з мацнейшых у ЕБРР) - гатовая працаваць і "зрабіць усё, на што здольныя". На прэс-канферэнцыі ў Мінску, дэманструючы грунтоўны падыход, кіраўнік ЕБРР таксама паведаміў, што яшчэ ў 2010-м годзе кіроўны дырэктар ЕБРР па краінах Усходняй Еўропы і Каўказе Франсіс Маліж рабіў комплексныя ацэнкі шэрагу банкаў у рэгіёне.

Франсіс Маліж, кіроўны дырэктар Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця ў краінах Усходняй Еўропы і Каўказа

Усебаковае вывучэнне сітуацыі ў Беларусі з боку ЕБРР гэтым часам характарызуецца ўлікам усіх чыннікаў і рызыкаў - геаграфічных, палітычных, эканамічных, сацыяльных і інш. У межах свайго першага візіту ў Беларусь кіраўніцтва Банку зрабіла высновы аб сітуацыі "на месцы" з улікам усіх меркаванняў: праз сустрэчы з уладамі, прадстаўнікамі прыватнага сектару, грамадзянскай супольнасці - у Лондане, дзе знаходзіцца штаб-кватэра ЕБРР, і ў Мінску.

Сустрэча кіраўніка Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця Сума Чакрабарці з прадстаўнікамі грамадзянскіх супольнасцей і прыватнага сектару

Таксама, адбыўся і "дыпламатычны сняданак" з замежнымі амбасадарамі ў Беларусі, аб чым паведаміў брытанскі Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл у сваім "твітары":

На абмеркаванне новай краінавай стратэгіі ЕБРР для Беларусі, па словах кіраўніка Банку Сумы Чакрабарці, будзе мець вялікі ўплыў погляд беларускага прэзідэнта і ўраду на бягучыя эканамічныя працэсы, а таксама шляхі рэфармавання. Да красавіка 2016 года кіраўніцтва ЕБРР мае вызначыць тэхнічныя пытанні магчымасцей комплекснага супрацоўніцтва з Беларуссю, а ужо праз 9-12 месяцаў акцыянеры Банку змогуць вызначыць - з улікам усіх чыннікаў, - ці можна змяніць падыход да новай краінавай стратэгіі ў адносінах да Беларусі. 

ОДБ