Воркшоп для блогераў у Берліне

З 16-га па 22-га лістапада ў Берліне ладзіцца адмысловы воркшоп для блогераў "Shift. Shape. Mobilize".

Запрашаюцца актыўныя блогеры і актывісты, якія імкнуцца змяніць ход думак, сфармаваць сацыяльныя змяненні, мабілізаваць людзей. Вітаюцца кандыдаты з Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Расейскай Федэрацыі, зацікаўленыя ў анлайн-бяспецы і верыфікацыі дадзеных, набыцці навыкаў вядзення "жывых" блогаў, у выкарыстанні сацыяльных медыя і адкрытых дадзеных.

Воркшоп ладзяць нямецкая Федэральная Агенцыя па грамадскай адукацыі, распрацоўшчык адкрытага праграмнага забеспячэння для новых медыя "Sourcefabric" і некамерцыйная асацыяцыя "n-ost".

Арганізатары падкрэсліваюць сацыяльна-палітычную значнасць  блогаў у краінах з пераходнай эканомікай і зацікаўлены ў падтрымцы і пашырэнні магчымасцяў блогераў Усходняй Еўропы, якія ёсць альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі для грамадства.

Удзельнікі воркшопу сустрэнуцца з прадстаўнікамі берлінскіх супольнасцяў журналістаў, блогераў, актывістаў, праграмістаў.

Патрабаванні да кандыдатаў:

- актыўнае блогерства ў сацыяльна-палітычным кірунку (на сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя, экалагічныя тэмы) з выкарыстаннем творчых падыходаў (фатаграфіяў, коміксаў, музыкі, арт-кампаніяў і г.д.),

- выдатнае валоданне ангельскай мовай (працоўная мова воркшопу).

Адбор кандыдатаў будзе ажыццяўляцца з улікам гендэрнага і геаграфічнага балансу.

Арганізатары пакрываюць усе выдаткі, звязаныя з удзелам у воркшопе (кошты візы, падарожжа ў Берлін (у абодва бакі), пражывання, харчавання і г.д.).

Блогеры мусяць мець уласныя ноўтбук, фотакамеру, мікрафон.

Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 22:59 (па мінскім часе) 27 верасня 2015 года. Каб падаць заяўку, запоўніце анлайн-форму. Падчас падачы заяўкі Вы мусіце напісаць пост ў сваім блогу, у якім трэба распавесці:

  • Якая нядаўняя пазітыўная кампанія/акцыя Вас натхніла?
  • Што Вас трымае на шляху актывізму супраць выклікаў, якія стаяць перад Вашай краінай?
  • Як актывісты выклікаюць змены ў грамадстве праз сацыяльныя медыя?

Пост у блогу можа ўключаць малюнкі, відэа, спасылкі ў тэксце (памер тэксту мусіць быць 4-8 тыс. знакаў). Па дадатковых пытаннях неабходна звяртацца на е-мэйл: blogger-workshop@n-ost.org.

 

Паводле N-ost.org.