У Віцебску прайшла дыскусія, прысвечаная збору і перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў

У Віцебску прайшла дыскусія "Збор і перапрацоўка адкідаў, альбо адказнае спажыванне: Reuse, Reduce, Recycle, Repeat - сучасныя тэндэнцыі ў Беларусі і сусветныя трэнды", якую зладзіў ОДБ Брусель сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў (Мінск). Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі праблемы збору, абарачэння і ўтылізацыі другасных матэрыялаў у Беларусі, а таксама пазнаёміліся з сусветнымі практыкамі ў гэтай сферы.

У прыватнасці, удзельнікі дыскусіі звярнулі ўвагу на тое, што ў Беларусі не ажыццяўляецца збор у насельніцтва адкідаў лекавых сродкаў, а таксама абмеркавалі пытанні паляпшэння якасці сарціроўкі смецця насельніцтвам і ўстановамі ды збору якасных другасных матэрыяльных рэсурсаў (пластыку, шкла  і г.д.) для далейшай пераапрацоўкі.

Дар'я Чумакова (справа) - намесніца дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск)

 

Эксперты зазначылі, што вытворцы мусяць звяртаць увагу не толькі на дызайн упакоўкі тавараў, але і на яе прыдатнасць для далейшай пераапрацоўкі. Так, намесніца дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар'я Чумакова адзначыла, што спалучэнне ПВХ-плёнкі з пластыкам робіць немагчымым пераапрацоўку.

Вольга Волкава, эксперт у галіне абарачэння з адкідамі (Беларусь)

 

Удзельнікі дыскусіі абмеркавалі шляхі стымулявання збору другасных рэсурсаў у насельніцтва, пазнаёміліся з дэпазітнай сістэмай, якая дазваляе вярнуць заклад, уключаны ў кошт тавара ва ўпакоўцы, калі пакупнікі здаюць яе ў адмысловыя пункты збору ("фандаматы"). Зараз увядзенне ў Беларусі дэпазітнай сістэмы абмяркоўваецца на ўзроўні ўрада.

Таксама госці сустрэчы звярнулі ўвагу на практычныя праблемы збору адкідаў і патрабаванні да сучасных кантэйнераў.

 

 

Сярод пытанняў дыскусіі прагучалі і тыя, што датычацца эканамічнага боку: узроўню тарыфаў на другасную сыравіну, дзяржаўных замоў і планавання збору ў Беларусі. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з досведам іншых краін - практыкай працы прыватных і дзяржаўных кампаній на гэтым рынку.

У мерапрыемстве удзельнічалі прадстаўнікі жыллёва-камунальных служб Віцебска, навучальных устаноў і мясцовых недзяржаўных арганізацый.

Глядзець фотарэпартаж па гэтай спасылцы.