У Беларусь і Еўропу - без візы! Кампанія ў сацыяльных сетках

Падчас саміту Ўсходняга партнёрства ў Рызе (Латвія) грамадская кампанія "У Беларусь і Еўропу - Без візы!" ладзіць акцыю ў сацыяльных сетках па падтрымцы падпісання паміж Беларуссю і Еўразвязам пагаднення па спрашчэнні візавага рэжыму.

Дадзенае пагадненне дазволіць беларусам: плаціць консульскі збор у памеры 35 еўра замест 60 еўра, атрымліваць візы па спрошчанай працэдуры і больш шматразовых віз, атрымліваць бясплатныя візы ў большым ліку выпадкаў.

Падтрымаць акцыю кампаніі "У Беларусь і Еўропу - Без візы!" можна шляхам змены аватара ў сацыяльных сетках на спецыяльны малюнак з наступным суправаджальным тэкстам: "21-22 траўня ў Рызе праходзіць саміт краін Усходняга партнёрства, у якім прымае ўдзел Беларусь. Ёсць усе перадумовы, каб ужо на саміце было падпісана пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ, якое прадугледжвае зніжэнне кошту шэнгенскай візы да 35 еўра, пашырэнне катэгорый людзей, для якіх візы будуць бясплатнымі, і іншыя паляпшэнні. Беларусы даўно заслужылі вандраваць па Еўропе танней і прасцей! Таму я далучаюся да акцыі ў падтрымку таго, каб беларускі і еўрапейскі бок падпісалі пагадненне як мага хутчэй! Стаў таксама спецыяльную выяву на аватар і далучайся да акцыі!"

Кампанія "У Беларусь і Еўропу - Без візы!" - грамадскі рух, створаны ў 2011 годзе з мэтаю прасоўвання ідэі адмены візаў паміж Беларуссю і іншымі еўрапейскімі краінамі. Больш падрабязную інфармацыю пра дзейнасць кампаніі можна знайсці тут.

Паводле NoVisa.by.