Тыдзень устойлівага развіцця 2015

На працягу месяца (24.04 - 25.05.2015) у Беларусі пройдзе Тыдзень устойлівага развіцця 2015. Абвешчаны конкурс для арганізацый, якія жадаюць зладзіць свае мерапрыемствы ў межах гэтай падзеі.

Тыдзень устойлівага развіцця завершыць міжнародная канферэнцыя, якая адбудзецца 21-22 траўня 2015 года ў Мінскім адукацыйным цэнтры імя І. Рау (IBB).

 

Тэмы Тыдню:

  • зялёная эканоміка,
  • эфектыўныя стратэгіі ўстойлівага развіцця,
  • адукацыя ў сферы ўстойлівага развіцця,
  • устойлівае спажыванне і рэгіянальны рынак,
  • прафесійная і грамадская дзейнасць у сферы ўстойлівага развіцця.

Перавага ў конкурсе будзе надавацца мерапрыемствам рэгіянальнага і нацыянальнага ўзроўню, якія дэманструюць магчымасці кааперацыі мясцовых ініцыятыў і намаганняў мясцовых органаў улады, спрэзентаваць дасягненні ў сферы ўстойлівага развіцця, засяродзіць увагу грамадскасці на значных праблемах развіцця тэрыторый, даць новыя магчымасці для абмену досведам, стварыць умовы для ўдзелу грамадзян.

 

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца арганізацыі, установы, бізнэс, мясцовыя ініцыятывы і грамадзяне, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі руху за ўстойлівае развіццё, працуюць у рэгіёнах, гарадах, вёсках ці супольнасцях. Падрабязнае апісанне ўмоў конкурсу і форма заяўкі размешчаны тут.

 

Тыдзень устойлівага развіцця 2015 ладзяць IBB, Праграма падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Германіі, Праграма развіцця ААН у Беларусі, Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі, Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Беларусі. Мерапрыемства арганізавана пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Да супрацоўніцтва ў межах Тыдню запрашаюцца грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі, рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады, бізнэс-структуры і аб'яднанні, міжнародныя арганізацыі і дыпламатычныя місіі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Паводле IBB.by.