Трэнінг для лідараў грамадкіх арганізацый

Лідары грамадскіх арганізацый запрашаюцца да ўдзелу ў адмысловым "Трэнінгу для трэнераў" (Training of Trainers (ToT). Вітаюцца кандыдаты, якія жадаюць палепшыць дыялог паміж грамадзянскай супольнасцю і ўладамі і зрабіць грамадскія арганізацыі больш эфектыўнымі ў працэсе рэформаў. Праграма навучання дае магчымасць набыць новыя навыкі і веды, пазнаёміцца з замежнымі калегамі і павысіць асабісты прафесійны ўзровень. Праграма рэалізуецца ў межах праекта для краін Усходняга Партнёрства "Грамадзянская супольнасць. Дыялог для прагрэсу". У "Трэнінгу для трэнераў" могуць удзельнічаць кандыдаты з Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Заняткі будуць праходзіць у перыяд з сакавіка па верасень 2015 года і складацца з чатырох 1-тыднёвых курсаў. Тэмы заняткаў: арганізацыйнае развіццё (стратэгічнае планаванне, фандрайзінг, праектны мэнэджмент, ацэнка арганізацыйнага патэнцыялу і г.д.), удзел грамадскіх арганізацыяў у палітычным дыялогу (інструменты грамадскага кантролю, маніторынгу, удзел грамадскай супольнасці ў прыняцці палітычных рашэнняў, медыя і грамадскія арганізацыі), узмацненне ўплыву грамадскіх арганізацыяў на палітычныя працэсы і рэформы (спосабы эфектыўнага ўдзелу ў палітычным дыялогу на нацыянальным і мясцовым узроўні, медыяцыя і г.д.), абмен досведам і знаёмства са стратэгіямі Еўразвязу па падрымцы грамадскіх арганізацыяў у справе палітычнага дыялогу з уладамі.

Працоўная мова трэнінгу - ангельская. Па заканчэнні курсу ўдзельнікі атрымаюць адмысловыя сертыфікаты. Арганізатары пакрываюць усе выдаткі, звязаныя з трэнінгам.

Для ўдзелу неабходна да 30 студзеня 2015 года даслаць заяўку на ангельскай мове і матывацыйны ліст (ня больш за 500 словаў) на е-мэйл: office@csdialogue.eu. Дадатковая інфармацыя пра праграму размешчана тут.

 

Паводле EaP-CSF.eu.