Стажыроўка ў інавацыйным і прадпрымальніцкім сектары ЗША

Амбасада ЗША ў Беларусі прапануе маладым спецыялістам павысіць прафесійны ўзровень і прайсці вясной 2016 года стажыроўку ў амерыканскіх арганізацыях, звязаных з развіццём інавацыяў і прадпрымальніцтва. Удзельнікі праграмы "Professional Fellows" пазнаёмяцца са штодзённай шматбаковай дзейнасцю арганізацыяў у Злучаных Штатах, механізмамі працы і змогуць пераняць прафесійны досвед.

Праграма абменаў "Professional Fellows" дае магчымасць зваротнага візіту амерыканскіх спецыялістаў у Беларусь для рэалізацыі кароткатэрміновых сумесных праектаў.

Праграма прызначана для спецыялістаў, якія працуюць у справе падтрымкі інавацыяў і/альбо прадпрымальніцтва (у тым ліку сацыяльнага прадпрымальніцтва).

Мэты праграмы "Professional Fellows":

  • прафесійнае развіццё ўдзельнікаў рынку фарміравання інавацыйнай экасістэмы Беларусі,
  • стварэнне партнёрскіх сувязей паміж амерыканскай і беларускімі інавацыйнымі супольнасцямі,
  • абмен прафесійным досведам і лепшымі практыкамі,
  • знаёмства з амерыканскай культурай.

Праграма цалкам фінансуецца ўрадам Злучаных Штатаў.

Патрабаванні да кандыдатаў:

- беларускае грамадзянства,

- пражыванне на тэрыторыі Беларусі,

- узрост 25-35 гадоў,

- валоданне ангельскай мовай (для зносін на працы і ў сям'і),

- праца ў сферы падтрымкі інавацыяў і/альбо прадпрымальніцтва (у некамерцыйных арганізацыях, адміністрацыях, вышэйшых навучальных установах, бізнэс-інкубатарах, тэхнапарку, інстытутах развіцця, прыватных кампаніях і г.д.),

- здольнасць выкарыстаць атрыманы досвед у дзейнасці па развіцці інавацыяў і/альбо прадпрымальніцтва ў Беларусі.

Кандыдатам неаобходна да 12 лістапада 2015 года запоўніць анкету на гэтай старонцы.

Сумоўе з абранымі кандыдатамі ладзіцца ў снежні 2015 года. Па дадатковых пытаннях, калі ласка, звяртайцеся да каардынатара праграмы Вольгі Івановай праз е-мэйл: olga.ivanova.ba2014@gmail.com.

 

Крыніца: Belarusian.Minsk.USembassy.gov.