Семінар-кансультацыя па рэгістрацыі некамерцыйных арганізацыяў (Магілёў)

Цэнтр прававой трансфармацыі "Lawtrend" і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў 18 кастрычніка 2014 года ладзяць у Магілёве семінар-кансультацыю "Стварэньне і рэгістрацыя некамэрцыйных арганізацыяў".

Удзельнікі сэмінару разгледзяць асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў, іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Адмысловая ўвага будзе нададзеная тым зьменам, якія адбыліся ў парадку стварэньня грамадзкіх аб’яднаньняў праз уступленьне ў сілу ў лютым 2014 году паправак да закону "Аб грамадзкіх аб’яднаньнях", а таксама зьмяненьням у прававым рэгуляваньні ўзгадненьня назваў некамерцыйных арганізацыяў.

Падчас семінару арганізатары прэзентуюць інфармацыю адносна парадку ды практыкі рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама правядуць індывідуальныя кансультацыі па падрыхтоўцы рэгістрацыйных дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым атрымаць кансультацыі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў і па іншых прававых пытаньнях.

Да ўдзелу ў семінары запрашаюцца прадстаўнікі ініцыятыўных суполак з Магілёва і Магілёўскай вобласьці, якія маюць намер распачаць працу па рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня альбо іншай некамэрцыйнай арганізацыі.

Апошні тэрмін падачы анлайн-заявак на ўдзел у семінары-кансультацыі - 15 кастрычніка 2014 года.

Паводле Lawtrend.org.