Распачаты прыём заявак на літаратурную прэмію Гедройца (Беларусь)

Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Амбасада Польшчы ў Беларусі і Польскі Інстытут у Мінску абвяшчаюць старт прыёму заявак на прысуджэнне літаратурнай прэміі Гедройца.

Па выніках конкурсу журы вызначыць 3-х лепшых сучасных беларускіх празаікаў.

Галоўная ўзнагарода - 10 тыс. еўра. Другі пераможца атрымае творчую стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў у Вісбю (Швецыя). За трэцяе месца па выніках конкурсу прызначаецца творчая стыпендыя ў Вентспілсе (Латвія).

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна да 31 студзеня 2016 года даслаць кнігу праз афіцыйны сайт альбо на паштовы адрас: п/с 218, Мінск, 220050, Беларусь. Даслаць заяўку можна таксама на е-мэйл: info@pen-centre.by.

Заяўка мусіць уключаць:

  • інфармацыю пра намінатара, што вылучае твор (кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы);
  • сціслую творчую біяграфію аўтара (альбо ўсіх суаўтараў, калі твор напісаны ў суаўтарстве);
  • анатацыю кнігі;
  • урывак (памерам да 10 тысячаў сімвалаў), які будзе размешчаны на сайце прэміі;
  • адрасы крамаў, дзе можна набыць кнігу, ці спасылкі, па якіх яе можна спампаваць у электронным варыянце.

Да заяўкі неабходна далучыць 7 асобнікаў твора ў папяровым і 1 асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 7 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.

Дэдлайн - 31 студзеня 2016 года.

Паводле Lit-Bel.org.