Прэмія "Кніга года": Набор журы (Беларусь)

 

 

Беларускі ПЭН-цэнтр абвяшчае аб наборы журы конкурсу на прэмію "Кніга года". Дадзеную прэмію ўручаюць самі пісьменнікі за "найлепшую кнігу, напісаную беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы".

Сёлетняя прэмія прысуджаецца за найлепшую кнігу, выдадзеную ў 2015 годзе. На выбар кнігі-пераможцы можа паўплываць кожны сябар журы, а па сутнасці - любы беларускі літаратар.

У журы можа ўвайсці любы пісьменнік, які цягам апошніх 7-мі гадоў выдаў хаця б адну мастацкую або "нон-фікшн" кнігу. Прэміяй будзе адзначана кніга незалежна ад яе жанру. Пераможца конкурсу вызначыцца арытмэтычным чынам: будуць складзеныя адзнакі літаратараў, якія ўвойдуць у склад журы.

Уручэнне прэміі адбудзецца ў красавіку 2016 года на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра.

Для таго, каб увайсці ў склад журы, неабходна да 31 студзеня 2016 года запоўніць адпаведную форму на сайце kniha.by. Да заяўкі мусяць быць далучаныя выходныя дадзеныя кніг, апублікаваных за апошнія 7 гадоў. Больш падрабязную інфармацыю пра прэмію можна знайсці тут.

Па арганізацыйных пытаннях можна ліставаць на электронны адрас: info@pen-centre.by, звяртацца ў Беларускі ПЭН-цэнтр прыватна альбо па тэл: (017) 284 88 34.

 

Паводле Lit-Bel.org.