Прэмія Цёткі для дзіцячых пісьменнікаў і ілюстратараў

Беларускі ПЭН-цэнтр і дабрачынны фонд "Вяртанне" абвяшчаюць новую літаратурную прэмію - Прэмію Цёткі. Прэмія будзе ўпершыню ўручаная ўвесну 2016 года. На конкурс прымаюцца кнігі на беларускай мове, што выйшлі ў свет у 2015 годзе.

Прэмія Цёткі прысуджаецца ў 2-х намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў (незалежна ад роду літаратуры - проза, паэзія, драматургія - аўтару арыгінальнай беларускай кнігі) і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару кнігі). Кожны пераможца атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2 тыс.$ паводле курсу Нацыянальнага банка Беларусі.

Заяўляць кнігі на конкурс могуць:

- выдавецтвы,

- аргкамітэт прэміі,

- члены журы,

- сам аўтар або мастак

- любы зацікаўлены чытач.

Дэдлайн - 31 студзеня 2016 года. Каб падаць кнігу на конкурс, трэба запоўніць форму на гэтай старонцы.

У 2016 годзе - годзе першага ўручэння Прэміі Цёткі - беларусы будуць ушаноўваць 140-годдзе з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, а таксама 110 гадоў з выхаду "Першага чытання для дзетак беларусаў".

 

Паводле Generation.by.