CHOICE: Праект па развіцці культурнай спадчыны

Асацыяцыя агенцый мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь” (Лiтва) абвяшчае пачатак партнёрскай праграмы “CHOICE” і заклікае ўсіх зацікаўленых да ўдзелу.

Беларуская частка праекту, “CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць”, грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекту маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.

На практыцы гэтыя мэты будуць дасягнутыя праз:
-    падтрымку недзяржаўных культурніцкіх арганізацый і прафесійных супольнасцяў у рэалізацыі інавацыйных праектаў па ахове і актуальнай інтэрпрэтацыі нацыянальнай культурнай спадчыны;
-    павышэнне прафесійных кампетэнцый, арганізацыйнага патэнцыялу і ўзмаценнне ролі грамадскіх арганізацый у фармаванні мясцовага і нацыянальнага культурніцкага асяроддзя і культурнай палітыкі ў краіне.

У праграму праекта ўвойдзе:
-    кансультацыйная падтрымка па арганізацыйным развіцці для заяўнікоў і ўдзельнікаў праекта;
-    тэматычныя дыскусійныя мерапрыемствы і семінары;
-    праграма малых грантаў для праектаў па актуалізацыі культурнай спадчыны;
-    падрыхтоўка аналітычных матэрыялаў (policy paper).

Да ўдзелу запрашаюцца:
1) недзяржаўныя арганізацыі мясцовага і/або нацыянальнага ўзроўню, якія працуюць у сферы мясцовага развіцця, аховы і аднаўлення культурнай спадчыны і культурных ландшафтаў;
2) арганізацыі, групы і супольнасці прафесіяналаў і інтэлектуалаў, дзеячы культуры, заклапочаныя тым, як захаваць культурныя ландшафты і іх разнастайнасць, і забяспечыць устойлівае выкарыстанне рэсурсу культурнай спадчыны для развіцця гарадоў і паселішчаў. 

Адбор удзельнікаў будзе праходзіць у два асноўныя этапы

На першым этапе арганізацыям і ініцыятывам, якія жадаюць удзельнічаць у праекце, неабходна падрыхтаваць і даслаць на электронную скрынку eurobelkultura@gmail.com наступныя дакументы :
-    творчую канцэпцыю культурніцкага праекта, у аснове якога – інтэрпрэтацыя, актуалізацыя, рэвіталізацыя матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
-    папярэдні план свайго арганізацыйнага развіцця.
Форма анкеты і інструкцыя па падрыхтоўцы заяўкі будуць размешчаныя на сайце eurobelarus.info.    
 

Дэдлайн падачы канцэпцый і планаў: 31 кастрычніка 2015.

Дыяпазон  тэматычных накірункаў і фарматаў праектаў можа ўключаць:
- складанне мапаў  аб'ектаў культуры, маршрутаў культурнай спадчыны;
- мабільныя дадаткі для папулярызацыі канкрэтнай культурнай спадчыны;
- прасоўванне сучасных метадаў і тэхналогій аднаўлення культурных ландшафтаў;
- мабілізацыя мясцовых супольнасцяў для прыняцця ўдзелу ў мясцовым планаванні, уплыву на рэалізацыю культурнай палітыкі і яе адсочванне;
- а таксама іншыя інавацыйныя праекты, свежыя творчыя ідэі і амбітныя ініцыятывы, заснаваныя на памкенні аўтараў да прафесійнага росту і ўплыву на культурніцкія працэсы лакальнага i нацыянальнага ўзроўню.

На другім этапе адбору, да 20 студзеня 2016 года, арганізацыі з ліку адабраных ўдзельнікаў пры дапамозе кансультантаў і трэнераў будуць распрацоўваць і прадстаўляць прапановы па праекце з падрабязным бюджэтам, а таксама дапрацоўваць заяўленыя планы свайго арганізацыйнага развіцця.

Адабраныя ўдзельнікі атрымаюць таксама магчымасць прыняць удзел у прафесійных семінарах і міні-стажыроўках у профільных арганізацыях у Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі, а таксама рэалізаваць сумесныя праекты з партнёрамі з гэтых краін.

Атрымаць больш поўную інфармацыю аб праекце, яго магчымасцях  і ўмовах удзелу можна будзе ад саміх каардынатараў на  афiцыйнай  прэзентацыі “CHOICE-Беларусь: Спадчына і сучаснасць”, якая адбудзецца 22 верасня ў культурнай прасторы “ЦЭХ” а 19:00. Уваход вольны.

***
Прэзентацыя праекта “CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць”
Дата:
22 верасня 2015 года.

Месца:
ЦЭХ: вул. Кастрычніцкая, 16, 2-гі паверх.
19:00.